Сымбаль гвалту над асобай у сёньняшняй Беларусі -- прымусова зголеная барада Валерыя Шчукіна. Выпадак, які апошнім часам ня йдзе з галавы. Шасьцідзесяцігадоваму дзеду семярых унукаў у Жодзінскай каталажцы скруцілі рукі і тупым галяком зрэзалі ягоную акладзістую сівую бараду. Гвалтам парушылі вобраз вядомага на ўсю краіну дысыдэнта.
Ва ўспамінах пра адну з сваіх адседак палітычны вязень Шчукін пісаў: "У беларускай "Бастыліі" -- спэцпрыёмніку для дробных хуліганаў -- вельмі зьдзівіліся, убачыўшы ў сябе перад самым Новым годам арыштаванага "Дзеда Мароза": у гэтыя перадсьвяточныя дні мая традыцыйная барада ўспрымалася адназначна як дзедмарозаўская". (Канец цытаты) Дзед Мароз без барады -- ня Дзед Мароз. Грубае парушэньне правоў чалавека тут -- на мяжы з жартам. І ўсё гэта арганічна ўпісваецца ў цяперашні беларускі грамадзкі клімат. Можна скласьці цэлую анталёгію гэтага "чорнага гумару" часоў Лукашэнкі, пачынаючы ад прастрэленага лёзьненскага мэрсэдэса і адбітку міліцэйскага бота на сьпіне будучага прэзыдэнта, ад зьбітых паветраных шароў і пратаколу, паводле якога глуханямыя лаюцца матам і сканчаючы зголенай барадой Шчукіна. Гэта ўжо стыль, дакладней, жанр. Сьмешны анэкдот, увасоблены ў жыцьцё, становіцца трагедыяй. Вось жа на беларускай сцэне апошнія сем гадоў пастаноўшчыкі аддаюць перавагу менавіта гэтаму жанру -- анэкдоту. Публіка ў масе сваёй не пратэстуе, яна нават ужо і прывыкла, чаму ёсьць сваё тлумачэньне.
З адным даўнім маім знаёмцам, звычайным менскім чалавекам, які пачытвае апазыцыйную прэсу, загаварылі мы пра шчукінскую бараду. Ён кажа: "Хіба ты ня ведаеш скандаліста Шчукіна? Пэўне ж, сам падстроіў, каб яго пагалілі. Адным словам, сумняюся я, што там усё чыста, ня веру". Сапраўды, хто ж гэта верыць у анэкдоты, нават увасобленыя ў жыцьцё. Нармальная рэакцыя. "Але што патрэбна, каб ты паверыў?" -- пытаюся ў знаёмца. Ён пачынае разважаць пра тое, што недавер ягоны выкліканы прэсай, якая не аднойчы перабірала мерку з рэпрэсіямі. Вось каб пра той выпадак гвалту ён пачуў не ад журналістаў, а так, дзе-небудзь у барысаўскай электрычцы, ад якога мянта ці так ад якога чалавека -- магчыма, і паверыў бы".
Выходзіць, міліцыянты і простыя людзі кажуць праўду, а газэты адлюстроўваюць тыя самыя ўвасобленыя ў жыцьцё анэкдоты. Валеры Шчукін -- даўні герой гэтых анэкдотаў. То кашулю-вышыванку ў Вярхоўным Савеце насіў, то кіцель капітанскі, то ён камуніст, то праваабаронца, на ўсіх дэманстрацыях -- у першым шэрагу, яго першага амонаўцы круцяць, яго судзяць бясконца і караюць то штрафам, то суткамі. І паўсюль -- ягоная барада. Словам -- чалавек, ну зусім не падобны да мяне. Асоба ў адным шэрагу з анэкдытычнымі Чапаевам, Штырліцам ці Вовачкам. Каму прыйдзе ў галаву ўспрымаць іх сур'ёзна і зь імі салідарызавацца? Сытуацыя, між іншым, вельмі падобная да той, што была ў Нямеччыне ў трыццатыя гады, калі пастар Німелер напісаў свае знакамітыя словы: "Калі яны прыйшлі па сацыял-дэмакратаў -- я маўчаў, бо ня быў сацыял-дэмакратам. Калі яны прыйшлі па камуністаў -- я маўчаў, бо ня быў камуністам. Калі яны прыйшлі па жыдоў -- я маўчаў, бо ня быў жыдам. Калі яны прыйшлі па мяне, дык не засталося нікога, хто мог бы мяне абараніць".
Думаючы пра выпадак у Жодзінскай каталажцы, я разумею, што характар, стыль жыцьця і палітычныя перакананьні Валерыя Шчукіна тут ні пры чым. Падабаецца табе ён ці не падабаецца -- не істотна. Бо той выпадак -- не ягонае дзеяньне, не ягоны выбар і ўчынак. Гэта дзеяньне супраць яго. Пры чым, на маю думку, гэта самае гвалтоўнае дзеяньне, якое толькі можна прыдумаць. Прымусовая зьмена тваёй самаідэнтыфікацыі.
Памятаю, як толькі абраўся на прэзыдэнта Лукашэнка, мы зь сябрамі прыдумлялі ўсялякія жартаўлівыя вэрсіі таго, што зь ім трэба будзе зрабіць, калі ў Беларусі ўсталюецца нармальная ўлада. Найбольшы посьпех мела такая прапанова: пастрыгчы яго налыса, пагаліць вусы і выпусьціць з верталёта дзе-небудзь на Смаленшчыне, хай ходзіць па тамтэйшых калгасных канторах і даказвае, што ён -- Лукашэнка. Тады мы сьмяяліся, а цяпер я разумею, што прыдуманая была ня толькі самая сьмешная, але і самая страшная кара. Чаму? Бо тут чужая рука сваёй воляй зьмяняе цябе, твой вобраз у тваіх жа вачох.
Калі я ўзяў ды пагаліўся налыса, гэта значыць, што я экспэрымэнтую са сваёй зьнешнасьцю, з уласным вобразам. Гэта творчасьць. Калі ж нехта сілком пагаліў мяне -- гэта ўжо ён экспэрымэнтуе з маім вобразам, разглядаючы мяне не як асобу, а як прадмет сваіх экспэрымэнтаў. Гэта гвалт. Ператварэньне чалавека ў прадмет -- гэта тое, што ў самых страшных у сьвеце кітайскіх турмах называюць ператварэньнем чалавека ў жабу. Сьведчаньні пра Жодзінскую каталажку -- самую жахлівую ў Беларусі -- даходзілі і раней. Але менавіта шчукінская барада стала наймацнейшым доказам таго, што ў нас для палітвязьняў ёсьць свая кітайская турма. Крыху пазьней я вярнуся да гэтае тэмы, каб распавесьці, як пісаў паэт Хадановіч, "З чаго пачынаецца Жодзіна", але перад тым -- яшчэ колькі словаў пра чалавечую зьнешнасьць і пра такую важную дэталь яе як барада і пра тое, якое месца займае ўсё гэта ў гісторыі нашага беднага чалавецтва. Тэму працягне Сяргей Харэўскі.
(С.Харэўскі: ) "У савецкія часы на брадатых людзей у Менску азіраліся. Наяўнасьць барады выдавала праналежнасьць да пэўнага роду заняткаў. Бараду мог насіць поп альбо геоляг ці, урэшце, які марскі капітан. У кожным разе, людзі незвычайныя. Неяк і мой бацька наважыўся пафарсіць з барадой. Але сваякі настаялі, каб пагаліў, бо надта ж вылучацца стаў, нібы выклік некаму кідаў... Ніводзін з суседзяў не ўстрымаўся, каб нешта не сказаць пра бацькаву бараду.
Бароды насілі яшчэ мастакі. Гэта нікога не дзівіла, калі гаварыць пра горад. У вёсцы і было, і ёсьць інакш.
Неяк мой цесьць вырашыў адпусьціць бараду і ў такім выглядзе паехаў у вёску на Пастаўшчыне. Тамака ўсе тубыльцы пачалі яго дакараць, настойваць, каб абавязкова пагаліўся. А адзін, дзед Пякарскі, не ўстрымаўся: "Ты што, маскаль? Гэна ж адны толькі маскалі ў нас бароды носяць!" Рэч у тым, што на Пастаўшчыне ёсьць стараверы. Яны моцна вылучаюцца сваёй моваю, побытам ды бародамі. Іх здавён называюць тут маскалямі. "Во вУсы – гэта красата!" — працягваў стары Пякарскі, пагладжваючы свае, рэдкаватыя, закручаныя, як у Сальвадора Далі. ВУсы гэтыя, чорныя й бліскучыя, нібы ў тон ягоным заўсёды начашчыным ботам, надавалі дзеду адмысловы калярыт. Цесьць аджартоўваўся, вяскоўцы пляваліся...
Жаданьне ўпарта настойваць на сваім – рэдкая для беларусаў рыса. А вось жа ў такіх пытаньнях, як даўжыня валасоў ці барада, пануе выключэньне з правіла.
Зрэшты, наяўнасьць ці адсутнасьць расьліннасьці на твары была істотным пытаньнем праз усю чалавечую гісторыю. Ведама, што галіцца мужчыны пачалі ў часы нэаліту. У Бабілёне галіліся за часоў цара Навухаданосара, да нашае эры. А на месца сапраўднае барады бабілёнцы й асырыйцы надзявалі велізарныя штучныя бароды, з барановае воўны, якія прывязваліся да вушэй. У старажытных эгіпцянаў бароды не расьлі, як і ў індзейцаў, але тамака штучныя бароды, адмысловае формы, на падвязках насілі фараоны ды іхныя жонкі. А вось у грэкаў бароды расьлі выдатна й яны вельмі іх любілі, фарбавалі, завівалі. Эліны лічылі прыгожай менавіта белую бараду, а таму выбельваліся, як умелі. У рымлянаў наадварот, бароды лічыліся барбарствам і яны стагодзьдзямі іх галілі, галілі, галілі ажно да часоў імпэратара Адрыяна, то бок да 2 стагодзьдзя нашае эры. Затым мода насіць ці не насіць бароды й вУсы пачынае мяняцца з гэткай хуткасьцю, што расповед пра гэта можа цягнуцца бясконца. Зьвярну ўвагу на адну толькі акалічнасьць – у кожным выпадку мода была рэпрэсіўнай. Трапляньне ці не патрапляньне ў агульны тон магло мець самыя нечаканыя наступствы. У 1351-м годзе, напрыклад, у Гішпаніі былі катэгарычна забароненыя штучныя бароды й вУсы. За гэта можна было патрапіць на галеры альбо ў вязьніцу".
(С.Дубавец: ) Рэпрэсіўная мода на бароды ці чыстае падбародзьдзе датрывала да нашых дзён. Гэты сярэднявечны стандарт зноў нагадаў пра сябе цераз гвалт. Здавалася б -- што за праблема -- барада? Аказваецца праблема глыбей. Напачатку трэцяга тысячагодзьдзя чалавеку зноў прапануецца выбар: катаваньні і сьмерць альбо жыцьцё ў іншым абліччы. Словам або цябе ня будзе, або ты будзеш ня ты, што ў выніку таксама азначае, што цябе ня будзе. Сяргей Харэўскі працягвае:
(Сяргей Харэўскі: ) "Сама хада гісторыі разьвяла заходнюю і ўсходнюю традыцыі, адносна бародаў таксама. На мяжы 15 і 16-га стагодзьдзяў эўрапейцы пачынаюць галіцца амаль татальна. А вось расейскі Сьвяты Сынод заявіў у 1551-м годзе, што, цытую, "без барады нельга ўвайсьці ў царства нябеснае". І ў тым самым годзе францускі кароль Генрых ІІ вымушаны быў умяшацца ў канфлікт паміж сваімі падданымі й біскупам Антоніё дэ Карасіёлі, які меў доўгую бараду. Прыхаджане-французы катэгарычна не хацелі бачыць барадатага сьвятара. Генрых ІІ пісаў у біскупат: "Дазвольце выказаць Вам маю просьбу не пазбаўляць яго пасады й не патрабаваць ад яго падпарадкаваньня, пагатоў, мы маем намер у хуткім часе адаслаць яго на службу ў такое месца за межамі нашага каралеўства, дзе ён ніяк ня можа зьявіцца без барады" (канец цытаты). Напэўна, тым "такім месцам" быў эўрапейскі, альбо мусульманскі Ўсход. Нават Жыгімонт Гербэрштэйн, пасол Сьвятой Рымскай імпэрыі, мусіў адпусьціць бараду, каб заехаць у Масковію, напачатку 16 стагодзьдзя. Між іншым, у тым 16-м стагодзьдзі, у часы рэнэсансу, мода на бароды панавала і ў нашай арыстакратыі. Не галіліся абодва Мікалаі Радзівілы, Чорны й Руды, якіх і празвалі гэтак за колер іхных вялізарных бародаў. Барадачамі былі й Кастусь Астроскі, Іван Хадкевіч, Філон Кміта-Чарнабыльскі, Леў Сапега. Зрэшты, бароды былі і ва ўсіх запар Жыгімонтаў, уладцаў Вялікага Княства. Хоць насіць ці не насіць бараду было справай цалкам прыватнай. На мяжы 16 і 17-га стагодзьдзяў бароды амаль цалкам зьнікаюць у шляхецкім асяродку. Ад іх застаюцца пышныя вУсы, закручаныя на самы розны манер. Няма на старых шляхецкіх партрэтах чыста паголеных пэрсонаў, за вельмі рэдкімі адзінкавымі вЫпадкамі, якія я магу пералічыць на пальцах. Але ніколі гэта не магло быць падставаю для рэзаньня, выдзіраньня бародаў ці для забойстваў, як у Расеі за Пятром Першым. "Галаву сячы, бараду не чапай!" — малілі аб літасьці баяры свайго цара.
Без бародаў немагчыма было ўявіць праваслаўнага, юдэйскага ці мусульманскага сьвятароў. У артадаксальных жыдоў бароды -- сымбаль трываласьці ў веры й духовае свабоды. Не выпадкова старым жыдам адразалі бароды ўсе пагромшчыкі. Яшчэ ад часоў казаччыны.
Мода на бароды вярнулася ў Беларусь, як і ў Эўропу, у сярэдзіне 19 стагодзьдзя. Валасатасьць твару стала сымбалем нонканфармізму, свабадалюбнага духу. Джузэпэ Гарыбальдзі, Лаёш Кошут, Эжэн Пац'е. Згдайце й нашых: Сымона Канарскага, Валерыя Ўрублеўскага ці Жыгімонта Серакоўскага. Маладзенькая яшчэ, негустая, але падобная да барады расьліннасьць была і ў Кастуся Каліноўскага.
Стаміўшыся ад суседзкіх і сваяцкіх заўвагаў, мой цесьць усё ж пагаліў бараду. Сказаў, што барада яго старыць. А можа й праўда, не хацеў быць падобным да маскаля. Хоць, бадай, няёмка яму было ад свайго калярытнага, падкрэсьлена калярытнага выгляду. А той вясковы стары Пякарскі сёлета згаліў вУсы. Бяз вусаў я яго ледзь пазнаў. Ён стаў зусім стары, стомлены і... звычайны. Казаў, што падпаліў выпадкова. Хоць, падазраю, і ён пачаў няёмчыцца ад свайго шляхецкага выгляду... Часы пайшлі, як Купала пісаў, не такоўскія.... Надта ж шмат вакол стала настойлівых беларусаў".
(С.Дубавец: ) Сяргей Харэўскі кажа пра тое, што агульны стэрэатып у Беларусі што да зьнешнасьці стаў больш навязьлівым, чым тое было ў традыцыі. У турмах навязьлівасьць ператвараецца ў адкрыты гвалт. Праз выпадак з гвалтам паголенай барадой палітзьняволенага Валерыя Шчукіна мы даведаліся пра самую "кітайскую", г.зн. самую бесчалавечную беларускую турму ў горадзе Жодзіне.
Іншы палітычны вязень Васіль Лявонаў пра Жодзінскую турму казаў так, цытую: "Я прайшоў чатыры турмы, пазнаёміўся з чатырма цытадэлямі. Спробы псыхалягічнага ціску былі актыўна ўжытыя толькі ў Жодзіне. Што датычыць аховы, другога боку, я апроч жодзінскіх не магу нічога сказаць, што нехта спрабаваў парушыць закон і нешта прычыніць мне наўмысна". Аляксей Шыдлоўскі, які сядзеў за палітычныя графіці пакінуў даволі падрабязныя ўспаміны пра жодзінскую каталажку часоў Лукашэнкі. Даведаўшыся, што Шыдлоўскі і Лабковіч – бээнэфаўцы, ахоўнікі турмы пачалі ім маляваць дубінкамі сьцягі на сьпіне. Пасьля праходу праз шыхт, кажа Шыдлоўскі, на сьпіне сапраўды зьявіўся бела-чырвона-белы сьцяг. Праўда, ужо назаўтра паласа выглядала сіне-чорнаю. Прывяду цытату з успамінаў Аляксея Шыдлоўскага:
"Такім самым рыкам было зробленае афіцыйнае паведамленьне: "Вы прыбылі ў Жодзінскі цэнтрал "Чарны Бусел". Тут вы ня людзі, і мы зробім усё, каб вы адчулі гэта. Без каманды – не паварочваць нават галавы, рухацца толькі бегам з закладзенымі за спіну рукамі, трымаць адлегласьць два мэтры адзін ад аднаго. Калі да вас зьвяртаюцца – адказваць цалкам прозьвішча, імя, імя па-бацьку, дату нараджэньня, бацькоў, жонак, артыкулы, паводле якіх утрымліваецеся пад вартай. Папярэджваю – за запінку будзем біць, за размовы паміж сабою – будзем біць. Калі хто задумае спрачацца, жывым да камэры ня дойдзе! Пачала!..." Мяне вылікалі сярод апошніх. Перш чым назваць свае зьвесткі, я палічыў неабходным паведаміць, што я на галадоўцы. Твар міліцыянта пачырванеў, і ён двойчы ўдарыў мяне ў грудзі. Я ўтрымаўся на нагах і паспрабаваў без запінкі назваць свае зьвесткі. На артыкулах крымінальнага кодэксу мяне замкнула, і з усіх бакоў пасыпаліся ўдары кулакамі, я ўпаў і ўдарыўся ілбом аб падлогу".
Аляксей Шыдлоўскі тлумачыць магчымасьць такога абыходжаньня тым, што гэты беларускі Асьвенцім знаходзіцца ў заштатным гарадку, і ўсё, што там адбываецца, не трапляе да ведама шырокае грамадзкасьці. Між тым, ужо сёньня паведамленьні пра зьбіцьцё ў Жодзінскай каталажцы трапляюць у сродкі масавай інфармацыі. Ёсьць выпадкі, калі затрыманыя і скіраваныя сюды да высьвятленьня людзі выходзілі інвалідамі. Згадваю гэтыя нібыта далёкія ад культурнага кантэксту факты, бо побач чытаю пра рэканструкцыю і значнае пашырэньне Жодзінскае турмы, а таксама – нараканьні праваахоўнікаў на тое, што такі добры арыштанцкі дом у Беларусі толькі адзін і што цяпер нарэшце прынятае рашэньне пра будаўніцтва цэлай сеткі гэткіх дамоў. Вось вам і тэндэнцыя, і кантэкст.
Рэч у тым, што за часамі Хрушчова будаўніцтва і рэканструкцыя турмаў у Беларусі былі спыненыя. Імкліва набліжаўся камунізм і гэтаксама імкліва зьмяншалася злачыннасьць. Менавіта тады, дарэчы, менскія архітэктары падрыхтавалі праект рэстаўрацыі Пішчалаўскага замку. Ён мусіў стаць тым, чым быў напачатку – гістарычным замкам, як толькі ягоныя сьцены пакіне апошні зэк. Але камунізм не настаў. Пішчалаўскі замак ператварыўся ў забітую людзьмі, у тым ліку і палітычнымі, Валадарку, а перадавы арыштанцкі дом ў Жодзіне стаў узорам для будаўніцтва цэлае сеткі падобных. Горкая насьмешка гісторыі – сілаю зголеная барада былога камуніста Валерыя Шчукіна. Сымбаль гвалту над асобай і анэкдот, які ўвасоблены ў жыцьцё больш падобны да трагедыі.