Часта чуем пра тоўстых людзей «У яго такія гены», «З генамі не пашчасьціла». Ці так гэта? У гэтым выпуску пачнем разьбірацца з гэтым няпростым пытаньнем.
У апошнія гады назіраецца павышаная цікавасьць да тэорыі, што чалавек мае два наборы генаў: адзін з уласнага геному, другі кадуецца ў мікрабіёмным геноме, альбо мікрабіёме. Мікрабіём — гэта экалягічная суполка мікраарганізмаў, бактэрый, якія насяляюць прастору нашага цела. Асноўная іх маса знаходзіцца ў кішэчніку. Есьць і спэцыяльны тэрмін для кішэчнага насельніцтва: мікрабіёта.
«Уласных» генаў у чалавечых клетак каля 23.000, а генаў мікрабіёму каля 3.000.000. Такім чынам, людзі атрымліваюць у спадчыну толькі 1% генаў ад бацькоў, а астатнія 99% атрымліваюць з бліжэйшага асяродзьдзя падчас нараджэньня, у прыватнасьці, ад родавага каналу маці і груднога малака. Важна адзначыць, што ўсе гены ў арганізьме (і ўласныя, і мікрабіёмныя) маюць патэнцыял аказваць уплыў на стан здароўя чалавека.
Навука мэтагеноміка аналізуюе геном чалавека і, у прыватнасьці, яго мікрабіёмную структуру. Навука эпігенэтыка дапамагае растлумачыць сувязь паміж індывідуальным генатыпам і навакольным асяродзьдзем на ўсіх этапах жыцьця.
Эпігенэтычная плястычнасьць разьвіцьця дазваляе арганізму прыстасоўвацца да сыгналаў навакольнага асяродзьдзя, асабліва ў раньнім узросьце. Тым самым арганізм нібыта павялічвае свой «фітнэс». Але ж навакольнае асяродзьдзе можа таксама павысіць рызыку хранічных, асабліва мэтабалічных хваробаў.
Эпігенэтычныя зьмены, зьвязаныя з дысбалянсам харчаваньня і мікрафлёры кішэчніка, могуць быць перанятыя ў спадчыну і паўплываць на здароўе будучых пакаленьняў. Відавочна, што харчовыя рэчывы і біялягічная актыўныя злучэньні маюць ключавую ролю ў жыцьці чалавека падчас першых 1000 дзён жыцьця, то бок з моманту зачацьця і да канца другога году жыцьця. На працягу гэтага пэрыяду дысбалянс у ежы і/або мікрафлёры можа прывесьці да неаптымальнага разьвіцьця ў будучым.
Нядаўнія дасьледаваньні паказалі, што мікрабіётны фактар удзельнічае ў кантролі над масай і энэргетычнай раўнавагай цела. Экспэрымэнтальныя мадэлі, а таксама дасьледаваньні з удзелам чалавека сьведчаць аб вырашальнай ролі кішачнай мікрафлёры ў выпрацаваньні арганізмам энэргіі і, такім чынам, і ў атлусьценьні. Адным з ключавых пытаньняў зьяўляецца тое, ці можа дыета паўплываць на склад кішэчнага мікрабіёму і якім чынам.
У сваёй нядаўняй працы заслужаны прафэсар зь Лёндану Сьціг Бэгмарк, добра вядомы сваімі дасьледаваньнямі ў галіне прабіётыкаў, рэзюмуе ролю ежы наступным чынам: «Пераважная большасьць інгрэдыентаў у прамыслова вырабленых прадуктах, спажываных на Захадзе, засвойваюцца ў верхняй частцы тонкай кішкі і, такім чынам, маюць абмежаваную карысьць для мікрабіёты. Адсутнасьць правільнага харчаваньня зьяўляецца асноўным фактарам дысфункцыянальнай мікрабіёты, дысбактэрыёзу, хранічнага запаленьня і вытворчасьці ды ўцечкі эндатаксынаў. Акрамя таго, празьмернае спажываньне інсулінагенных прадуктаў, глютэну (клейкавіна ў збожжы) і зэіну (клейкавіна ў кукурузе), зьніжэньне спажываньня садавіны і агародніны, зьяўляюцца ключавымі фактарамі, што спрыяюць падвышанаму запаленьню, эндэмічнаму атлусьценьню і хранічным захворваньням. Гэтыя фактары самі па сабе таксама могуць быць шкоднымі для мікрафлёры».
З усяго вышэйсказанага вынікае, што гены адназначна адыгрываюць велізарную ролю ў разьвіцьці, здароўі і вазе чалавека. Але варта мець на ўвазе і тое, што запраграмаваныя гены складаюць усяго толькі адзін адсотак ад усіх, а гены, атрыманыя з асяродзьдзя — астатнія 99. Здароўе і лад жыцьця (будучай) маці, такім чынам, маюць вызначальную ролю. Аднак нельга ўсё «сьпіхваць» на маму. На працягу дарослага жыцьця кожны чалавек сам адказны за свой лад жыцьця, уключаючы харчаваньне, якое, у сваю чаргу, наўпрост паўплывае на разьвіцьцё яго ўласных дзяцей.
Частая карціна — тоўстыя дзеці ў тоўстых бацькоў — гэта, за выключэньнем вельмі рэдкіх выпадкаў, ня вынік «няўдала» атрыманых у спадчыну генаў, а вынік перанятых няправільных паводзінаў за сталом: рэгулярнага пераяданьня і спажываньня шкодных прадуктаў.
Практычныя парады: як добрым чынам паўплываць на сваю мікрабіёту (кішачную флёру):
Штодзённа ўжывайце шмат садавіны і гародніны
Ужывайце прадукты, багатыя на клятчатку
Ужывайце прадукты, якія ўтрымліваюць добрыя бактэрыі: кефір, ёгурт, кіслую капусту, чайны грыб, аўсянку
Не злоўжывайце хлебам і іншымі прадуктамі з мукі
Не злоўжывайце прадуктамі з высокім узроўнем цукру
Увогуле адмоўцеся ад сталовага цукру
Прытрымлівайцеся харчовай гігіены: старанна мыйце гародніну і садавіну, не выкарыстоўвайце пратэрмінаваныя прадукты, мыйце нажы адразу ж пасьля таго, як рэзалі імі сырое мяса або рыбу