У папярэднім артыкуле, прысьвечанаму цукроваму дыябэту я распавяла пра тое, што такое цукровы дыябэт, якіх тыпаў ён бывае, і што ня варта есьці дыябэтыкам. У гэтым выпуску я распавяду пра прадукты, якія людзям з дыябэтам варта ўключыць у штодзённы рацыён.
Спажывайце шмат харчовага валакна: яно аказвае станоўчы ўплыў на ўзровень глюкозы. Выдатныя крыніцы валакна: (уся) гародніна і садавіна, суцэльнае збожжа, бабы, сачавіца, арэхі, семечкі, пшанічнае вотруб’е.
Ешце шмат гародніны, сьвежай і прыгатаванай. Акрамя харчовага валакна, яна таксама зьяўляецца выдатнай крыніцай вітамінаў і мінэралаў, якія важныя для падтрыманьня аптымальнага статусу здароўя.
Ешце тлустую рыбу прынамсі два разы на тыдзень. Тлустая рыба, такая як ласось, скумбрыя, селядзец, сардзіны багатая на амэга-3 кіслоты, якія ўмацоўваюць здароўе сэрца дзякуючы заніжэньню тлушчу ў крыві, альбо так званых трыгліцэрыдаў.
Іншыя прадукты, якія ўтрымліваюць карысныя тлушчы: авакада, арэхі, масьліны, ільняны, канапляны і рапсавы алей.
Штодзённа спажывайце пярлоўку і аўсянку. Гэтыя крупы зьяўляюцца самымі багатымі крыніцамі бэта-глюканаў, якія спрыяюць зьніжэньню цукру ў крыві. Навукова даказаныя дзьве важныя для здароўя асаблівасьці бэта-глюканаў: падтрыманьне нармальнага ўзроўню цукру і зьніжэньне халестэрыну ў крыві.
Бэта-глюканы, як мяркуюць, уплываюць на ўзровень глюкозы ў крыві дзякуючы некалькім мэханізмам. Яны дапамагаюць кантраляваць апэтыт і, такім чынам, ускосна могуць зьменшыць спажываньне энэргіі, што станоўча ўплывае як на вагу цела, так і на колькасьць глюкозы, што выкідваецца ў кроў пасьля спажываньня ежы. Бэта-глюканы таксама дабратворна ўплываюць на мэтабалізм глюкозы ў хворых на цукровы дыябэт 2 тыпу (ЦД2) і здаровых людзей. Акрамя таго, яны ўплываюць на зьніжэньне крывянога ціску, ад якога пакутуюць многія людзі з ЦД2. Яны таксама аказваюць станоўчы ўплыў на ліпідны профіль у крыві, які часта скажоны ў большасьці асоб з ЦД. Эўрапейскае ведамства па бясьпецы харчаваньня (EFSA) ухваліла рэкамэндацыю, што спажываньне бэта-глюканаў разам зь ежай спрыяе зьніжэньню ўздыму глюкозы ў крыві пасьля ежы. Для таго, каб атрымаць гэты эфэкт, бэта-глюканы варта спажываць падчас ежы, прынамсі 3 г на дзень. Ячмень вельмі багаты на бэта-глюканы: 32 г (3 сталовыя лыжкі) ячменю (сухая вага) утрымліваюць іх да 5 г. Утрыманьне бэта-глюканаў у аўсе прыкладна ў паўтара разы меншае, чым у ячмені. Спажываньне невялікай порцыі пярлоўкі ці аўсянкі штодня, такім чынам, ёсьць выдатнай харчовай стратэгіяй для зьніжэньня глюкозы ў крыві.
Карысныя дабаўкі
Хром. У многіх людзей з высокім узроўнем цукру ў крыві хром павышае талерантнасьць да глюкозы. Прымайце 400-600 мкг у дзень. Рабіце гэта пад наглядам тэрапэўта!
Магній: ад 200 да 600 мг у суткі. Людзі з цукровым дыябэтам 2 тыпу, як правіла, маюць нізкі ўзровень гэтага мінэралу; дадатковы магній стабілізуе ўзровень і можа палепшыць вытворчасьць інсуліну.
Цынк: мінэрал цынк мае ключавую ролю ў сынтэзе і дзеяньні інсуліну. Дыябэтыкі часта маюць дэфіцыт цынку, а ён у сваю чаргу, зьвязаны з больш нізкім функцыяй падстраўнікавай залозы і большай рэзыстэнтнасьцю да інсуліну. Дадатковы прыём тэрапэўтычнай дозы 20 мг / сут можа аднавіць нармальны ўзровень гэтага мінэралу. Каштоўныя харчовыя крыніцы гэтага мінэралу: малюскі, семкі сланечніку, ёгурт.
Яшчэ на гэтую тэму
Самае папулярнае
1