Каміла — дачка берасьцейскіх журналістаў Алеся Ляўчука і Міланы Харытонавай. Цягам лета бацькі абівалі парогі чыноўнікаў, каб рэалізаваць права свайго дзіцяці навучацца па-беларуску.
Чыноўнікі казалі, што беларуская кляса адкрыецца, толькі калі набярэцца ня менш як пяць вучняў. Аднак у трохсоттысячным Берасьці так і не знайшлося столькі ахвотных вучыцца па-беларуску. Не дапамагла ні рэкляма ў сродках масавай інфармацыі, ні расклейваньне бацькамі Камілы абвестак пра стварэньне беларускай клясы.
1 верасьня Каміла Ляўчук пайшла ў звычайную расейскамоўную клясу школы № 34 Берасьця. Маці, Мілана Харытонава, распавяла, што беларускую мову Каміла будзе вывучаць толькі раз на тыдзень.
Бацькі Камілы стварылі ў інтэрнэце відэадзёньнік, у якім першаклясьніца дзеліцца сваімі ўражаньнямі ад наведваньня школы. Ужо выйшлі тры ролікі. У апошнім Каміла распавяла, што ў школе ёй падаравалі кніжку «ад прэзыдэнта Лукашэнкі»:
«Калі падаравалі кніжку, сказалі, што гэта ад самога прэзыдэнта Лукашэнкі, і яшчэ сказалі, што Лукашэнка ня можа прыехаць ва ўсе школы. І я ў гэты момант падумала, што ну і добра, што ён ня можа прыехаць ва ўсе школы», — распавядае Каміла пра ўражаньне ад падарунку.
«Пыталіся, як яго завуць. Усе дзеці крычаць: „Лукашэнка!“ А настаўніца кажа — давайце цалкам. „Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка“ — усе крычаць. А я сяджу маўчу, таму што не хачу яго імя нават называць...», — расказвае Каміла.
Мілана Харытонава сказала Свабодзе, што відэадзёньнік Камілы будзе пэрыядычна папаўняцца:
«Усе ж пытаюцца пра школу, як там, ці не пакутуе дачка ў расейскамоўнай клясе. Вось мы, каб кожны раз не паўтараць, зрабілі такі дзёньнік, падсумаваньне раз на тыдзень-два. Глядзяць яго сябры нашы, калегі, бабуля. Каміла, як бачым, не пакутуе, у школе ёй падабаецца, але і нейкіх, на яе погляд, праблемных момантаў яна не абміне. Відаць, гэтая рыса характару — у спадчыну ад бацькоў...»