Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Гузь: Беларусы едуць бараніць Украіну, бо баяцца за сваю радзіму


Ігар Гузь, фота facebook
Ігар Гузь, фота facebook

Арганізатар беларускага добраахвотнага атраду «Пагоня» ва Ўкраіне, намесьнік старшыні Валынскай абласной рады Ігар Гузь заклікае беларусаў са зброяй бараніць незалежнасьць Украіны.

Гузь абвясьціў набор беларусаў у добраахвотны атрад «Пагоня».

Ігар Гузь распавёў Радыё Свабода, што стварэньне атраду — гэта ягоная асабістая ініцыятыва, якая грунтуецца на прыватных кантактах зь беларускімі актывістамі.

26 красавіка 2005 году Ігара Гузя арыштавалі ў Менску ў ліку пяці грамадзянаў Украіны за ўдзел у Чарнобыльскім шляху. Далі 10 сутак, якія ён адбыў на Акрэсьціна. Потым Гузя дэпартавалі і забаранілі яму ўезд у Беларусь на пяць год.

— Чаму ўзьнікла патрэба стварыць асобны беларускі атрад? Хто будзе ў яго ўваходзіць?

— Гэта ініцыятыва саміх беларусаў. Беларускія нацыяналісты-патрыёты самі зьвярнуліся да мяне і да маіх калегаў з просьбай дапамагчы бараніць тэрытарыяльную незалежнасьць Украіны. Іх аргумэнт такі, што гэта ня наша ўнутраная праблема, і калі расейскі агрэсар захопіць нейкую частку Ўкраіны (як гэта ўжо сталася з Крымам), то заўтра тое самае будзе ў Беларусі.

Я не магу распавядаць, што гэта за людзі. Гэта актывісты шэрагу апазыцыйных арганізацыяў. Пакуль іх няшмат. Але мы ставім за мэту, каб быў такі невялікі атрад «Пагоня», які б аб’яднаў усіх ахвотных. І каб ён меў магчымасьць далучыцца да аднаго са спэцбатальёнаў, які сёньня ваююць на Ўсходзе. Там цяпер ваююць і «Данбас», і «Азоў», і «Айдар», і іншыя.

— Вы кажаце, што людзей няшмат, але колькі — да дзесяці чалавек? Два дзясяткі? Ці мусяць яны мець вайсковую спэцыяльнасьць?

— Гэта да дзесяці чалавек. Частка зь іх ужо праходзіць навучаньне ва Ўкраіне, а частка яшчэ толькі дабіраецца. Мы заклікаем усіх ахвотных далучацца. Пажадана як мінімум, каб гэтыя людзі служылі раней у войску.

— Ці ёсьць патрэба ў такім добраахвотным атрадзе, калі пасьпяхова ідзе антытэрарыстычная апэрацыя?

— Давайце будзем шчырымі: на сёньня казаць, што апэрацыя скончыцца хутка, мы ня можам. Вярнулі кантроль над Славянскам, Краматорскам, Арцем’еўскам ды іншымі месцамі, але мы бачым, што тэрарысты сканцэнтраваліся ў Данецку, Луганску, Горлаўцы — у вялікіх гарадах. Таму сёньня стаіць такая задача. Калі яна будзе выкананая, то нашы беларускія сябры самі будуць вырашаць, што ім далей рабіць — ці яны вернуцца, ці яны будуць дапамагаць тут. Гэта ўжо будзе ад кожнага залежаць.

— Ці ўкраінская дзяржава гарантуе беларускім добраахвотнікам легальны ўдзел у баявых дзеяньнях? Ці зможаце вы абараніць іх ад перасьледу беларускіх праваахоўных органаў, калі іх імёны стануць вядомыя?

— На жаль, наша ўкраінская дзяржава ня можа беларусам нічога гарантаваць. Паводле заканадаўства іх проста няма, бо гэта грамадзяне іншай дзяржавы. Людзі, якія жадаюць далучыцца, павінны ўсё гэта разумець. На грамадзкім узроўні мы будзем дапамагаць максымальна.

Але ці небясьпечна тут — вядома, небясьпечна. Гэта сапраўдны фронт, вы самі бачыце, што там робіцца. Гэта сапраўдная вайна з сэпаратыстамі і тэрарыстамі.

— Вядома, што і з боку сэпаратыстаў ваююць беларусы. Ці ёсьць у вас зьвесткі, колькі іх, на якіх умовах яны трапілі ва Ўкраіну?

— Я бачыў гэтую інфармацыю. І бачыў жанчыну, якая нібыта снайпэрам там працавала. Я слаба веру, што ёсьць людзі, якія ідэалягічна едуць спрыяць і ваяваць за інтарэсы Расеі. Магчыма, гэта нейкая эфэсбэшная агентура, якая ёсьць у Беларусі. Але я ня бачу, каб было шмат такіх людзей, гэта хутчэй адзінкавыя выпадкі. Гэта не маштабны ўзровень. Я ўпэўнены, што гэтыя людзі там толькі за грошы.

Пра стварэньне атраду «Пагоня» Ігар Гузь паведаміў у фэйсбуку, зьмясьціўшы фатаздымак добраахвотніка-беларуса, які называе сябе Міхалам Вітушкам.

«Гэта мой пабрацім, беларускі нацыяналіст, сябра Вітушка. Ужо сёньня ён і яго сябры ва Ўкраіне праходзяць спэцпадрыхтоўку для ўдзелу ва ўкраінскіх добраахвотніцкіх батальёнах супраць маскоўскіх акупантаў на Ўсходзе Ўкраіны! Бліжэйшым часам будзе сфармаваны беларускі атрад супраціву „Пагоня“. Запрашаем беларускіх патрыётаў далучыцца да абароны ўкраінскай зямлі. Без свабоднай Украіны ня будзе свабоднай Беларусі!», — піша Гузь.

Ігар Гузь паведамляе, што батальёну патрэбная амуніцыя, бронекамізэлькі і каскі. Для гэтага абвешчаны збор грошай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG