Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нэлі Халанская: Пра анкалёгію ня кожны наважыцца адкрыцца


У жыхаркі Бабруйска Нэлі Халанскай выявілі анкалёгію незадоўга да яе пяцідзесяцігодзьдзя. Мэдыкі дыягнаставалі рак грудзей. Дзень народзінаў жанчына адзначыла пасьля апэрацыі на бальнічным ложку. Цяпер Нэлі Халанскай 56 гадоў. Прайшоўшы пакутлівы шлях выздараўленьня, яна дапамагае іншым адолець хваробу. Перакананая, што анкалёгія забівае, калі чалавек пачынае шкадаваць сябе і патрабаваць ад іншых шкадаваньня. А яшчэ яна ўпэўненая, што жанчына нават хворай павінна не забываць, што яна жанчына.

Апавядаючы пра хваробу Нэлі Халанская згадвае адзін зь летніх дзён 2007 году. Працавала яна ў дзіцячым садку. На прагулцы, забаўляючыся зь дзятвой, спатыкнулася і ўпала. Дні праз два, кажа, убачыла гематому вышэй грудзей з падазронай зацьвярдзеласьцю. Схадзіла да маноляга. Мэдык запэўніў, што злаякаснай пухліны няма. Яшчэ праз восем месяцаў іншы лекар зьвярнуў увагу на тую ж гематому:

«Гэтае зацьвярдзеньне гэтак і не прайшло. Я пайшла на кансыліюм і там мне сказалі, што ў мяне злаякасная пухліна. Гэтак я даведалася, што ў мяне рак грудзей. Вось неяк так па-дурацку выйшла — ударылася і калі ласка вам... Гістэрыкі ў мяне не было. Наагул па характары я такі чалавек, што ня буду ў гістэрыку ўпадаць. Вядома ж шок быў. І думкі такія былі... Прыйшла да хаты, парадак навяла. Думаю, калі нешта здарыцца, народ прыйдзе і ў кватэры павінен быць парадак, а то скажуць, што нейкая неахайніца жыла. У двары нікому не казала пару дзён. Потым зразумела, што трэба ўсім расказаць — гэта ж апэрацыя — можа любое здарыцца».



Дачка і сын Нэлі Халанскай тут жа прыехалі ў Бабруйск і засталіся да апэрацыі. Як маглі падтрымлівалі маці, вонкава захоўваючы спакой. Маці самой спадарыні Нэлі таксама супакойвала. Даводзячы, што ейная сяброўка перамагла тую ж немач.

«Вядома ж шок і ў іх быў. Я ўпэўненая ў гэтым. Мне, зразумела, пра гэта не гаварылі. Муж дужа перажываў. Хто ня хто, а ён дужа перажываў. І дзеці перажывалі, але каб мяне суцішаць, то не. Я не люблю гэтага. Яны гэта цудоўна ведаюць. 3 кастрычніка 2007 году мне зрабілі апэрацыю. А 13 кастрычніка мне споўнілася 50 гадоў. Такі вось юбілей быў у бальніцы. Мы рыхтаваліся загадзя да гэтага юбілею, думалі як будзем яго адзначаць — як будзе весела. А тут вось такое атрымалася. Я не баялася апэрацыі. Я проста ня ведала, што гэта такое. Мо й добра, што ня ведала. У мяне лет дваццаць таму была сур’ёзная апэрацыя. Тады неяк болей баялася. Потым ужо пасьля апэрацыі было дужа балюча».

Шлях Нэлі Халанскай да выздараўленьня пралёг ня толькі праз апэрацыю, але і праз хіміятэрапію ды апраменьваньне. Жанчына прызнаецца, што было цяжка і тады шмат што перадумала:

Ня кожная жанчына скажа, што ў яе рак. Я сама шмат думала пра гэта — чаму няма такой адкрытасьці ў гэтым? Мне падаецца, што гэта ўкаранілася здавён, што пра гэта неяк сорамна казаць.
«Гістэрыка была пасьля першай хіміятэрапіі. Да таго як мне яе зрабілі — сын у мяне гасьцяваў. Кажа, пайшлі табе парык выберам, каб ты адна потым не хадзіла. Мы з ім тады паўдня прахадзілі па крамах. Ён мяне тады ўсе парыкі прымусіў памераць. Выбралі такі, які спадабаўся. Пасьмяяліся тады. І вось пасьля першай „хіміі“ павылазілі ўсе валасы. Я залезла пад душ, намыліла і ўсе іх „зьняла“. Вось тады ў мяне была гістэрыка. Вось тады я сябе пашкадавала. Апраменьваньне чамусьці дужа цяжка пераносіцца. „Хімія“ і апраменьваньне цягнулася амаль два гады. Здавалася тады, каб можна было вярнуць некаторыя моманты, то іначай іх пражыла б. Але ж нічога ня вернецца, якім жыцьцё было, такім і застанецца. Яе трэба зьмяняць цяпер. Я заўжды спагадала людзям, якія хварэюць, але мне цяпер хочацца ўсім дапамагчы, наколькі дазваляюць мае сілы».

Спадарыня Нэлі адзначае, што не абрынуцца ў дэпрэсію, пачуўшы ад мэдыкаў дыягназ «рак», надта цяжка. Невыносна цяжка, кажа, бо анкалёгія хвароба пра, якую стараюцца людзі не казаць. Яе нібыта і няма — яна недзе на ўскрайку захворваньняў. У гутарках яе абмінаюць.

«Само слова гэта страшнае «Рак». Усе баяцца яго і ня дужа хочуць гаварыць на гэтую тэму. Ёсьць хваробы зьвязаныя з сэрцам — інфаркты, інсульты — пра гэта больш гаворыцца. А, вось, пра злаякасныя пухліны наагул ня кажуць. Нават публікацыяў на гэтую тэму асабліва няма. Калі цябе гэта закранула, то ты пачынаеш шукаць. Ня кожная жанчына скажа, што ў яе рак. Я сама шмат думала пра гэта — чаму няма такой адкрытасьці ў гэтым? Мне падаецца, што гэта ўкаранілася здавён, што пра гэта неяк сорамна казаць. Ды й балюча пра гэта казаць. А яшчэ, каб не ссурочыць: «Я буду расказваць, буду казаць, што мне лепей ужо, а раптам потым стане ўсё кепска».

Спадарыня Нэлі зазначае, што дужа цяжка перажыць і пасьляапэрацыйную рэабілітацыю. Здаецца, кажа яна, што за плячыма засталіся бальнічныя пакуты, і чакаеш палёгкі, аднак даводзіцца доўга прызвычаіцца жыць у нязьведаных да хваробы ўмовах. Чалавек пасьля анкалёгіі нібыта нараджаецца наноў:

Я ведаю шмат выпадкаў, калі людзі не выжывалі, хаця маглі выжыць. Тады пачынаеш думаць не пра чаму, а для чаго табе дадзеныя богам гэтыя выпрабаваньні
«Калі ты ляжыш у бальніцы, то побач з табой табе падобныя. Там усе хворыя. А калі выходзіш з бальніцы, то такое адчуваньне, што на цябе ўсе глядзяць. Што такое жанчыне — выдаліць грудзі? У нас жа дужа цяжка з пасьляапэрацыйнай бялізнай — гэтак мовіць — з пратэзамі. Пратэзы, вядома ж ёсьць, але яны дарагія. У нас ёсьць напрыклад цудоўныя французкія, ці нямецкія пратэзы, але ж яны каштуюць амаль два мільёны. Ня кожная наша жанчына наважыцца і за чатырыста тысяч купляць штогод. Мяняць жа трэба — штогод! У нас неяк прыстасоўваюцца — самі сабе робяць пратэзы. Я вось хадзіла ў парыку. Дужа цяжка прывыкнуць да гэтага. У першы, ці другі год пасьля апэрацыі я б ня стала нават гаварыць на тэму хваробы. Паўтаруся, проста ня трэба сябе шкадаваць. Вось пачнеш сябе шкадаваць: „Якая я няшчасная, дапамажыце мне. Я лысыя і непрыгожая — дапамажыце мне“, то гэта ўжо ўсё».

Той, хто прайшоў праз анкалёгію, упэўнена кажа спадарыня Нэлі, неаднойчы запытваў сябе «Чаму ён сярод тых хто захварэў на яе?». А які адказ у гэтага пытаньня?

«Кожны ў душы пэўна ведае адказ, які ня хоча казаць услых. Мы ж ня без граху. Ці так? Нам жа відаць гасподзь не аднойчы падказваў у больш мяккай форме: „Не рабі гэтак“. Але, калі ты не разумееш, то, мо цяпер зразумееш. Можа тыя хто разумеюць — тыя і выжываюць. Я ведаю шмат выпадкаў, калі людзі не выжывалі, хаця маглі выжыць. Тады пачынаеш думаць не пра чаму, а для чаго табе дадзеныя богам гэтыя выпрабаваньні. Думак шмат было перадумана... Падтрымка сям’і, дзяцей, блізкіх — гэта самае галоўнае. Каб табе не нагадвалі толькі пра тваю хваробу. І самой сабе ня трэба рабіць палёгкі: „Я хворая! Рабіце ўсё за мяне, даглядайце за мной!“. Гэта да дабра не вядзе!».

Чаму хворых на анкалёгію становіцца ўсё болей? Чаму жанчыны ня могуць уратаваць сябе ад гэтай хваробы? «Жанчыны, кажа спадарыня Нэлі, не прывучаныя хадзіць на рэгулярныя абсьледаваньні да мэдыкаў. У жанчын на гэта проста не стае часу.

«Цяпер так цяжка нам. Цяпер такое жыцьцё цяжкое ў нас. Сям’ю даглядзець — дзяцей. Неяк мы не прызвычаіліся сабе шмат надаваць увагі. Экалёгія ў нас напэўна таксама ўплывае. Той жа Чарнобыль».

— «Вы сказалі, што жанчыне няма калі за сабой глядзець — у гэтым віна мужчын? Ці ўсё ж жанчын? Ці можа быць мужчыны жывуць — гэтак як ім зручна і забываюць пра жанчын?»

— «Так. Яны жывуць у бальшыні сваёй гэтак, як ім зручна. І згадваюць пра жанчыну, жонку, калі нешта здараецца. Сябе шкадуюць — як жа я застануся адзін. Проста жыве жанчына. Больш перажывае — за дзяцей, мужа. Як пражыць, што купіць. Як казаў адзін лекар: «Рак сілкуецца нэрвамі».

Мінула больш за шэсьць гадоў ад таго дня, калі Нэлі Халанскай паведамілі, што ў яе рак. Чаму хвароба навучыла і што хочацца ёй сказаць тым хто яшчэ праходзіць свой шлях выздараўленьня?

«Пасьля апэрацыі правая рука ня дзейная. Нічога ня можаш рабіць. Нічога не атрымліваецца, а падсьвядом’е патрабуе нейкай дзейнасьці. Я пад час апраменьваньня пайшла на кампутаровыя курсы. Потым я пачала займацца вышыўкай. Паспрабавала дужа шмат заняткаў. Толькі, каб не сядзець. Калі сядзіш і нічога ня робіш — якія думкі? Ты ж прыслухоўваесься да сябе. Там кальнула, там забалела. А што будзе далей? А калі ты ў дзейнасьці, занятая нечым, то ўжо для благіх думак няма часу і месца ў галаве. Ужо мінула шэсьць гадоў, а кажуць мэдыкі, што пасьля пяці гадоў, — вы здаровыя. Цяпер стараюся ня думаць, што гэта можа паўтарыцца».

У дзіцячым садку Нэлі Халанская адпрацавала дваццаць гадоў. Пасьля хваробы паспрабавала вярнуцца да дзятвы, аднак на доўга не атрымалася.

«Бабруйск горад невялікі. Амаль усе выхавацелькі ведаюць адзін аднаго. І ўсім было цікава, што ж гэта такое за хвароба. І вось гэтыя пытаньні, а што, а як — для мяне былі непрыемныя. Па-другое ў мяне быў аслаблены імунітэт і дастаткова было на мяне чхнуць, альбо яшчэ нешта і вось, я недзе паў тары месяцы адпрацавала, і два разы хварэла. І мае дзеці мне сказалі: «Мама, досыць»



У тыя неспакойныя для Нэлі Халанскай дні нарадзіўся ўнук. Ён надаў ейнаму жыцьцю новы імпульс. Яна наноў акрыяла. А яшчэ яна дапамагае парадамі тым, хто сутыкнуся з ракам. У Бабруйску пры яе ўдзеле ўтварылася група ўзаемадапамогі і псыхалягічнай падтрымкі анкапацыентам. Яна не вялікая. Разам яны вучацца жыць, адольваючы хваробу, вучацца не заставацца зь ёй сам насам...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG