Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карныя органы апекі


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Аглядальнік Радыё Свабода Віталь Цыганкоў іранізуе з аматараў «паклапаціцца пра просты народ».

Як па мне, няма апазыцыі паняцьцяў «просты народ» і «прадзьвінуты народ». І разьмежаваньне, і аб'яднаньне людзей праходзіць паводле агульначалавечых каштоўнасьцяў.

Напрыклад, частку электарату цяперашняй улады незалежна ад узроўню адукацыі й даходаў аб'ядноўвае двурушніцтва. Як міжсобку, гэтак і з уладай.

«Пасьля ананімнага тэлефоннага званка шматдзетную сям'ю з Горадні пачалі правяраць адна за адной шматлікія камісіі». У гэтым невялікім сказе закадаваныя дзьве прынцыповыя чалавечыя характарыстыкі. Жаданьне ананімна кляўзьнічаць, і гатоўнасьць з боку службоўцаў рэагаваць на ананімшчыкаў.

Далей з матэрыялу высьвятляецца, што работнікі сацыяльнай абароны і органаў апекі за тры візыты зрабілі сям'і заўвагу з-за раскіданых цацак і размаляваных і падзёртых дзецьмі шпалераў.

У гісторыі шмат дэталяў, але па сутнасьці, на мой погляд, сям'ю тэрарызавалі найперш праз даверлівасьць і юрыдычную непадкаванасьць. Усе гэтыя камісіі можна было проста не пускаць на ганак, ды яшчэ прыгразіць, што выклічуць міліцыю, калі ня сыдуць. А тэрарызавалі, бо быў, бач ты, ананімны званок.

Унутраная кухня гэтых работнікаў (работніц) сацзабесьпячэньня і апекі мне асабіста мала цікавая. Як, хто й кім там маніпулюе і выціскае зь бягучай сытуацыі бонусы. Відавочна, што раскіданыя цацкі і размаляваныя шпалеры ў сям'і з малымі дзецьмі – гэта ня проста нармальна. Гэта проста добра – дзеці растуць свабоднымі.

І вось неўзабаве прыходзіць у інфармацыйную прастору іншая гісторыя. Пост у фэйсбуку ад Ivan Razumov сабраў ужо каля адзінаццаці тысяч лайкаў. Мяркую, людзі ўпадабалі ўчынак аўтара тэксту, дзе распавядаецца пра маленькую дзяўчынку, сустрэтую на ўзбочыне аўтатрасы ўдалечыні ад населеных пунктаў.

Мурзатая, з пашкоджанай рукой, яна бегла «па марожанае», у той час як бацькі (прыёмныя) у хаце валяліся п'яныя. Па спасылцы можна прачытаць усе акалічнасьці гісторыі, зь якой мне цікава ведаць, дзе былі тыя органы апекі і сацыяльнай абароны папярэднія гады? Бо драма дзяўчынкі была вядомая ўсім суседнім жыхарам.

Можна сказаць, што два прыведзеныя прыклады з жыцьця службоўцаў, якія могуць уплываць на дарослых праз дзяцей, – выключэньні.

Але вось прыклад, калі органы выкрадаюць у бацькоў дачку, бо тыя на дзесяць хвілінаў пакінула дзіцё пад нагляд бабулі. Ці вось гісторыя, дзе маці вінаватая, што дзіцё «гадуецца ў праваслаўных традыцыях». А тут – спроба забраць дзіцё ў маці-інваліда... Пагугліце, гісторыяў багата з усіх куткоў Беларусі, калі дзясяткі службоўцаў кінутыя на барацьбу з бацькамі, якія хочуць, могуць і як сьлед даглядаюць сваіх дзяцей. Здавалася б – вакол столькі сапраўды праблемных сем'яў, навошта гэтыя адыёзныя рэзанансныя гісторыі? Справа ў фальшу.

У фальшывым клопаце пра дзяцей. «Патрэбныя вынікі». Гэта як у савецкай міліцыі, дзе патруль рабіў засаду каля рэстарацый, каб хутчэй набраць «галачак» у справаздачу па затрыманых парушальнікаў парадку.

Фальш супраць чэснасьці. Клопат пра дзяцей супраць паляваньня за галачкамі. «Быць асобай» супраць «быць робатам», які «толькі выконвае загад».

Чалавечыя якасьці. Яны не залежаць ад колькасьці клясаў ці курсаў адукацыі. Яны не залежаць ад колькасьці лічбаў на банкаўскім рахунку.

Усё, вакол чаго цяпер у Беларусі круціцца грамадзкае жыцьцё, можна назваць Купалавай фразай, якая набыла новае гучаньне – «Ня быць скотам!».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG