Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі альтэрнатыўная служба будзе толькі для вернікаў


Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў сёньня ў першым чытаньні прынялі закон «Аб альтэрнатыўнай службе ў Беларусі».

Права на альтэрнатыўную службу замацаванае ў артыкуле 57 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая была прынятая яшчэ ў 1994 годзе. Але мэханізм рэалізацыі гэтага права дагэтуль быў не распрацаваны.

Сёньня зробленая першая спроба ўвядзеньня такога мэханізму, адзначыла міністар працы і сацыяльнай абароны краіны Марыяна Шчоткіна, выступаючы перад дэпутатамі. Яна сказала, што дадзены закон вызначае парадак і ўмовы замены вайсковай службы на альтэрнатыўную.

Марыяна Шчоткіна
Марыяна Шчоткіна

Міністар падкрэсьліла, што права на альтэрнатыўную службу не даецца аўтаматычна. Яно распаўсюджваецца толькі на тых маладых людзей, чые рэлігійныя перакананьні не дазваляюць ім браць у рукі зброю. Пад закон падпадае моладзь ва ўзросьце ад 18 да 27 гадоў. Свае рэлігійныя перакананьні ім трэба будзе даводзіць у прызыўной камісіі. Камісія можа прыняць іх да ведама, а можа не палічыць сур’ёзнымі і адмовіць у альтэрнатыўнай службе.

Мяркуецца, што альтэрнатыўная служба будзе найперш ахопліваць арганізацыі аховы здароўя, сацыяльнай сфэры, жыльлёва-камунальнай і лясной гаспадаркі. Канкрэтны сьпіс арганізацыяў, дзе змогуць працаваць альтэрнатыўшчыкі, вызначыць Міністэрства працы.

Закон прадугледжвае, што асобы, якія ня маюць вышэйшай адукацыі, будуць праходзіць альтэрнатыўную службу цягам 36 месяцаў, а асобы з вышэйшай адукацыяй — цягам 24 месяцаў. За кожныя 12 месяцаў альтэрнатыўшчыкам будзе давацца 10 дзён адпачынку. Яны будуць працаваць 48 гадзін на тыдзень пры адным выходным і атрымліваць 150 адсоткаў велічыні пражытачнага мінімуму. Пасьля першага году службы гэтая сума можа быць паднятая на 20 адсоткаў.

Людзі, якія праходзяць альтэрнатыўную службу, ня маюць права займацца прадпрымальніцтвам і ўдзельнічаць у забастоўках. Яны мусяць абавязкова прыпыніць сваю дзейнасьць у палітычных партыях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG