На Магілёўшчыне, паводле папярэдніх афіцыйных зьвестак, за Аляксандра Лукашэнку прагаласавала больш, чым у іншых абласьцях краіны, — 88,29% выбарцаў. Тым часам незалежныя назіральнікі лічаць: выбары не былі ні сумленнымі, ні справядлівымі. Яны кажуць, што ім не далі бачыць падлік галасоў. Акрамя таго, назіральнікі ўгледзелі ў працы камісіяў прыпіскі. Свабода пацікавілася, чым запомняцца сёлетнія прэзыдэнцкія выбары назіральнікам ды актыўным зьбіральнікам подпісаў.
Пэнсіянэрка з Магілёва Раіса Катлярова назірала за ходам галасаваньня ўсе шэсьць дзён. Як яна кажа, разам з напарнікам бесьперапынна вяла падлік тых, хто прагаласаваў. Па сканчэньні першага дня датэрміновага галасаваньня разыходжаньне паміж лічбамі назіральнікаў і ўчастковай камісіі было амаль у тры разы.
«За дзень прагаласавала толькі 39 чалавек. А калі вывесілі пратакол камісіі і там было пазначана 115, дык для мяне гэта стала шокам. Ніхто з назіральнікаў больш ня вёў падлікаў. Пасядзяць, паразгадваюць крыжаванкі і пойдуць», — успамінае назіральніца.
«На ноч у памяшканьні, дзе праходзіла галасаваньне, застаўся міліцыянт, — працягвае суразмоўніца. — На мае словы, што гэта супярэчыць Выбарчаму кодэксу, мне адказалі: «Гэта ж міліцыя, яна тут у нас усё ахоўвае».
Паводле назіральніцы, выклікалі сумнеў і агучаныя камісіяй зьвесткі пра тых, хто пажадаў галасаваць дома. Такіх, кажа яна, было больш за дзьвесьце пяцьдзесят чалавек зь дзьвюх тысяч трыццаці дзевяці зарэгістраваных выбарцаў на ўчастку. Нягледзячы на заўвагі да працы ўчастковай камісіі, стаўленьне да назіральніцы, як яна адзначае, было цярпімае. Сытуацыя зьмянілася, калі надышоў час падліку галасоў. Назіральніцы не дазволілі падысьці да стала і прыгразілі выдаленьнем.
На пытаньне, ці не шкадуе суразмоўніца, што запісалася ў незалежныя назіральнікі, прызнаецца, што шкадуе:
«Мне амаль 72 гады. Я шмат выбараў прайшла, але ў ніводныя ня бачыла таго, што гэтым разам. Мяне дужа прасілі: „Раіса Мікалаеўна, ну няма каму. Дапамажыце“. Вось я пайшла. І цяпер усе мае перажываньні адаб’юцца на маім здароўі. І я ня ведаю, калі выйду з гэтага стрэсу».
Назіральніца з Крычава Надзея Іванова таксама на пэнсіі. Сабрала пад 800 подпісаў у падтрымку кандыдаткі на прэзыдэнцтва Тацяны Караткевіч. На ўчастку праседзела таксама ўсе шэсьць дзён галасаваньня.
«Няма чэснасьці і справядлівасьці. Людзей проста заганялі на выбары, — заяўляе назіральніца. — Я гаварыла з многімі знаёмцамі, дык яны казалі: «Во, не хацелі ісьці на выбары, але мусім, бо на працы будуць непрыемнасьці. Могуць не заключыць працоўны кантракт».
«Калі, напрыклад, узяць таго ж Гайдукевіча, ці Караткевіч, — разважае Надзея Іванова. — Датэрмінова прагаласавалі за адну 8, за другога 7. За Ўлаховіча — 3. Але ж гэта абсурд. Многім падабалася праграма той жа Караткевіч. Камісія мусіла паказаць бюлетэнь назіральнікам, сказаць, за каго, і пакласьці асобна. А так, калі падлік быў, я бачыла толькі, выбачайце, зад камісіі».
Ці не шкадуе жанчына, што зьбірала подпісы, а потым сядзела на ўчастку, каб у выніку пабачыць, як яна кажа, «зад камісіі»?
«Што шкадаваць? Трэба ўсё роўна адстойваць чэснасьць і справядлівасьць. Калі ня будзе незалежных назіральнікаў, то народ ня будзе ведаць, ці сумленныя выбары».
Аляксандар Балобін зьбіраў адзін у Клімавічах подпісы за прэтэндэнтку Тацяну Караткевіч. За яе падпісаў больш за сямсот жыхароў райцэнтру. Кажа: за вылучэнку на прэзыдэнцтва падпісвалася пераважна моладзь.
«Многія, хто падпісваўся тады, казалі: «Я падпішуся, але мой подпіс нічога ня зьменіць. Праз выбары ў Беларусі нічога ня зьменіш, — згадвае Аляксандар. — Я ж чакаў, што ў нашай краіне нешта мяняцца, аднак нічога не зьмянілася. На пяць год яшчэ застаецца кіраваць Лукашэнка».
«Я расчараваны тым, што адбылося, — дадае актывіст. — Кожныя выбары адно і тое ж — вынікі фальсыфікуюць. На гэтых выбарах дужа завышаная яўка. Кожны дзень я хадзіў на адзін з участкаў ды даведваўся, якія камісія піша лічбы. У суботу, напрыклад, было 25 працэнтаў, а на наступны дзень было 85 працэнтаў. 60 працэнтаў як зьявіліся? Настрою ніякага няма».
На многіх участках для галасаваньня сядзела нямала назіральнікаў ад прадзяржаўных грамадзкіх арганізацыяў і працоўных калектываў. Прэтэнзіяў да працы камісіяў у іх не было. Толькі камплімэнты. Некаторыя адзначалі: выбары праходзяць як сьвята:
«Сапраўды, прэтэнзіяў да камісіі ніякіх няма. Людзі ідуць на выбары сьвяточна прыбраныя, цэлымі сем’ямі зь дзецьмі. Гэта як прыклад выхаваньня: усёй сям’ёй на выбары. Як сьвята выбары праходзяць насамрэч», — выказвала свае ўражаньні назіральніца ад «Белай Русі».
«Прэтэнзіяў да камісіі ніякіх, — упэўнена заяўляла ў апошні дзень галасаваньня назіральніца ад працоўнага калектыву. — Камісія працуе зладжана. Не прымушае нікога галасаваць. Выбары праходзяць у межах Выбарчага кодэксу».
Каардынатар кампаніі назіраньня «Права выбару — 2015» па Магілёўскай вобласьці Алег Аксёнаў заяўляе: незалежныя назіральнікі падалі больш за сотню скаргаў на факты парушэньняў участковымі камісіямі выбарчага заканадаўства.
«Скаргі старшынямі ўчастковых камісіяў не прымаліся, і сёньня яны будуць перададзеныя ў тэрытарыяльныя камісіі, — кажа Алег Аксёнаў пра папярэднія вынікі назіраньня.
«Выдалена двое назіральнікаў у Бабруйску з участку толькі за тое, што яны запыталіся пра прамежкавыя вынікі галасаваньня. Старшыні камісіяў не давалі назіральнікам зьвестак пра колькасьць выбарцаў на ўчастках. Гэта была вялікая таямніца. Такое стаўленьне кіраўнікоў камісіяў — адказ спадарыні Ярмошынай на яе заяву пра празрыстыя выбары», — заяўляе абласны каардынатар кампаніі назіраньня «Права выбару — 2015» Алег Аксёнаў.