Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сумны юбілей базыльянскага кляштару ў Воршы — 10 год бяз даху


Кляштар базыльянаў у Воршы
Кляштар базыльянаў у Воршы

У двары аршанскага паўразбуранага помніка архітэктуры — корпуса базыльянскага кляштару — узводзяць новы драўляны будынак. А вось да аднаўленьня даху, які абваліўся ў 2004 годзе, рукі ва ўласьнікаў не даходзяць. Між тым з-за адсутнасьці даху на помніку працягваюць інтэнсіўна разбурацца сьцены.

Помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя, колішні жылы будынак Аршанскага базыльянскага кляштару, дзе пазьней разьмяшчаліся Свята-Пакроўскі праваслаўны мужчынскі манастыр і Аршанскае духоўнае вучылішча, стаіць бяз даху ўжо 10 гадоў. Гэты будынак з 2006 году належыць Віцебскай япархіі Беларускай праваслаўнай царквы. Адказныя за яго ўтрыманьне — ігуменьня Анфіса (Любчак) і манахіня Данііла (Цяцькова) — ня раз казалі занепакоеным краязнаўцам, што праект рэстаўрацыі ўжо замоўлены, але няма грошай, каб за яго заплаціць.

Нядаўна ў двары кляштарнага комплексу ўсё ж пачалася будоўля. Паводле матушкі Даніілы, тут ставяць склад для будаўнічых матэрыялаў, прызначаных для будучай рэстаўрацыі:

«Будзе склад для будматэрыялаў і абсталяваньня. Бо абсталяваньне ў сырым корпусе ржавее. Пакуль праект будзе праходзіць экспэртызу, мы будзем завозіць матэрыялы для аднаўленьня будынку. Нам усё гэта трэба пад дах. Гэта ўсё для рэстаўрацыі, бо неўзабаве будзе завершаны праект, нам засталося заплаціць за яго ўжо меншую частку, большую мы заплацілі. Ён мусіць прайсьці экспэртызу, і пасьля гэтага я атрымаю праект на рукі, мы ўзгоднім усе дакумэнты і тут жа прыступаем да рэстаўрацыі корпусу».

Аўтар рэстаўрацыйнага праекту архітэктар Мікалай Лук’янчык паведаміў, што нічога ня чуў пра ўзьвядзеньне складу для будматэрыялаў. Так, рэстаўрацыйны праект ужо часткова гатовы, але ніякіх часовых збудаваньняў у архітэктурных плянах на дадзены момант не прадугледжана. Спадар Лук’янчык кажа, што ўзьвядзеньне часовых пабудоў не супярэчыць заканадаўству, але пазьней, калі распачнецца рэстаўрацыя, іх усё адно давядзецца зносіць, калі яны апынуцца ў неналежным месцы — бо распрацоўваецца ўласны плян для разьмяшчэньня службовых будаўнічых аб’ектаў і тэхнікі.

Аднак за архітэктурны праект гаспадары будынку заплацілі яшчэ ня ўсё — засталося каля 150 мільёнаў рублёў. Калі паступленьне грошай будзе рэгулярным, праца над праектам рэстаўрацыі аршанскага помніка архітэктуры будзе скончаная да канца году. Калі не — то зацягнецца на даўжэйшы час.

Кляштар базыльянаў у Воршы
Кляштар базыльянаў у Воршы

Тым ня менш матушка Данііла кажа, што часовы дах над корпусам узводзіць ня будуць:

«Мы ня будзем рабіць нічога часовага, адразу будзем грунтоўна. За той участак часовага даху, што тут ёсьць, мне ледзьве не далі штрафу — бо ён зроблены без праекту. Што да кансэрвацыі, то мы пазабівалі вокны, і кавалак часовага даху ёсьць. Але ў будынку дужа крохкія сьцены, яны могуць ня вытрымаць даху, і нам забаранілі нават датыкацца».

Тое, што кажа матушка Данііла, супярэчыць афіцыйным адказам зь Міністэрства культуры, У адказах міністэрства паведамляе аршанскім краязнаўцам, што на часовыя кансэрвацыйныя працы адмысловага праекту ці дазволу не патрабуецца. Асабліва калі вядзецца пра часовы, лёгкі дах з дошак і рубэроіду.

Адзін з ахвярадаўцаў, ураджэнец Воршы мастак Мікола Купава, лічыць пабудову часовага даху справай прынцыповай:

«У любым выпадку — гэта непарадак. Калі ўжо склад — дык хаця б не на гэтым месцы, дзе была зьнесеная царква. Хоць бы за якіх 100 мэтраў ад кляштару. Але гэта не галоўнае цяпер. Першачаргова — гэта накрыць дахам сьцены, каб чарговым разам іх не пашкодзіў дождж, сьнег і мароз. Надыходзіць восень, і трэба дах».

Але чарговыя восень ды зіму помнік архітэктуры рэспубліканскага значэньня зноў прастаіць бяз даху.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG