Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГЛУСКУ ДЭМАНТАВАНЫ ПОМНІК ЛЕНІНУ


Марыя Ўсьціновіч, Глуск

Разбурэньне помніка Леніну ў Глуску пачалося больш за тыдзень таму. Спачатку зьнікла правая рука помніка, якая ўказвала наперад, нібыта ў сьветлае будучае. Улады растлумачылі страту тым, што гіпсавая фігура вельмі старая, яшчэ з паваенных часоў, а тэмпэратурныя скокі гэтай зімы паскорылі працэс разбурэньня.

У Глуску гавораць, што насамрэч рука Леніна паказавала ў бок суседняй Расеі, а яе зьнікненьне супала з адключэньнем газу. Гэта выклікала шмат жартаў, як і наступныя захады раённых уладаў, якія апранулі на пакалечаную постаць Леніна доўгі мех з чорнай тканіны і абвязалі яго вяроўкамі. У такім выглядзе помнік прастаяў больш за тыдзень, і нарэшце райвыканкам арганізаваў дэмантаж. Аднак калі фігуру ўдалося падняць уверх кранам, помнік разваліўся на часткі.

Вось што паведаміў карэспандэнту Свабоды кіраўнік справамі Глускага райвыканкаму Павал Еўпак:

(Еўпак: ) “Помнік на складзе. Інстытут рэстаўрацыі ацэніць, магчымае аднаўленьне помніка альбо не”.

Наконт таго, што ўпрыгожыць у будучым цэнтральную плошчу Глуску, калі ня ўдасца аднавіць старога помніка, людзі вылучаюць і абмяркоўваюць розныя вэрсіі, ад рэальных да фантастычных. Фантан, новы манумэнт Леніну, і нават помнік Аляксандру Лукашэнку. Аднак насамрэч афіцыйнага рашэньня ўлады яшчэ не прынялі.

(Еўпак: ) “Пакуль ня будзе ацэнкі спэцыялістаў пра магчымасьць рэстаўрацыі самой скульптуры, я ня ведаю, што будзе, не магу сказаць. Архітэктар вырашыць”.

Як жыхары Глуску паставіліся да дэмантажу помніка Леніну? Гаворыць старшыня раённага клюбу выбарнікаў Ігар Кірын:

(Кірын: ) “Некаторыя з разгубленасьцю: “А што цяпер будзе?” Былі й тыя, хто варожа і агрэсіўна паставіўся: “Мы Леніна не аддамо!” Але ж дастаткова было і тых, хто з глыбокім задавальненьнем успрыняў гэтую падзею як гістарычную ў жыцьці Глуску”.

Раней адзіным раённым цэнтрам у Магілёўскай вобласьці, дзе на цэнтральнай плошчы няма помніка Ўладзімеру Леніну, быў Амсьціслаў. Там цэнтар упрыгожвае постаць друкара Пятра Мсьціслаўца. Цяпер помніка Леніну няма і ў Глуску.
XS
SM
MD
LG