Лідэр прадпрымальніцкага руху Баранавічаў Мікола Чарнавус трапіў у лякарню з гіпэртанічным крызам пасьля пяцігадзіннага знаходжаньня ў міліцыі.
Пра гэта Свабодзе распавёў баранавіцкі грамадзкі дзеяч Віктар Сырыца:
«Учора ён быў затрыманы міліцыянтамі. Яго зьвінавацілі ў арганізацыі масавай акцыі прадпрымальнікаў 1 ліпеня, склалі пратакол і накіравалі ў камэру. І там Чарнавусу стала дрэнна, моцна падняўся ціск і міліцыянты выклікалі хуткую. Мне ўдалося перагаварыць зь Міколаю, калі яго перавозілі з прыёмнага пакою, а так да яго нікога ня пускаюць. Ён у ляжыць у пакоі з кратамі пад аховай міліцыянтаў».
Віктар Сырыца выказвае меркаваньне, што Міколу Чарнавуса маглі затрымаць прэвэнтыўна, каб ён 3 ліпеня не паехаў да адміністрацыі прэзыдэнта з пэтыцыяй прадпрымальнікаў.
1 ліпеня ў Баранавічах адбыўся страйк прадпрымальнікаў. Бізнэсоўцы прыйшлі да гарвыканкаму, аднак чыноўнікі да іх ня выйшлі. Пасьля гэтага баранавіцкія прадпрымальнікі вырашылі зьвяртацца са сваімі праблемамі наўпрост у адміністрацыю прэзыдэнта, мінуючы мясцовых чыноўнікаў.
2 ліпеня група прадпрымальнікаў хадзіла ў цэнтар занятасьці рэгістравацца беспрацоўнымі.
Пазьней пасьля гэтага Мікола Чарнавус быў затрыманы міліцыянтамі. Віктар Сырыца кажа, што ў пакой да Чарнавуса ў лякарні ня пускаюць нават сваякоў затрыманага.