Апошнія гады падручнікі па гісторыі перапісваліся некалькі разоў. Гэта й ня дзіўна ў краіне, якая за 12 гадоў існаваньня не займела ні сваёй дзяржаўнай ідэалёгіі, ні дакладна акрэсьленага напрамку разьвіцьця. У гэткай безарыенцірнай прасторы гісторыкам сапраўды няпроста. Дацэнт Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Якаў Трашчанок напісаў свой варыянт дасавецкай гісторыі Беларусі, які сёлета ў якасьці падручніка трапіў у ВНУ. Кнігу ўважліва прачытаў выкладчык Гарадзенскага дзржунівэрсытэту імя Я.Купалы, доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч.
(Міхась Скобла: ) “Алесь, чым адрозьніваецца ад ранейшых падручнікаў па гісторыі гэты, напісаны Якавам Трашчанком?”
(Алесь Краўцэвіч: ) “Гэты падручнік, напісаны й выдадзены па-расейску, адрозьніваецца тым, што ён створаны на прамую замову й на даручэньне прэзыдэнта Лукашэнкі, ён закліканы адпавядаць бягучаму палітычнаму моманту. Калі гаварыць пра канцэпцыю падручніка, яе можна выказаць адной цытатай: “Сумеснае гістарычнае жыцьцё з Расеяй уратавала беларускі народ ад дэнацыяналізацыі і прывяло яго да нацыянальнага самавызначэньня ў форме сувэрэннай дзяржавы пасьля перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі”. Гэта — асноўная ідэя, якая пранікае праз усе разьдзелы падручніка, і яна ж актуальная для сёньняшняга палітычнага моманту”.
(Скобла: ) “Пра адносіны з Расеяй мы яшчэ пагаворым. Напісаньне падручнікаў даручаецца, як правіла, спэцыялістам з навуковымі ступенямі, з адпаведным прафэсійным аўтарытэтам. Што з гэтага гледзішча ты можаш сказаць пра свайго калегу спадара Трашчанка?”
(Краўцэвіч: ) “Да нядаўняга часу яго імя было невядомае навуковай грамадзкасьці. Яго колішні вучань, цяперашні кіраўнік Беларусі, успомніў, што Трашчанок вучыў яго ў Магілёўскім пэдінстытуце і паставіў яму двойку…”
(Скобла: ) “А адкуль такая інфармацыя?”
(Краўцэвіч: ) “Гэта нам стала ад магілёўскіх калегаў-гісторыкаў, паінфармаваных у гэтай справе. Таму што, калі зьявіўся новы падручнік, які раптам пратэгуецца на ўзроўні першай асобы ў дзяржаве, мы зацікавіліся аўтарам. Аказалася, што ён — чалавек пэнсійнага веку, выкладчык гістфаку Магілёўскага пэдунівэрсытэту, які ня мае навуковай ступені, ён у свой час закончыў асьпірантуру, але не абараніўся. І адзіная прычына зьяўленьня яго на пярэднім пляне — яго дачыненьне да навучаньня Аляксандра Лукашэнкі”.
(Скобла: ) “Калі я загаворваў са знаёмымі гісторыкамі пра падручнік Трашчанка, многія зь іх пасьміхаліся: гэта несур’ёзна, гэта памфлет, пародыя і г.д. Але выбачайце — па гэтай “пародыі” будуць вучыцца 5000 студэнтаў. Менавіта гэткі наклад кнігі. Ці адзін падручнік ня зможа нанесьці вялікай шкоды беларускай гістарычнай адукацыі?”
(Краўцэвіч: ) “Навуковая вартасьць гэтага падручніка ніжэй сярэдняй, пра гэта трэба сказаць адназначна. Ягоная магчымая шкода ў тым, што ён выйшаў вялікім накладам, і, магчыма, будзе ўводзіцца адміністрацыйным парадкам у сыстэму гістарычнай адукацыі. Выкладчыкі, якія маюць пачуцьцё ўласнай і прафэсійнай годнасьці, будуць старацца яго ігнараваць. Але ў нашых ВНУ многа выкладчыкаў пэнсійнага веку, якія залежаць ад кантрактаў, якія гатовыя рабіць усё, што загадае адміністрацыя інстытуту ці ўнівэрсытэту, каб утрымацца на месцы.
І яшчэ адзін нюанс. Эліта студэнцтва, якая самастойна арыентуецца ў сытуацыі, натуральным чынам будзе шукаць іншых, больш вартасных падручнікаў. Але асноўная маса, якая веды па гісторыі звыкла атрымліваць з афіцыйнай літаратуры, падпадзе пад гэты прапагандысцка-ідэалягічны прэсінг. І тут — найвялікшая шкода, бо той, хто прачытае гэты падручнік, будзе думаць, што ў нас ніколі не было сваёй дзяржавы, што мы былі этнічнай масай, будаўнічым матэрыялам для іншых”.
(Скобла: ) “Усе мы былі студэнтамі й ведаем, што на пошук дадатковай літаратуры перад іспытамі заўсёды не хапае часу. А падручнік Трашчанка даволі кампактны — усяго 172 старонкі. Яго стрыжнёвая тэма — дачыненьні беларускіх земляў з Расеяй. Чым вызначаюцца тут падыходы аўтара?”
(Краўцэвіч: ) “Аўтар адкрыта выказвае сваю прыхільнасьць да расейскай дзяржавы. Паводле яго поглядаў, і яны, мабыць, шчырыя, без Расеі ўвогуле не было бы Беларусі. Я зноў жа дазволю сабе цытату: “Толькі ў брацкім адзінстве з усёю Русьсю беларускі народ пабачыў умову сваё шчасьлівай будучыні, за гэта змагаўся й цярпеў, гэта апяваў у песьнях, паэтызаваў у легендах”.
У якасьці прыкладу рэальных адносінаў беларусаў да расейцаў можна падаць высновы аднаго з расейскіх этнографаў, які прааналізаваў прыказкі беларусаў з этнічнай афарбоўкай — як беларусы бачылі палякаў, жыдоў, летувісаў, татараў, расейцаў. І высьветлілася, што самыя нэгатыўныя адносіны ў беларусаў да расейцаў: “Ня так страшны чорт у хату, як маскаль”, “На тое й маскаль, каб красьці” і г.д. Этнограф тлумачыць гэта тым, што працяглы час Беларусь была наводненая прышлай расейскай адміністрацыяй, у тым ліку й войскам, якое было акупацыйным. Гэта што датычыць тэзы пра спрадвечнае яднаньне з брацкім расейскім народам.
Увогуле зьмест кнігі можна пераказаць думкай вядомага нашага гісторыка Анатоля Грыцкевіча: “З такога падручніка вынікае, што яшчэ ў 14 стагодзьдзі беларусы ведалі, што 25 кастрычніка (па старым стылі) 1917 году яны разам з расейскім народам зробяць вялікую кастрычніцкую рэвалюцыю і таму ўсімі сіламі імкнуліся аб’яднацца з расейцамі, каб разам змагацца за сьветлую сацыялістычную будучыню”.
(Скобла: ) “Адным з самых няпростых для беларускіх гісторыкаў заўсёды было рэлігійнае пытаньне, паколькі Беларусь спрадвеку была шматканфэсійная. Як рэлігійнае жыцьцё асьвятляецца на старонках падручніка?”
(Краўцэвіч: ) “Таксама аднабакова і таксама ў рэчышчы духу сёньняшняй палітыкі адміністрацыі прэзыдэнта: праваслаўная царква — самая найлепшая, самая сьвятая; каталіцкая царква — прыгнятальніцкая для беларусаў, спрыяла дэнацыяналізацыі й г.д. Усе, хто зазірне ў гэты падручнік, зьверне ўвагу на гэткае выказваньне: “Беларусь — краіна праваслаўнай цывілізацыі… Праваслаўная царква — маці беларускай нацыі”. Па ўсім падручніку ідзе аднабаковае ўсхваленьне праваслаўнай царквы, якая падаецца як выратавальніца беларускага народу. Рэальнае стаўленьне праваслаўнай царквы да беларускага народу і ягонай культуры мы бачым, і іх нельга назваць прыхільнымі”.
(Скобла: ) “Чытаючы падручнік Якава Трашчанка, я нарэшце зразумеў, чаму ў сталіцы Беларусі да гэтай пары няма помніка Кастусю Каліноўскаму. Паводле магілёўскага гісторыка, ён, па-першае, не Кастусь, па-другое, не беларус, па-трэцяе, не герой, а “нацыянал-экстрэмісцкі міт”. А каб прыслухацца да Трашчанка, то каму помнікі трэба ставіць?”
(Краўцэвіч: ) “У тым самым разьдзеле, дзе ён гэтак адгукаецца пра Каліноўскага, ён ухваляе Мураўёва, піша, што Мураўёў ня толькі вешальнік, але й “таленавіты адміністратар”, які навёў парадак, сялянаў узбагаціў, раздаўшы ім зямлю. Таму й напрошваецца выснова, што помнікі трэба ставіць Мураўёву. Увогуле, у расейскім палітычным жыцьці адбылася дзіўная і цікавая мэтамарфоза, якую перажыў таксама й Трашчанок, які, безумоўна, быў камуністам у свой час. Гэта сынтэз расейскага камунізму з расейскім шавінізмам.
Мы зьдзіўляліся, калі бачылі ў Маскве на дэманстрацыях чырвоныя камуністычныя сьцягі поруч з чорнымі манархічнымі. Яны ж варагавалі, змагаліся між сабой, а цяпер зьядналіся. І гэта пацьвярджае тэзу, выказаную ў мінулым стагодзьдзі заходнімі гісторыкамі пра тое, што Савецкі Саюз — гэта проста мадыфікацыя Расейскай імпэрыі. І вось гэты сынтэз цалкам уласьцівы гісторыку з Магілёва”.
(Скобла: ) “Алесь, з нашай размовы вынікае, што падручнік Якава Трашчанка разбурае сыстэму нацыянальнай гістарычнай адукацыі. Чаму ж на яго зьяўленьне гэтак вяла рэагуюць адмыслоўцы? Адкажы як старшыня Гістарычнага таварыства — арганізацыі, якая аб’ядноўвае айчынных гісторыкаў-незалежнікаў”.
(Краўцэвіч: ) “Нашы гісторыкі ня могуць арганізаваць масавы пратэст, бо амаль усе залежаць ад дзяржаўнай службы. Але ня ўсе маўчаць, ёсьць і такія, якія выказваюцца. Прыкладам, Генадзь Сагановіч у “Нашай Ніве” назваў падручнік Трашчанка “цынічным зьдзекам з гісторыі”. Зь яго крытыкай я згодны, але ня згодны з ацэнкай. Трашчанок ня ставіў мэту зьдзекавацца з гісторыі, ён шчыра верыць у тое, пра што піша. Ён выхаваны ў камуністычных традыцыях і звык вагацца разам зь лініяй партыі. Цяпер партыі няма, дык ён вагаецца разам зь лініяй адміністрацыі прэзыдэнта. Мы будзем пісаць навуковую рэцэнзію на гэты падручнік, які, дарэчы, толькі нядаўна зьявіўся ў студэнцкіх бібліятэках. Пройдзе час, і ён атрымае шырокую і належную ацэнку”.
(Скобла: ) “Прыйшоў час падвесьці рысу пад нашай гутаркай. Некалькі месяцаў таму міністрам адукацыі Беларусі стаў Аляксандар Радзькоў — колішні рэктар Магілёўскага дзяржунівэрсытэту. Чалавек, які дабраслаўляў у сьвет падручнік Я.Трашчанка, — на кнізе стаіць адпаведны грыф. Ці не азначае гэта, што “гісторыя паводле Трашчанка” станецца абавязковай у ВНУ?”
(Краўцэвіч: ) “Хочацца спадзяваца, што міністар спэцыяльна ня будзе ўпіхваць гэтага падручніка ў ВНУ бяз простага загаду з адміністрацыі прэзыдэнта. Сёньня ў нас у краіне такая сытуацыя, што ўсе пасіўна супраціўляюцца гэтаму рэжыму. Але калі будзе загад, ён будзе выконвацца. Я хацеў бы пад канец нашай гутаркі прыгадаць верш Сержука Сокалава-Воюша, напісаны яшчэ ў 1980-я гады:
Гісторыю нашу ўшчэнт
Разьнесьлі — у сілы права.
І нейкі сьляпы дацэнт
Закрэсьліў маю дзяржаву.
Казаў ён — кім вы былі,
Пакуль не прыйшоў Кастрычнік?
Казаў, што на маскалі
Трымаўся шчэ наш язычнік…
На вялікі жаль, гэтыя радкі, прысьвечаныя савецкім падручнікам па гісторыі, вельмі актуальныя й сёньня, і яны трапна характарызуюць працу спадара Трашчанка”.