Такі беларускі сказ: Папрасі яго забраць рэчы – і ягоныя, і братавыя. Усё зразумела. Але ў паслоўным перакладзе на расейскую яснасьць затуманьваецца:
«Попроси его забрать вещи – и его, и брата».
Прыналежнаму займеньніку (чый?) ягоны адпаведніка ў расейскай мове няма. У клясычнай беларускай моўнай традыцыі прыналежныя займеньнікі ўтвараюць цэласную сыстэму. Акрамя звычайных для кожнае мовы
я, ты – мой, твой
мы, вы – наш, ваш,
ёсьць
ён – ягоны
яна – ейны
яны – іхны (з варыянтам іхні)
усе – усіхны
(можна яшчэ нагадаць і пра ветлівае Вашаць – Вашэцеў, Вашэцін).
Звычайна, калі аналягічных словаў у расейскай няма ці не засталося, то беларускія слоўнікі і граматыкі савецкай традыцыі іх або не падаюць зусім, або стылёва абмяжоўваюць.
Вось і шасьцітамовы Тлумачальны слоўнік запісвае прыналежныя займеньнікі 3-й асобы ў «размоўныя». Але прыклады падае паэтычныя або нэўтральныя, прычым ад аўтарытэтных творцаў.
Ейны. Размоўнае. Тое, што і яе (у 2 знач.). Струны на скрыпачцы – яшчэ ня ўсё, каб можна было ад ейных песень аж плакаць (Віктар Карамазаў) Ягоны. Размоўнае. Тое, што і яго (у 2 знач.). Зеленюка ўжо не было. У ягоным пакоі непрыкметна кінулася ў вочы халоднае бязладзьдзе. (Міхась Зарэцкі) |
Слова ж іхны, таксама «абласное», Тлумачальны слоўнік ілюструе прыкладам з самога К. Крапівы, а акадэмічная граматыка – прыкладам са Зьмітрака Бядулі:
Вабяць вочы, нібы ўспаміны,
Цэлы сьвет іграе ў іхным зьзяньні…
Затое ў несавецкім «Ангельска-беларускім слоўніку» Валянтыны Пашкевіч (2006) ангельскія their, her, his нармальна перадаюцца як іхны, ейны, ягоны і яго (плюс варыянт значэньня 'свой').
Беларуская мова ведае яшчэ займеньнік наскі – з дадатковым адценьнем свойскасьці, роднасьці. Ён наскі чалавек.
Адрозна ад расейскага «нашенский», слова наскі пасуе і нэўтральным выказваньням, і ўзьнёслай паэтычнай мове. У 70-я гады яго запісалі ва «ўстарэлыя», але Генадзь Бураўкін без сумневу і адэкватна яго ўжывае:
У кіраўнічых суровых прамовах
Бэсьціцца зноў беларуская мова:
Быццам бы наскія словы ня здатны
Выказаць талент і розум выдатны.
(1995)
«Нарысы па беларускай дыялекталогіі» (1964, мапа 21) ужываньне ягоны, ейны адносяць да параўнальна невялікай тэрыторыі – Віцебскай і поўначы Менскай абласьцей. Але гэтаму пярэчаць запісы, скажам, з Жыдомлі Горадзенскага раёну (ягоны, «Матэрыялы да слоўніка Гродзенскай вобласці» Т. Сьцяшковіч, 1972), зь Пяшчаткі Камянецкага раёну (ейны, беластоцкі «Czasopis»). Словы ейны і ягоны ваўсю ўжываў у п’есах Андрэй Макаёнак, а ён паўднёва-ўсходніх – рагачоўскіх – каранёў.
Ихний фіксуецца ў слоўніках расейскай літаратурнай мовы (напр., Ушакова), але лічыцца прастамоўным. Часта бывае, што расейскае «прастамоўнае» слова (з народна-дыялектнай мовы) ёсьць у беларускай мове, прычым як нарматыўнае. У нас жа суіснуюць іхны ды іхні. У Тарашкевічавай «Беларускай граматыцы для школ» толькі іхны. Тарашкевіч як пісьменьнік пасьлядоўна ужываў менавіта гэтую форму, якая ўтварае сыстэму зь ягоны і ейны.
Каралёвая Бона ў Каралёвым Стане
Значэньне прыналежнасьці маюць і адказваюць на пытаньне «чый» шматлікія прыметнікі. Тэарэтычна іх можна ўтварыць амаль ад кожнага назоўніка (найперш, вядома, ад імёнаў і назваў асобы, але ня толькі!). Сынаў заплечнік, бацькава воля, Васілёва калекцыя. Коласавы «Міхасёвы прыгоды», «Рыбакова хата», «Нёманаў дар» у расейскіх перакладах называюцца «Приключения Михася», «Дом рыбака» і «Дар Немана».
Ад словаў мужчынскага роду прыналежныя прыметнікі ўтвараюцца з -оў, -аў, -ёў, -еў.
Калі ровары належаць хлопцам Алесю і Жэню – гэта Алесеў і Жэнеў ровары.
Алесін і Жэнін ровары будуць у дзяўчат Алесі і Жэні.
“Пецін, Колін, Мішын" па-беларуску быць ня можа, бо -ін/-ын сьведчыць пра жаночы род уладальніцы!
Адпаведна Скарынавы(я) старадрукі. А слова скарынаўскі абазначае нешта шырэйшае, чым прыналежнасьць: скарынаўская традыцыя (не скарынінская!), Скарынаўскі праспэкт (калі да гэтага зноў дойдзем у Менску).
Прыналежныя прыметнікі ў беларускай мове ўсюдыісныя. Напрыклад, у назвах ступеняў сваяцтва для жанчын: братавая, дзядзіна. У сталых выразах: чортава племя. У фальклёры: казка «Зайкава хатка». У тым ліку ў калядных і шчадроўскіх песьнях:
Бацькава дачка, ясна панначка
Хрыстова раджэньне людзям на збаўленьне
Ямін-яміна, узьвесяліся, дружына / Хрыстовая!
(Зьміцер Вайцюшкевіч, «Ямін-яміна»)
А ў караля жонка – чыя? Каралёвая! Падобна як братавая, сынавая.
Кароль і ягоная каралёвая.
У Вільні ўмёрла каралёвая маладая, каралёвая Альжбета (Кроніка, 1580). Каралёвая пачала крычаці (Беларуская вэрсія рыцарскага раману «Трышчан і Іжота»). |
У продкаў жаночыя найменьньні паводле бацькі й мужа грунтоўныя, утвараюцца разнастайна, ня толькі прыналежнымі прыметнікамі, і выглядаюць не раўнуючы раскошныя карáлі:
Таміла Стафанаўна Лускіянка Іванавая Грыгоравіча Гутаравая судзіная былая кгродзкая Віцебская
(г. зн. Таміла, дачка Стафана Лускіяна, жонка Івана Грыгоравіча Гутара, судзьдзі былога ґродзкага Віцебскага). У старабеларускай мове з суфіксам -ін/-ын маглі ўтварацца формы ад найменьняў мужчынскага роду, таму судзіная. Сёньня скажам судзьдзёвая.
Калі ў складзе тапоніма прыналежны прыметнік, ён «чытаецца» больш вобразна. Каралёў Стан – не цароў! Каторы наш кароль стаяў станам пад Менскам? Дарэчы, былы амбасадар Злучаных Штатаў Джордж Крол, што сам выдатна вывучыў беларускую мову і ўсім у амбасадзе загадаў, назваў быў сваю рэзыдэнцыю Кролава Хата.
Нямала назваў паселішчаў на -оў, -аў, -яў утварыліся менавіта як прыналежныя прыметнікі. Чый горад, дом, хутар, шляхоцкі засьценак? Тураў. Крычаў. Скрыгалаў (ля Петрыкова; паводле Ластоўскага, там беларускі Стоўнгэндж – каменнае сьвяцілішча Сонцу). Янаў (ад якога цяпер засталася толькі назва чыгуначнай станцыі Янаў-Палескі, а горад перайменавалі ў Іванава).
Для пісьменьнікаў-клясыкаў гэтая катэгорыя прыметнікаў была незаменная. Янка Купала шчодра адорваў імі таксама неадушаўлёныя прадметы:
Палацавы вокны, ветравы песьні, скрыпчыны струны, Дняпровы хвалі, нават самалётава крыльле, дзяды кастрычнікавы. Утвараў і ад формаў ніякага роду: сэрцавы струны. А ў Дубоўкі – Сонцава дачка.
Пятро Глебка адзначыўся тым, што прыналежныя прыметнікі ўтвараў ад ідэалягічна правільных словаў: дні камунізмавы, саўгасавы палі. Зрэшты, сама ідэя прыналежнасьці штохвілінна спараджае пачуцьцё прыватнай уласнасьці ды пярэчыць Глебкавым канструктам (а можа ён такім чынам ратаваў прыналежныя прыметнікі ад палітычных рэпрэсіяў?). У кожным разе чым больш у мове прыналежных – займеньнікаў, прыметнікаў – тым цяжэй яе носьбітаў ізноў зацягнуць у чарговы калгас.
Прыналежнасьць знойдзем у мянушках, народных імёнах па бацьку – чый хлопец? – Андрэеў, і па маці – Алесін у Алесі, Лявонішын у Лявоніхі, Андрусішын у Андрусіхі (адсюль украінскае прозьвішча Андрусышын, утворанае паводле тых самых прынцыпаў). Так, тут чаргаваньне: замест к, х, г зьяўляюцца шыпенныя (як кажа Павал Сьцяцко) гукі ч, ш, ж. Аленка – Аленчына радасьць. Матчын дар. Веранічын сын. Ядвіжын пасаг. Вольжына войска (калі пра княгіню).
Чараўніца Раіна Грамычына-Манькоўская, што жыла ў Ятры на Наваградчыне, відочна, была жонкай Грамыкі. Яна быццам бы навяла ўрок на Яна Сапегу, за што была ў 1631 г. спаленая.
Беларускі эксклюзіў
Ці ёсьць такія формы ў суседзяў? Можна ўспомніць перададзеныя па-расейску антычныя Авгиевы конюшни, Прокрустово ложе. У расейскай гутарковай мове і ў дыялектах прыналежныя прыметнікі на -ов яшчэ здараюцца, але рэдка: дедов дом (хутчэй скажуць «дедовский», але гэтае слова мае значэньне шырэйшае, чым прыналежнасьць).
Прыналежныя на -ин (сестрин, дядин, Колин) – у гутарковай мове. Ад асабовых назоўнікаў на -а (-я), што абазначаюць прафэсіі ці род заняткаў (проводница, повариха, судья, бродяга), не ўтвараюцца.
У выніку там узьнікла праблема «нанізваньня» назоўнікаў роднага склону са значэньнем прыналежнасьці: «Дом племянника жены кучера брата доктора». (У беларускай мове заўсёды можна «разбавіць» такі ланцужок прыналежным прыметнікам: доктаравага брата, братавага фурмана, фурманавай жонкі.)
Чаму так сталася? Славуты расейскі лінгвіст Віктар Вінаградаў яшчэ ў 1940-я гады задумваўся:
Суфікс -ов, -ев, які (...) перадае прыналежнасьць адной пэўнай (…) істоце, у кніжных стылях літаратурнай мовы згасае. Ён выцясьняецца родным склонам назоўніка, які перадае як адзінкавую, так і калектыўную прыналежнасьць. Нязручнасьць прыналежных на -ов палягае на тым, што яны паказваюць на прыналежнасьць толькі адзінкавай асобе і ня могуць пазначаць множнага ўладальніка. (Виноградов В. В. Русский язык. Грамматическое учение о слове. Москва, 1947) |
Вінаградаў нагадвае, што суфікс -ов, -ев замацаваўся ў расейскіх прозьвішчах, а таксама выступае ў непрыналежных прыметніках на -ов-ый (крокодиловый). Пры замене отцов на отцовский прыметнік пачынае перадаваць і якасьць: отцовское отношение.
Беларускія ж прыметнікі адрозьніваюць прыналежнасьць (паходжаньне) ад іншых характарыстык: зайцаў хлеб, але заечае мяса, заечая душа (па-расейску ўсё гэта будзе «заячий, заячье, заячья»).
Паводле Вінаградава, прыналежныя прыметнікі на -ов у расейскай мове адышлі, бо могуць абазначаць прыналежнасьць толькі адной асобе (істоце), а мноству – ня могуць. Мовазнаўца меў на ўвазе, што мова імкнецца да ўніфікацыі: дом кузнеца – дом (нескольких) кузнецов. Але ж у беларускай мове аналягічныя прыналежныя прыметнікі (прынамсі да пэрыяду адміністрацыйнае русыфікацыі) зусім не «згасалі», а наадварот, пашыралі прысутнасьць. Больш істотна, што ў расейскай мове суфікс -ов/-ев аказаўся «заняты» прозьвішчамі. І ад такіх прозьвішчаў ужо ня ўтворыш пасэсываў. Иван – Иванов дом. Але (Пётр) Иванов – дом (Петра) Иванова. (А можа ў развагах Вінаградава ў 1930-я – 40-я гады меў значэньне ідэалягічны фон – калектыўнае важнейшае за індывідуальнае?)
Наагул ёсьць спакуса патлумачыць розныя шляхі суседніх моваў мэнталітэтам: непапраўнаму індывідуалісту беларусу абазначаць у мове прыватную прыналежнасьць жыцьцёва важна, а чальцу расейскай «абшчыны» – неабавязкова. Як пісаў абуджаны А. Герцэн, расейскі селянін пазбаўлены прыватнаўласьніцкіх інстынктаў.
Аднак прыналежных прыметнікаў і займеньнікаў (3-й асобы, аналягічных ягоны, іхны) зусім няма ў літоўскай мове. Далей ад нас – у чэскай і славацкай, у харвацкай, сэрбскай – прыналежныя прыметнікі ўжываюцца шырока. Прыналежныя займеньнікі 3-й асобы ёсьць у сэрбалужыцкіх мовах, але няма ў літаратурнай украінскай.
І ў польскай літаратурнай мове гэта хіба што прыкмета так званай «пальшчызны крэсовай» -- польскай мовы жыхароў Беларусі, Літвы, Латгаліі. Знакаміты міжваенны аўтар польскамоўных дэтэктываў пра заходнебеларускіх кантрабандыстаў Сяргей Пясэцкі ўстаўляў словы накшталт «ейны» для мясцовага калярыту.
Otóż pewnego razu "jejny" mąż zechciał zrobić hecę i do trzydziestu jaj, które ona wbijała na patelnię, dodał jeszcze trzydzieści. Baba przyszła, usmażyła jajecznicę i zabrała się do żarcia. Ledwie potrafiła wszystko wetknąć. Сяргей Пясэцкі. Каханак Вялікай Мядзьведзіцы |
[Вось жа аднаго разу «ейны» муж вырашыў пазабавіцца і да трыццаці яек, якія яна ўбівала на патэльню, дадаў яшчэ трыццаць. Баба прыйшла, засмажыла яечню і ўзялася жэрці. Ледзьве здолела ўсё ўвапхнуць.]
Такіх словаў няма нават у тутэйшага Адама Міцкевіча. Пачатак «Пана Тадэвуша» (5—8 радкі) у перакладзе Браніслава Тарашкевіча:
Паненка, што Ясну бароніш Гару Чанстаховы
І сьвеціш у Вострай у Браме, што горад замковы
Бароніш Наваградзкі зь верным ягоным жа людам!
Параўнай Міцкевічаў арыгінал:
Panno Święta, co jasnej bronisz Częstochowy
I w Ostrej świecisz Bramie! Ty, co gród zamkowy
Nowogródzki ochraniasz z jego wiernym ludem!
І прыналежных прыметнікаў ад імёнаў Міцкевіч практычна не ўжывае. З быліцы 4-й:
Koń Tadeusza w stajni czekał osiodłany…
Пераклад Браніслава Тарашкевіча:
Тадэевы конь жа у стайні чакаў асядланы…
Карацей, прыналежныя прыметнікі і займеньнікі выразна адрозьніваюць нашу мову ад усіх суседзкіх.
На Пракруставым ложку ў Пітагоравых нагавіцах
Традыцыю называць паселішча паводле першапасяленца ці ўласьніка перанесьлі на новаадкрытыя землі й моры, называючы іх імем адкрывальніка ці ў гонар выдатнай асобы.
Такія назвы ў расейскай геаграфічнай тэрміналёгіі ня маюць сыстэмнасьці:
Баренцево, Берингово, Тасманово море, Баффинов залив, Гудзонов пролив,
але
море Бофорта, остров Врангеля, залив Амундсена, бассейн Фокса.
Недарэчна пераносіць гэтую словаўтваральную блытаніну да нас. Адпаведна духу й традыцыям беларускае мовы павінна быць
Бафортава, Росава, Дзюрвілева мора,
Амундсэнава затока,
Урангелеў востраў (ці выспа).
Дарэчы, пра выспы. У Ціхім акіяне Велікодная выспа, ня «Пасхі».
Падобна – у тэхнічных і навуковых тэрмінах ад імёнаў адкрывальнікаў. І зноў жа па-расейску
Евклидово і Фарадеево пространство, Ньютонова жидкость, жартоўныя «Пифагоровы штаны»,
але
теорема Евклида, теорема Пифагора, законы Ньютона.
Па-беларуску сыстэмнасьць лёгка забясьпечваецца:
як Эўклідава прастора – так і Пітагорава тэарэма,
Ґаўсава тэарэма,
Ньютанавы(я) законы,
Омаў закон,
Тэйлараў шэраг,
Габлава схема,
Эдысанава лямпа (Але, натуральна, лямпачка Ільліча).
(Часам такіх формаў не дазваляе граматыка: табліца Мендзялеева, ківач/вагальнік Фуко. І падвойнае аўтарства: закон Джоўля—Ленца.)
У палякаў максымальны шторм – 10 w skali Beauforta. Як памятаюць людзі майго пакаленьня, такі гіт сьпяваў калісь Кшыштаф Кленчан і «Тры кароны» (потым песьню перанялі «Чэрвонэ гітары»):
А ў нас будзе Бафортава шкала. Таму песьню проста не перакладзеш, трэба пісаць іншую.