Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Матолька: Падам у суд на БТ за крадзеж здымкаў паўночнага зьзяньня


Зьзяньне, фота Антона Матолькі.
Зьзяньне, фота Антона Матолькі.

Вядомы беларускі фатограф Антон Матолька абвінаваціў Белтэлерадыёкампанію ў крадзяжы ягоных здымкаў.

«Белтэлерадыёкампанія, а канкрэтна „Беларусь-1“, выкарыстала мае фатаграфіі, а таксама фатаграфіі іншых аўтараў, каб зрабіць на падставе гэтых здымкаў навіну пра паўночнае зьзяньне. Ні са мною, ні зь іншымі хлопцамі, наколькі я ведаю, ніхто зь Белтэлерадыёкампаніі ня зьвязваўся — ні для таго, каб папрасіць гэтыя фатаграфіі, ні для таго, каб прапанаваць апублікаваць іх за ганарар. То бок, яны проста ўзялі фатаграфіі, не пазначыўшы ні крыніцу, ні аўтараў.

Праўда, як мне кажуць, пасьля майго запісу ў Фэйсбуку ў другой палове дня ў навінах ужо пачалі зьяўляцца спасылкі на мой сайт, але са мною ніхто з БТ па гэтай тэме ня зьвязваўся. Цяпер я рыхтую ліст з прэтэнзіяй пра парушэньне аўтарскіх правоў, які будзе адпраўлены на Белтэлерадыёкампанію», — паведаміў Радыё Свабода Антон Матолька.

Зьзяньне, фота Антона Матолькі.
Зьзяньне, фота Антона Матолькі.

Фатограф адзначыў, што ў тым выпадку, калі Белтэлерадыёкампанія не адрэагуе адпаведным чынам на гэты ліст, ён гатовы падаць пазоў у суд.

Паводле слоў Матолькі, наагул з крадзяжом сваіх фатаздымкаў ён сутыкаецца ня першы раз:

«Вядома, Беларусь — ня вельмі прававая дзяржава. У нас скрасьці звычайна прасьцей, чым нават проста спытаць дазволу. Таму так, кралі, і ня раз».

Матолька адзначае, што ён неаднаразова публічна прасіў ня красьці фатаграфіі, а пры неабходнасьці зьвязвацца зь ім асабіста, каб папрасіць выкарыстаць здымкі на тых ці іншых умовах.

Антон Матолька
Антон Матолька

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG