Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фатограф Антон Матолька зьвяртаецца ў міністэрствы ў абарону бел-чырвона-белага сьцяга і «Пагоні»


Антон Матолька ініцыяваў збор подпісаў пад пэтыцыяй, якая заклікае беларускіх чыноўнікаў спыніць перасьлед за бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоню» і спрыяць іх папулярызацыі.

За няпоўныя суткі пад пэтыцыяй паставілі подпісы звыш 300 чалавек.

«Пэтыцыя выкліканая абурэньнем, — тлумачыць Антон Матолька. — За апошні час занадта шмат навінаў, зь якіх відаць незразумелае стаўленьне да нацыянальнай сымболікі з боку дзяржаўных органаў. А так, канечне, мы бачым такое стаўленьне на працягу шматлікіх гадоў».

Аўтар пэтыцыі зазначае, што закон не абмяжоўвае выкарыстаньне бел-чырвона-белага сьцяга і гербу «Пагоня».

Антон Матолька
Антон Матолька

«Але зь якой прычыны ідзе перасьлед людзей, якія паважаюць і любяць сваю гісторыю і сваімі нацыянальнымі сымбалямі лічаць «Пагоню» і бел-чырвона-белы сьцяг, не прымяншаючы пры гэтым значэньне дзяржаўнай сымболікі, усталяванай Законам „Аб дзяржаўных сымбалях Рэспублікі Беларусь“ і не зьневажаючы яе?» — гаворыцца ў тэксьце пэтыцыі.

Аўтары зьвяртаюцца да Міністэрства ўнутраных спраў з просьбай правесьці тэматычную тлумачальную працу сярод сваіх супрацоўнікаў.

Міністэрства гандлю просяць забясьпечыць наяўнасьць як дзяржаўнай, так і гістарычнай сымболікі ў гандлёвых аб’ектах. А Міністэрства культуры — афіцыйна замацаваць за бел-чырвона-белым сьцягам статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Герб «Пагоня» такі статус ужо мае.

Міністэрства адукацыі, на думку аўтараў, павінна перагледзець праграму па гісторыі Беларусі і аддаць вывучэньню гісторыі нацыянальных сымбаляў больш часу. Таксама просяць спыніць перасьлед, ціск і прыніжэньне вучняў за выкарыстаньне адзеньня з элемэнтамі нацыянальнай сымболікі.

«У гэтай пэтыцыі я прывёў прыклад таго, як пра гісторыю сымбаляў вучаць у школе, — кажа Антон Матолька. — Што яе выкарыстоўвалі падчас вайны калябарацыяністы. Усё! Нават дзяцей вучаць не зусім карэктна».

«Гісторыю трэба прапагандаваць не з 1941 году. Было б здорава, каб ролік, які зрабілі „Будзьма беларусамі“ і Юля Ляшкевіч, круцілі ў мэтро. Я б і да кіраўніцтва мэтрапалітэну зрабіў адпаведную пэтыцыю», — працягвае Антон.

Колькі людзей падпішацца пад пэтыцыяй, прагназаваць пакуль цяжка.

Нават збор подпісаў онлайн выявіўся для беларусаў занадта складанай задачай.

«300 подпісаў — гэта ўжо добра, — кажа Антон Матолька. — Нават збор подпісаў онлайн выявіўся для беларусаў занадта складанай задачай. Калі будзе тысяча плюс — гэта будзе здорава. Будзе сто тысяч плюс — яшчэ лепш. Чым больш подпісаў, тым большую вагу будзе мець пэтыцыя».

Нядаўна адбыліся як мінімум два гучныя выпадкі перасьледу грамадзянаў Беларусі за выкарыстаньне бел-чырвона-белых сьцягоў і гербу «Пагоня».

Увечары 12 кастрычніка на «Барысаў-Арэне» былі затрыманыя пяцёра сяброў нефармальнага беларускамоўнага клюбу «Б-12». Паводле інфармацыі «Б-12», затрыманым інкрымінуецца непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. Сапраўднай прычынай затрыманьня, як паведамляе клюб, сталі шалікі з гербам «Пагоня». На знак пратэсту астатнія фанаты, якіх было некалькі дзясяткаў, у перапынку пакінулі трыбуну і накіраваліся ў РАУС усьлед за затрыманымі. Тром затрыманым прысудзілі штрафы ў 1 мільён 800 тысяч рублёў.

Пры канцы мінулага тыдня па сеціве разышоўся фатаздымак навучэнцаў Брэсцкай абласной кадэцкай вучэльні ў майках з сымбалем «Пагоня». Пасьля гэтага зьявілася інфармацыя, што адзін з кадэтаў адлічаны з вучэльні. Адміністрацыя вучэльні дагэтуль адмаўляецца ад камэнтароў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG