Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія актывісты ўпарадкавалі месца масавых расстрэлаў у Паляях


У лесе паміж вёскамі Паляі і Вароны ў Віцебскім раёне, паводле сьведчаньняў мясцовых жыхароў, у 1930–40-х гадох органы НКУС праводзілі масавыя расстрэлы мірных людзей.

З 1989 году тут ствараецца самаробны мэмарыял: шасьцімэтровы мэталёвы крыж з надпісам «Ахвярам таталітарнага рэжыму» і яшчэ некалькі крыжоў, усталяваныя віцебскімі актывістамі ў розныя гады. Некалькі разоў невядомыя нішчылі крыжы, але зьяўляліся новыя.

Нягледзячы на тое, што пра масавыя расстрэлы мірных жыхароў вядома мясцовым краязнаўцам, гэтае месца не прызнанае афіцыйным пахаваньнем ахвяраў сталінізму. Догляд за самаробным мэмарыялам стаўся справай віцебскіх актывістаў. Сама меней два разы на год тут робяць парадак — увесну і перад Дзядамі.

29 кастрычніка сябры Партыі БНФ і Руху «За свабоду» чарговым разам прыбралі памятнае месца: сабралі сьмецьце, зьнішчылі пустазельле, што парасло ля крыжоў.

Сябры Партыі БНФ ужо некалькі гадоў зьбіраюць успаміны старажылаў, якія памятаюць, што ў лесе каля Паляёў расстрэльвалі людзей. Актывісты некалькі разоў зьвярталіся да мясцовых уладаў, каб стварыць у гэтых мясьцінах сапраўдны мэмарыяльны комплекс.

Але ў адказ атрымалі адмову. Больш за тое: у 2009 годзе старшыня мясцовага Варонаўскага сельсавету падаў у суд на тагачаснага старшыню абласной арганізацыі Партыі БНФ Кастуся Смолікава за ўсталяваньне крыжоў на ўзьлеску, якое палічыў «самаўпраўствам» Актывісту прысудзілі штраф і загадалі зьнесьці крыжы. Але Кастусь Смолікаў адмовіўся гэта рабіць, і самаробны мэмарыял застаўся на ранейшым месцы. Яго добра відаць з дарогі, якая вядзе зь Віцебску ў Смаленск.

У плянах актывістаў — стварыць тут цэлую алею крыжоў, накшталт той, што ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG