Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Фрэнкель з клюшняў раку вырвала і сябе, і сына


Ірына Фрэнкель распавядае, як вылекавала рак ў сябе і сына
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:27 0:00
Наўпроставы лінк

Ірына Фрэнкель распавядае, як вылекавала рак ў сябе і сына

Раскажыце вашу гісторыю пра жыцьцё пасьля раку. Якім досьведам хацелі б падзяліцца? Як зьмяніліся прыярытэты? Ці зьявілася новае разуменьне сэнсу жыцьця? Дашліце ваш фотаздымак і кароткі тэкст на мэйл radiosvaboda@gmail.com


У Ірыны Фрэнкэль з анкалёгіяй асаблівыя рахункі. Ад раку памерла мама, праз страшны дыягназ і доўгую рэабілітацыю прайшлі яна сама і яе сын Арцём. Чарада бясконцых хваробаў разваліла сям’ю — ня вытрымаў псыхалягічнага і фізычнага напружаньня муж. Аднак выпрабаваньні загартавалі — цяпер Ірына дапамагае ня траціць прысутнасьці духу тым, хто трапіў у цяжкое становішча.

Гледзячы на энэргічную, усьмешлівую жанчыну, якая сустракае мяне ля дзьвярэй сваёй кватэры ў Смаргоні, ніяк ня скажаш, што некалі яе лёс вырашаўся на апэрацыйным стале ў Бараўлянах. Хвароба выявілася выпадкова, на піку жыцьцёвага росквіту: на дварэ быў 1987 год, Ірыне Фрэнкель — 28. Дыягназ — рак шыйкі маткі:

Ірына на фоне сынавай працы
Ірына на фоне сынавай працы





«Гэта здарылася абсалютна выпадкова, нават у думках нічога падобнага не магло ўзьнікнуць. У нас быў звычайны мэдагляд, падчас якога выявілася невялікая кіста. Мне параілі зрабіць апэрацыю, сказалі — едзь ты ў Менск, прынамсі будзе лепш, чым у Смаргоні. Знайшліся сябры, якія празь Леаніда Путырскага, былога галоўнага мамоляга рэспублікі (тады ён яшчэ быў звычайным лекарам-анколягам у аддзяленьні мамалёгіі) паклалі зрабіць апэрацыю. А калі ўжо трапіла ў анкалёгію, сталі абсьледаваць. І знайшлі. То бок можна сказаць, што мне яшчэ пашчасьціла: не прайшоў час, не дайшло да таго, каб гэта выявілася на далёкай стадыі хваробы. Такая вось выпадковасьць. І, можа, таму, дзякуй Богу, столькі гадоў ужо мінула. Апраменілі, выдалілі, і ўсё».

Ірына Фрэнкель нарадзілася ў Данецкай вобласьці. Яшчэ школьніцай з бацькамі пераехала ў Бурацію, ва Ўлан-Удэ. Пасьля школы паступіла ва Ўсходне-Сыбірскі тэхналягічны інстытут на спэцыяльнасьць «тэхналёгія скуры і футра». Але адвучылася толькі тры курсы — бацькі зноў перадысьлякаваліся, гэтым разам на Паўночны Каўказ. Ірына ж вярнулася на радзіму — скончыла Данецкі політэхнічны інстытут, атрымала прафэсію інжынэра-хіміка. Зрэшты, паводле профілю працуе толькі апошнія гады — лябарант хіміка-бактэрыялягічнага аналізу пітной вады на водазаборы «Карані».

У Беларусь прыехала ў 1982-м па накіраваньні мужа. Яго разьмеркавалі на Смаргонскі завод аптычнага станкабудаваньня, падпарадкаваны абароннай прамысловасьці. Паколькі адміністрацыя чакала толькі аднаго маладога спэцыяліста, ужо цяжарнай 23-гадовай Ірыне на час дэкрэтнага адпачынку прапанавалі «акунуцца» ў камсамол. Адлік сваёй пазьнейшай грамадзкай дзейнасьці яна вядзе менавіта ад таго часу, а завязаныя колісь кантакты дапамагаюць дагэтуль. Але пасьля 1987-га жыцьцё падзялілася на «да» і «пасьля» раку. З аднаго боку, поўная цьмянасьць пэрспэктываў, зь іншага — інваліднасьць і рэгулярныя абсьледаваньні на выпадак рэцыдыву:

«Звычайныя ў такіх выпадках працэдуры. Спачатку кожныя тры месяцы, потым раз на паўгода, потым штогод. Што ўвогуле можна сказаць? Самае жахлівае ўва ўсім гэтым было тое, што парэзалі і выставілі фактычна ў нікуды. Мне было 28 гадоў. Жыцьцё ня тое што толькі пачыналася, можна сказаць, увогуле чалавек яшчэ ня жыў! Сыну Арцёму толькі 6 гадоў! Лекары гэткія ж маладыя, як і я. Ніхто нічога не сказаў, як мне далей існаваць, як з мужам жыць, што наагул рабіць. Таму сама чытала кнігі, шукала розныя спосабы рэабілітацыі, хтосьці нешта падказваў. Але я б не сказала, што неяк моцна старалася сябе лячыць, не. Відаць, усё ж маладосьць сваё брала, час».

Паводле Ірыны, пасьля апэрацыі станавіцца на ногі было надзвычай складана — камсамол неўзабаве ляснуў, і нічога не заставалася, як перакваліфікавацца ў «надомнікі»:

«Пасьля таго як я пабыла на „групе“, пачаліся скарачэньні. Зразумела, што я першая пад іх трапіла. Давялося звольніцца, бо не было ніякага сэнсу за гэтую сыстэму чапляцца. Сядзела дома, працавала. Дакладней, вязала. У мяне ёсьць вязальная машына, станок, і я 10 гадоў вязала. Ніякі не прадпрымальнік, проста брала заказы. Якраз такі пэрыяд, што ў крамах не было ні трыкатажу, нічога абсалютна, таму нават нейкія шапачкі, штонікі — усё ішло. Гэта мяне, вядома, уратавала. Апошнія 8 гадоў працую ў сыстэме жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Засталіся нейкія 1,5 года да пэнсіі, вось і ўся праца. Уласна кажучы, у пэнсію мне пойдзе, відаць, толькі мая ЖКГ. То бок асабліва не разгуляесься. Бо тыя 10 гадоў я нідзе не афармляла — нявыгадна, падаткаў трэба было шмат плаціць. А калі захварэў Арцём, можна сказаць, што не жылі, а проста выжывалі. З працы давялося сысьці, знайсьці новую было немагчыма. Бацькі, вядома, дапамагалі, але было вельмі цяжка».

Сапраўдным маральным паратункам ад дрэнных думак і дэпрэсіі стаў самадзейны тэатар «Ліцадзеі», створаны з ініцыятывы смаргонскага мастака Аляксандра Іванова і ягонай жонкі Ларысы. Але звалілася чарговае выпрабаваньне:

«Вось здымак, я — „ліцадзейка“. Гэта, вядома, зрабіла сваю добрую справу — адцягнула ад дурных думак, мабыць, гады на два. Мы тады ў літаральным сэнсе жылі тэатрам, жыцьцём, якое насамрэч было цікавае, вясёлае. Езьдзілі з канцэртамі па раёне, нас ведалі. Але прыйшла бяда. У нашага кіраўніка Сашы Іванова (у нас па ўсёй кватэры ягоныя карціны) на трэніроўцы здарылася траўма — ён зламаў шыю. І вось ужо больш за 20 гадоў ён у такім нямоглым стане — ня можа сядзець, ня рухаюцца рукі, ногі. Нягледзячы на гэта, ён па-ранейшаму малюе — зубамі. Адна зь ягоных працаў нядаўна заняла першае месца на міжнародным конкурсе такіх, як ён, мастакоў, больш за 100 удзельнікаў. Ён мастак ад Бога, заканчваў нашу Акадэмію мастацтваў. З Сашам і ягонай жонкай Ларысай мы сябруем, яны жывуць у нашым доме. Яго прыклад няскоранасьці таксама даў сілы, даў стымул жыць. А калі праз 10 гадоў здарылася такое з сынам, я пра свае праблемы ўвогуле забылася».

Перад ад’ездам з сынам у Бараўляны
Перад ад’ездам з сынам у Бараўляны



У 1996 годзе Ірына Фрэнкель далучаецца да руху «Беларускай асацыяцыі маладых хрысьціянскіх жанчын» — псыхалягічны стан пасьля апэрацыі і фізычнага аднаўленьня патрабаваў эмацыйнага выхаду. Аднак ужо праз год грамадзкая дзейнасьць прыпыняецца жахлівай навіной — у 15-гадовага сына знайшлі пухліну памерам 9×12 сантымэтраў:

Пасьля «хіміі» ў Арцёма адрасла ільвіная грыва
Пасьля «хіміі» ў Арцёма адрасла ільвіная грыва



«Цяжка ўявіць, адкуль гэта магло ўзяцца ў падлетка. Але знайшлося невыпадкова. Здарыўся прыступ ныркавай колікі. Шмат у каго бываюць такія прыступы — солі ідуць, ды ці мала што. У некаторых людзей гэта прыкладна як прыступы болю галавы. Арцём трапіў у наш шпіталь у Смаргоні. Там яго пракапалі, і праз суткі ўсё выдатна, нічога не баліць. Але малады лекар западозрыў нядобрае: аналізы добрыя, але ж прыступ штосьці выклікала? Зрабіў УЗІ, выклікаў мяне: прабачце, можа, я памыляюся, але ў яго пухліна. І пухліна вялікая. Для мяне гэта быў як гром сярод яснага неба — не было нават ускосных намёкаў. Вядома, я яго ў ахапку — і ў Менск, у 4-ю ўралягічную клініку. Адразу да загадчыка аддзяленьня — дапамажыце. А ён глядзіць на заключэньне нашага лекара — ня можа быць. І нават калі мы прыехалі ў Бараўляны, там паглядзелі і сказалі тое ж — ня можа быць. Зусім не сумяшчалася, што такая пухліна можа быць у падлетка. Ёсьць дзіцячы рак і, адпаведна, дзіцячыя пухліны. А ёсьць дарослыя. Дык вось у яго аказалася пухліна дарослага чалавека. Ён у дзіцячай клініцы быў першым пацыентам з такім дыягназам. Нават лекары раней з такім не сутыкаліся».

Арцём зь сябрам пасьля хіміятэрапіі
Арцём зь сябрам пасьля хіміятэрапіі



Наступны год Ірына і Арцём правялі ў шпіталі. Хлопец праходзіў складаныя працэдуры, мама была за няньку. А ў перапынках хворымі дзецьмі займаліся псыхолягі. Іх заслугу ў рэабілітацыі Ірына Фрэнкель увогуле лічыць першачарговай. Асабліва ўдзячная анкапсыхолягу Тамары Вашкевіч, якая праз арттэрапію вярнула ў строй дзясяткі, калі ня сотні, дзяцей:

Анкапсыхоляг Тамара Вашкевіч
Анкапсыхоляг Тамара Вашкевіч



«Апэрацыя, курс хіміятэрапіі, пяць найцяжэйшых курсаў гіпэртэрміі. І псыхалёгія. Пасьля гэтага Арцём пачаў маляваць. Ягоныя малюнкі, якія вісяць у нашай кватэры, — гэта якраз вынік арттэрапіі. Вядома, працы своеасаблівыя, прапушчаныя празь перажытае. А ўвогуле, як кажуць, не было б шчасьця, ды няшчасьце памагло. Арцём вучыў францускую мову, і праз таварыства „Дзеці ў бядзе“ ўдалося паехаць у Францыю. Там набыў моўныя навыкі яшчэ большыя, пазнаёміўся зь цікавымі людзьмі, з мастакамі. Вось вынік паездкі — маляваў Нотр-Дам, Сабор Парыскай Маці Божай.

Але здарыліся і іншыя падзеі. У гэты час у нас адбыўся развод з мужам. Сытуацыя бывае такая, што нехта не вытрымлівае. Так, на жаль, і адбылося. Ня ўсе могуць вынесьці такое і маральнае, і фізычнае напружаньне. Бо літаральна ўва ўсім трэба было сябе ўшчаміць. У той пэрыяд якраз наш сябра, мастак Саша Іваноў, можна сказаць, замяніў Арцёму бацьку».

З другім мужам Тэймурам Пагасянам
З другім мужам Тэймурам Пагасянам



Пасьля шпітальнай эпапэі трэба было прыстасоўвацца да жыцьця ў новых умовах. А на самой справе, удакладняе Ірына, ува ўсім сабе адмаўляць:

"Пасьля цяжкога лекаваньня вымушана сядзелі на дыеце, а фактычна – нічога ня елі. У мяне дома нічога не было, акрамя аўсянай кашы, мёду, казінага малака. Таксама рабілі сокі з гародніны, пераважна з морквы. Вось такое харчаваньне. Года паўтара, напэўна, пасьля бальніцы былі на такім вось жорсткім рэжыме. У гэты пэрыяд Арцём актыўна загартоўваўся, хадзіў босы па сьнезе. Яшчэ там, у Бараўлянах, пасьля хіміі, пасьля апэрацыі – сабраўся, разуўся і пайшоў гуляць. Прычым ніхто яму нічога ня раіў, усё сам. Дарэчы, ён і мяне навучыў хадзіць басанож. Шмат да чаго дадумваўся сам, лічыў, што арганізму так страсянуцца толькі на карысьць. Увогуле Арцём малайчына, што падпарадкоўваўся, не супраціўляўся, хоць часам была проста пакута".

Сёлета ў Арцёма юбілей – яму 30 гадоў. І паўтара дзясятка гадоў пасьля абвяшчэньня страшнага дыягназу. Выбраць далейшы шлях паспрыяў мастацкі досьвед, набыты ў шпіталі. Своечасова дапамог зарыентавацца і другі Ірынін муж – вядомы ў Смаргоні музыка і кампазытар Тэймур Пагасян. Ён ня толькі прышчапіў хлопцу цікавасьць да кантрабаса, але фактычна скіраваў у патрэбнае рэчышча. Цяпер Арцём – прафэсійны музыка:

"Арцём надзвычай цікавы чалавек, своеасаблівы. Ён прафэсійны музыка, грае на кантрабасе. Як і мой другі муж, Тэймур, таксама музыка. Арцём скончыў Кёльнскую кансэрваторыю ці, больш правільна, Акадэмію музыкі. Цяпер на паўгадавым кантракце працуе на караблі, на круізным пасажырскім лайнэры, які возіць турыстаў па Міжземным моры. Вось у сярэдзіне кастрычніка чакаем на пабыўку. Арцём – таленавіты музыка, і гэта ня толькі наша думка".

Дарэчы, зь сябрамі-музыкамі Арцём даў вялікі канцэрт для пацыентаў дзіцячага анкалягічнага цэнтру ў Бараўлянах, дзе калісьці лячыўся сам. Так уласным прыкладам ён прадэманстраваў, што з ракам можна і трэба змагацца. У сваю чаргу, як цяпер аналізуе Ірына, пры больш прафэсійным падыходзе разьвіцьцё хваробы ў сына, напэўна, можна было б спрагназаваць:

"Выглядае, што ўсё было зьвязана зь лёгкімі. Арцём калі нарадзіўся, у яго не разгарнулася правае лёгкае. Адсюль – і правая нырка. Вось каб ведаць гэтую сувязь, магчыма, можна было б нешта кантраляваць і папярэдзіць. Бо, як мне сказалі лекары, усё што на нырках, расьце вельмі доўга. У яго пухліна была памерам прыблізна 9х12, гэта вельмі вялікая пухліна, нават большая, чым сама нырка. Яна расла, праўдападобна, доўга, можа, не адзін год. Прычым падступнасьць у тым, што вакол ужо былі лімфавузлы, а яна сябе нічым не выдавала. То бок каб ня тая ныркавая коліка – ну, ня ведаю, зьеў нешта салёнае, што дало гэты штуршок – і каб лекар на УЗІ не разгледзеў, яна б так і сядзела да апошняга. А тады ўжо было б позна. Таму што былі лімфавузлы, ужо былі мэтастазы".

. У палаце разам зь нямецкімі валянтэрамі
. У палаце разам зь нямецкімі валянтэрамі



Некалькі апошніх гадоў Ірына Фрэнкель дапамагае не адчайвацца іншым людзям, хворым на рак. У "Беларускай асацыяцыі маладых хрысьціянскіх жанчын" яна выступае трэнэрам па такіх тэмах, як "Прафіляктыка раку малочнай залозы", "Супрацьдзеяньне гандлю людзьмі", "Супрацьдзеяньне хатняму гвалту". Але ў памяці заўсёды пульсуе напамін – усё магло павярнуцца зусім інакш:

"Мне пашчасьціла ў тым, што я трапіла ў Бараўляны. Калі б я там не апынулася, магчыма, усё скончылася б інакш. Проста я апынулася ў лекараў, якія мусяць грунтоўна абсьледаваць пацыента. Гэта ж анкалёгія. Таму яны ня проста мяне абсьледавалі, а прамацалі ад пачатку і да канца. Калі б я трапіла проста ў нейкую гінекалёгію, гэта было б абавязкова прапушчана. А потым, у той час яшчэ нават не была вывучаная прычына майго захворваньня. У мяне дыягназ быў – рак шыйкі маткі. Гэта цяпер ужо вядома, што прычынай – вірус папілёмы чалавека, ад якога ёсьць вакцына. А тады пра гэта не гаварылі. У 1987 годзе такіх заключэньняў яшчэ не існавала. Таму было, як кажуць, бамбаваньне ўсьляпую. Перад апэрацыяй доза апраменьваньня – на працягу 59 хвілінаў – пасьля чаго ўсё проста выдаляецца. Вось і ўсё".

На глыбокае перакананьне Ірыны Фрэнкель, панічную боязь раку трэба пераадольваць, але ні ў якім разе не заставацца зь бядой сам-насам. Да таго ж, па яе словах, трэба перастаць успрымаць анкалягічны дыягназ як сьмяротны прысуд:

"У кастрычніку ва ўсім сьвеце праходзяць міжнародныя акцыі, накіраваныя на прафіляктыку раку малочнай залозы. Мы таксама рыхтуем артыкулы, разносім улёткі – у шпіталі, у паліклінікі. Які эфэкт? У газэце могуць пратрымаць, своечасова ня выдаць, падкараціць па-свойму. Я напісала матэрыял, дзе ў назьве было слова "рак". Яны ня сталі даваць, зьмянілі. Баяцца. Чаму? Каб людзі перасталі баяцца, трэба больш пра гэта гаварыць, пісаць. Як Путырскі казаў: якая розьніца – апэндыцыт ці рак? 3% пацыентаў паміраюць ад апэндыцыту, але ніхто чамусьці яго не баіцца. Рак, вядома, біч, чума, але ж не на першым месцы, нешта ўжо можна супрацьпаставіць. Часта людзі проста не зьвяртаюць увагі, а галоўнае тут – ня страціць час. Мая мама памерла ад раку малочнай залозы. Але я лічу, каб крыху раней забілі трывогу, можна было б яе ўратаваць. Вечна гэтая праца – ай, потым, калі-небудзь. Не. Потым зьвернесься ў нашу мэдыцыну, дык ніколі не захочаш туды зноў трапіць. Час патраціш, а атрымаеш толькі адпіскі. Вядома, ня ўся ахова здароўя аднолькавая, ёсьць і горшае, і лепшае".

З калегамі ў лябараторыі
З калегамі ў лябараторыі



Цяпер Ірына Фрэнкель кіруе праектам «Разьвіцьцё сфэры паслугаў сацыяльна-псыхалягічнай дапамогі для анкапацыентаў як сацыяльна-ўразьлівай групы насельніцтва». На яе думку, надзвычай важна, калі пра тое, як удалося адолець хваробу, могуць расказаць ня толькі лекары, а і ўчорашнія пацыенты. Дзеля гэтага ў Смаргоні ініцыяваная і рэалізуецца сыстэма псыхоляга-сацыяльнай дапамогі — з прыцягненьнем прафэсійных псыхолягаў, псыхіятра, анколяга і саміх тых людзей, якія балянсавалі на мяжы жыцьця і сьмерці. Перадусім наладжаная кампанія інфармаваньня пацыентаў, якім пастаўлены несуцяшальны дыягназ — рак. Наступны крок — арганізацыя групаў самадапамогі зь ліку анкапацыентаў і іхніх блізкіх. Смаргонскі досьвед ужо рэкамэндаваны для перайманьня ў іншых рэгіёнах Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG