Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯМКОВІЧ: “БАЛЬШАВІКІ БЫЛІ — БАЛЬШАВІКІ ЗАСТАЛІСЯ”


Ганна Соусь, Менск

Летась 14 верасьня старшыня "Хрысьціянскай злучнасьці "Курапаты" Вацлаў Нямковіч трапіў у аварыю. Некалькі месяцаў давялося быць у гіпсе. Калі ён згадвае гэты выпадак, у яго на вачах сьлёзы — бо крыўдна, што ня змог узяць удзелу ў падзеях, што адбываліся ў Курапатах гэтыя чатыры месяцы. А Курапаты для Вацлава Нямковіча апошнія 14 гадоў ёсьць сэнсам жыцьця.

Грамадзкае аб’яднаньне "Хрысьціянская злучнасьць "Курапаты" было створанае 10 гадоў таму дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў масавых рэпрэсіяў у Курапатах ды іншых мясьцінах Беларусі.

У невялічкай кватэры Вацлава Нямковіча месьціцца сапраўдны архіў — газэтныя публікацыі пра Курапаты, стэнаграмы паседжаньняў, дзе разглядаліся праекты конкурсу на стварэньне помніка, пасьведчаньне аб наданьні Курапатам статусу помніка першай катэгорыі ды іншае.

Мы сядзім за сталом, на якім ляжыць вялікая мапа Курапатаў, і размаўляем. Вацлаў Нямковіч згадвае, як у 1993 годзе ў Чырвоным касьцёле праходзіў конкурс праектаў помніка ў Курапатах.

(Нямковіч: ) "Быў 51 варыянт помніка — ведаеце, то крыж, то страляюць, то зорка ў баку... З 51-го выбралі 26 праектаў. Тады кожны мастак хацеў увекавечыць сваё прозьвішча. З 26-ці выбралі лепшых пяць, потым далучыўся яшчэ шосты. Мастакі "рэжуць" Курапаты ўздоўж і ўпоперак — хто царкву ставіць на гары, хто ўкопвае ў зямлю, хто крыж празрысты, прапануюць кафэ, фантаны..."

Вацлаў Нямковіч мае ўласны погляд на тое, якім мусіць быць мэмарыял у Курапатах.

(Нямковіч: ) "На Курапатах — ня рухаць ямы, на кожнай паставіць крыж. Зрабіць прыгожую мастацкую агароджу. Паставіць дзьве брамы на ўваходзе й выхадзе — Брама Смутку й Брама Надзеі. Уздоўж Алеі Смутку паставіць знакі з усіх "Курапатаў", якія ёсьць у Беларусі, знакі пра ўсіх нашых вялікіх людзей, загінулых у часы бальшавізму. Пасярэдзіне могільніка павінен быць вялікі крыж. У пачатку паставіць маленькую каплічку для ўсіх канфэсіяў. Яшчэ патрэбны навуковы будынак — бібліятэка, кіназаля".

Вацлаў Нямковіч не спадзяецца, што й цяпер, калі чарговы раз будзе абвешчаны конкурс на стварэньне помніка, у Курапатах хутка паўстане мэмарыял. І вось чаму:

(Нямковіч: ) "Бальшавікі былі — бальшавікі засталіся. Ніхто не памяняўся, усе на месцы, яны кіруюць..."

Вацлаў Нямковіч мяркуе, што ў Курапацкай зямлі мусіць быць руплівы гаспадар.

(Нямковіч: ) "Я два гады "адваяваў" — шукаў гаспадара. Як толькі ўзяць — ніхто ня хоча, ніводны музэй у Беларусі. Ёсьць мэмарыял у нас у Хатыні, чаму й ня тут?.. Ёсьць лесапаркавая гаспадарка, але ж гэта паркавая арганізацыя, яны ж не гаспадары гэтага помніку. Няма гаспадара ў мэмарыялу".

Вацлаў Нямковіч пакуль ня бачыць арганізацыі альбо ўстановы, што здолела б стаць сапраўдным гаспадаром нацыянальнага нэкропалю. Але галоўнае цяпер, паводле старшыні "Хрысьціянскай злучнасьці "Курапаты" Вацлава Нямковіча, каб у пытаньні наконт Курапатаў была згода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG