Для беларусаў у Крыме ўсе сьцежкі вядуць у Ялту, да магілы паэта Максіма Багдановіча, што на Старых могілках. Выхадцаў зь Беларусі на паўвысьпе шмат, яны граюць важную ролю ў жыцьці Крыму, дзейнічае Беларускае культурна-асьветнае таварыства Крыму і суполкі ў асобных гарадах, праводзяцца фэстывалі, нацыянальныя сьвяты, конкурсы. А ляўрэаты ўганароўваюцца прэміяй імя Максіма Багдановіча.
Максім Багдановіч быў у Ялце двойчы — лячыўся ад сухотаў. Дом, дзе памёр паэт, не захаваўся, на яго месцы стаіць клюб санаторыю Чарнаморскага флёту. У мясцовым музэі экспануецца кніга, дзе зарэгістраваная сьмерць Максіма.
А будынак, дзе Багдановіч жыў на пансіёне ў свой першы прыезд, у 1909 годзе, захаваўся — ён стаіць на вуліцы, што цяпер носіць імя Максіма Багдановіча. Дом адрамантаваны, мэмарыяльная шыльда на ім нагадвае, што тут жыў Максім. Цяпер тут разьмешчанае рамонтна-будаўнічае ўпраўленьне “Ялтакурорт”, і будаўнікі зрабілі ў будынку куточак, прысьвечаны Максіму — ягоны партрэт, кніжкі, кветкі.
Ад гэтага дому разам з намесьнікам старшыні Саюзу мастакоў гораду Ялты Пятром Якубуком ідзем да Старых могілках. Мінаем старую кіпарысавую алею — стогадовыя дрэвы, якія памятаюць крокі Максіма, месцамі паўрасталі ў цагляную агароджу. Спускаемся ніжэй, да рэчкі Вадападнай, а там за вінаграднікам, на горным схіле — Старыя могілкі. Магіла Багдановіча ня ў цэнтры, яе адразу ня ўбачыш.
На паказальніку “Да магілы пісьменьніка Бірукова” нехта акуратна дапісаў чырвонай фарбай “і Максіма Багдановіча”. Крымскі пісьменьнік Мікалай Бірукоў пахаваны зусім побач з Багдановічам, і помнік Бірукову — гранітная глыба — крыху затуляе Максімаву магілу. Пятро Якубук раней тут бываў шмат разоў, але цяпер ідзе да магілы Багдановіча ўпершыню пасьля таго, як гэтым летам быў усталяваны новы помнік Багдановічу. І ён крыху хвалюецца.
(Якубук: ) “Першы раз іду, каб паглядзець новы помнік нашага выдатнага паэта Беларусі. Бірукоў, а вось за ім — вы бачыце, і Максім… Вельмі прыгожа. Зрабілі добра. Добры дзень, Максім! Пашана табе ад нас усіх”.
Пятро Якубук — мастак і ювэлір, шэсьць ён гадоў узначальваў Саюз мастакоў Ялты. Ён сам неяк спрабаваў арганізаваць конкурс на новы помнік Багдановічу сярод скульптараў Крыму, але не знайшлося сродкаў. Ідэя стварэньня новага помніка на магіле Багдановіча ўзьнікла ў пачатку 1990-х, пазьней у беларускім грамадзтве была нават дыскусія, ці варта перанесьці парэшткі паэта ў Беларусь, але большасць выступіла супраць. Абвешачаны дзяржавай конкурс прайшоў у Менску, але на рэалізацыю праекту-пераможцы спатрэбілася яшчэ некалькі гадоў.
Новым помнікам, які выканалі скульптары Гумілеўскія і архітэктар Жлабо, крымскія беларусы захопленыя: лёгкі, зграбны, рамантычны. На магіле паэта восеньскія кветкі ў самаробнай вазе з плястыкавай бутэлькі, некалькі штучных васількоў, цукеркі. Побач на дрэве — бел-чырвона-белы сьцяжок, выразаная з бляхі “Пагоня”.
Старыя могілкі сярод пагоркаў, рачулак, паркаў і сядзібаў гэтай часткі Ялты прыезным знайсьці нялёгка. Кіраўніца менскага самадзейнага гурту “Радзімічы”, які браў удзел у фальклёрным фэстывалі “Ялта-2003”, пазьней нам паскардзілася, што ёй так і не ўдалося патрапіць на магілу Багдановіча — не было каму правесьці.
Зусім не шукалі сюды дарогі шматлікія беларускія чыноўнікі, якія былі на саміце СНД у Ялце з 17 па 20 верасьня: прэм’ер, першы віцэ-прэм’ер, міністры. Сам А.Лукашэнка сюды таксама не завітаў. Мы абмяркоўваем гэта са спадаром Якубуком на Максімавай магіле:
(Якубук: ) “Хай будзе гэта на іхным сумленьні. Бо пасады пасадамі, а чалавечнасьць чалавечнасьцю і культура культурай. Я ведаю, што ў нас тут на беразе Крыму добра ставяцца да прэзыдэнта Лукашэнкі, дай яму Бог здароўя, бо мы бачым у параўнаньні, што ёсьць добрае ў краіне. Але на культуру патрэбна больш увагі. Без культуры ніводны народ ня вычухаецца”.
Пятро Якубук кажа, што калі здолее патрапіць да А.Лукашэнкі, то абавязкова яму пра гэта скажа. Спадар Якубук родам з Камянецкага раёну, былы дзетдомавец, у Крыме жыве пасьля заканчэньня Менскага мастацкага вучылішча ў 1953 годзе. У Беларусі ня быў апошнія 10 гадоў, і цяпер марыць правесьці сваю пэрсанальную выставу ў Менску, агітуе на гэта і яшчэ некалькі іншых ялцінскіх мастакоў-беларусаў, якія прадаюць на набярэжнай свае карціны турыстам. Там сярод субтрапічных краявідаў нельга не заўважыць беларускіх балотцаў, лясоў і нават васількоў — гэта працы іншай беларускай мастачкі зь Ялты Нэлі Трубач.
Сюжэты свае яна прывозіць зь Беларусі — часта езьдзіць да маці ў Вялейку, у Менск, дзе ў эканамічным унівэрсытэце вучыцца яе сын. Пытаюся ў спадарыні Трубач, чаму беларусы Крыму ў большасьці заўзята падтрымліваюць Лукашэнку.
Напэўна, з-за няведаньня рэальнай сытуацыі ў Беларусі, бо яны па-ранейшаму мяркуюць, што там лепей, чым ва Ўкраіне, апрача таго, хоць беларусы Крыму і стаяць у баку ад моўных ды іншых спрэчак расейцаў, украінцаў і татараў, але ўсё ж больш прыхільныя да расейшчыны, да былога Саюзу, калі ў Крыме жылося нашмат заможней.
(Трубач: ) “Я думаю, што гэта і з-за настальгіі па радзіме, якая вельмі далёка. Мы не пераймаемся палітычнай разнагалосіцай, бо ад нас гэта ўсё ж далёка”, — зазначыла беларуская мастачка зь Ялты Нэлі Трубач.
Як і большасьць беларусаў Крыму, дома і з калегамі яна гаворыць па-расейску, беларускую мову прыгадвае толькі ў Вялейцы. Але халела б, каб і дзеці яе ведалі родную мову. У Крыме ж яна патрэбная толькі падчас сустрэчаў у беларускай суполцы, на вечарынах ды паэтычных сьвятах.
Адкрыцьцё новага помніка на магіле Багдановіча заўважылі і вельмі прыязна сустрэлі ў Ялце, пра гэта пісалі амаль усе крымскія газэты, кажа прэсавы сакратар гарадзкога галавы Ялты Тацяна Агаркава:
(Агаркава: ) “Гэта першы такі помнік за апошні час, які цяпер быў усталяваны на Старых могілках у Ялце. У нашым горадзе гэта было ўспрынята зь вялікай павагай да беларусаў, якія не забываюцца пра тых людзей, што засталіся за межамі іх радзімы”.
Беларусаў у Крыме каля 50 тысяч, колькасна гэта трэцяя нацыянальная супольнасьць Крыму. Гаворыць намесьнік кіраўніка Беларускага культурна-асьветнага таварыства Крыму Віталь Бартохаў:
(Бартохаў: ) ”Усе мы тут, беларусы, напэўна сустракаемся дзякуючы таму, што нас нібы зьвязвае, злучае тое, што тут на могілках у Ялце знаходзяцца парэшткі, магіла самага сьвятога для нас чалавека — Максіма Багдановіча. Таму ўсе сьцежкі вядуць у Ялту. І хочаш ня хочаш, а кожны раз або на могілках сустрэнеш земляка, або на вуліцы выпадкова, або дзесьці ў тралейбусе, у мяне часта так здараецца”.
Нядаўна Віталь Бартохаў сустрэў на прыпынку тралейбусу жанчыну, якая прадавала чырвоную ялцінскую цыбулю, выклаўшы яе на беларускі абрус. Не заўважыць родных узораў спадар Бартохаў ня мог. Цяпер ён спадзяецца, што неўзабаве ў беларускай суполцы зьявіцца новая актывістка.
Віталь Бартохаў жыве ў Алушце, родам ён з Гомельшчыны, пакінуў свой Буда-Кашалёўскі раён у 1987 годзе з-за хваробы сына. Ён кажа, што пасьля Чарнобылю тут зьявілася нямала беларусаў-перасяленцаў з забруджаных радыяцыяй раёнаў, асабліва шмат іх у стэпавай частцы Крыму.
Паводле Віталя Бартохава, крымскіх беларусаў усё ж не пакідае крыўда, што калі ў чэрвені ўсталёўваўся новы помнік на магіле Багдановіча, ніхто з Мінкульту Беларусі ці амбасады ў Кіеве не папярэдзіў іх аб гэтым. А трэба было б зрабіць урачыстасьць з гэтай нагоды — такую, як, напрыклад, нядаўняе адкрыцьцё помніка Тарасу Шаўчэнку ў Менску.
(Бартохаў: ) “Гэта ж якая зьява культурная, я ноч ня спаў, думаў, як гэта сталася? Я чакаў гэтай падзеі, два гады таму быў у музэі Багдановіча ў Менску, мне паказвалі праект, думаў: ну вось нарэшце, хутка… Таму крыўдна, што Міністэрства культуры неяк так… Магчыма, яно і не адгарадзілася, але ж самі не прыехалі, карэспандэнтаў не прыслалі, дык ведайце ж, што ў нас ёсьць Крымскае беларускае таварыства. Ёсьць старшыня, ёсьць у многіх гарадах аддзяленьні гэтага таварыства”.
Віталь Бартохаў упэўнены, што сытуацыю трэба выпраўляць, і ў кастрычніку ці лістападзе крымскія беларусы самі наладзяць урачыстае адкрыцьцё новага помніка Багдановічу.
Яшчэ адна праблема, якую ялцінскім беларусам не ўдалося вырашыць разам зь беларускімі ўладамі — выкупіць ці арандаваць нагледжанае імі памяшканьне пад музэй Максіма Багдановіча, якое разьмяшчаецца побач з музэем Лэсі Ўкраінкі, у самым цэнтры гораду. Размовы аб ім доўга ішлі, аж пакуль цяпер яго не выкупіла камэрцыйная структура. Гаворыць ялцінскі беларус Пятро Якубук:
(Якубук: ) “Быў час, калі гэтае памяшканьне было свабоднае, я размаўляў, калі прыяжджалі сюды і ў Лівадыю, зь Міністэрства культуры Беларусі і міністры, і намесьнікі міністраў, я ім казаў: людзі добрыя, трэба ўзяць гэтую частку будынка для нашага вялікага паэта Максіма Багдановіча. Мы б зрабілі тут і месца для ўсёй нашай суполкі беларусаў. Але як заўсёды, мы доўга чухаемся, і яго прадалі”.
Спадар Якубук кажа, што ад ідэі стварыць музэй Багдановіча беларусы Ялты не адмаўляюцца, але рабіць яго недзе на гарадзкой ускраіне ня варта.
Намесьнік старшыні беларускага культурна-асьветнага таварыства Віталь Бартохаў сёлета хоча абавязкова адзначыць 90-годзьдзе выхаду першай і адзінай прыжыцьцёвай кніжкі Багдановіча — “Вянку”.
(Бартохаў: ) “Калі ён тут паміраў, то ў яго апошнія паэтычныя радкі былі прысьвечаныя ягонаму бесьсьмяротнаму тварэньню — “Вянку”:
У краіне сьветлай, дзе я паміраю,
у белым доме ля сіняй бухты,
я не самотны, я кнігу маю
з друкарні пана Марціна Кухты”.
Ягоны сябра, намесьнік старшыні Саюзу мастакоў Ялты Пятро Якубук гаворыць:
(Якубук: ) “Я сюды прыехаў у Крым, мяне цягнула, як Максіма Багдановіча. Мабыць, лёс такі, што нас зьвяло з Максімам тутачкі. Ён аддаў свае апошнія часы нашай роднай Беларусі, але ля берага Чорнага мора. Мусіць, і нас з табою, Віталю, пахаваюць тутачкі”.
Пятро Якубук і Віталь Бартохаў кажуць, што разам зь іншымі сябрамі будуць рабіць усё, каб у Крыме захавалася памяць пра Максіма, каб і слова беларускае гучала, і беларускае мастацтва тут ведалі. Хаця і рабіць ўсё выключна на энтузіязьме нялёгка, у Беларусі ж пра беларусаў Крыму забыліся, — зазначае Пятро Якубук. Апошнія гады дапамога зь Беларусі сапраўды стала вельмі сьціплай: усяго два сцэнічныя касьцюмы, колькі кніжак ды касэтаў. Праўда, у Севастопалі знайшліся свае беларусы-бізнэсоўцы, якія спансаруюць беларускія імпрэзы і самадзейнасьць.