Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАДЛЕН ОЛБРАЙТ: “КОЖНАЯ АСОБА ПАВІННА МЕЦЬ МАГЧЫМАСЬЦЬ ІСЬЦІ ТАК ДАЛЁКА, ЯК ДАЗВАЛЯЕ ТАЛЕНТ”


Вольга Караткевіч, Прага

“Жанчына неверагоднага характару, якая валодае ўнікальным талентам мець сяброў” – так прадстаўляюць яе выдаўцы. У сваіх мэмуарах Мадлен Олбрайт піша пра палітыку, сяброў і свае асноўныя каштоўнасьці – свабода асобы і правы нацыяў.

Чарга па аўтограф расьцягнулася мэтраў на 400. Я купіла кнігу а 13-й гадзіне, ужо каля ўваходу ў кнігарню на Вацлаўскай плошчы стаялі каля 60 чалавек.

Увечары людзі ўжо занялі ладны кавалак плошчы, і апошнія стаялі на месцы, які фіксуе фотаздымак у кнізе мэмуараў Олбрайт. У кампаніі Вацлава Гавэла і Гілары Клінтан спадарыня Олбрайт на нешта паказвае рукой і, відаць, гаворыць аб Празе...

Мадлен Олбрайт нарадзілася ў Празе ў 1937 годзе. Яе сапраўднае імя Мары Яна, дзявочае прозьвішча Корбел. Захапляючыся адной з пэрсанажаў папулярнага шоў, бабуля стала называць Мары Мадлен – Madlen. Вывучаючы францускую мову, Олбрайт мадыфікавала імя і стала Madeleine. Адзін з разьдзелаў кнігі называецца “Ад Мадленкі да Мадлен Олбрайт”.

Ня ўсе ахвотныя атрымалі аўтограф Мадлен Олбрайт, аднак тыя, хто не дастаяўся, не выказвалі ніякага абурэньня. Олбрайт любяць у Празе, яна любіць Прагу і свайго сябра, Вацлава Гавэла.

Візыт Мадлен Олбрайт зьвязаны з удзелам у чарговым Форуме-2000. Патранаваны Гавэлам Форум-2000 ужо некалькі гадоў зьбірае палітыкаў, інтэлектуалаў з усяго сьвету дзеля абмеркаваньня сытуацыі ў міжнароднай палітыцы і культурнага разьвіцьця.

Чарговым разам у сталіцу Чэхіі прыехаў духоўны лідар Тыбэту Далай-Лама, чарговым разам Чэхія атрымала ноты пратэсту ад Кітаю. Пад фотаздымкам у сваёй кніжцы, дзе Мадлен Олбрайт разам з Далай-Ламам, спадарыня Олбрайт напісала: “Я выкарыстоўваю кожную магчымасьць, каб выказаць падтрымку рэлігійным і культурным правам народу Тыбэту. Адзін са шляхоў – насуперак прэтэнзіям Кітаю асабіста сустракацца з Далай-Ламам”.

Мадлен Олбрайт удзельнічала ў цырымоніі ўзнагароджаньня былога чэскага прэзыдэнта Вацлава Гаўла прэміяй імя Гано Эленбоген. Гэтую прэмію Гавэл перадаў незалежнай беларускай газэце “Наша Ніва”, для чаго ў Прагу спэцыяльна быў запрошаны галоўны рэдактар газэты Андрэй Дынько. Выступаючы на імпрэзе, Мадлен Олбрайт гаварыла аб правах чалавека і ролі асобы, дысыдэнта, у гэтым выпадку Вацлава Гавэла.

Ужо будучы ў паджылым узросьце, Мадлен Олбрайт даведалася, што трое бацькоў яе бацькоў загінулі ў часе Галакосту. “Веру ў правы чалавека і яго свабоду я атрымала ад бацькоў, захоўвала яе праз усё сваё жыцьцё,”– піша Олбрайт. “Асоба павінна мець магчымасьць ісьці так далёка, як гэтага дазваляе яе талент”.

Першая і адзіная пакуль у гісторыі ЗША жанчына Дзяржсакратар адзначае, што ўжо пазьней Біл Клінтан прызнаўся ёй: менавіта Гілары параіла ўзяць на гэтую пасаду Олбрайт. Гілары Клінтан была перакананая, што толькі Олбрайт можа быць сапраўдным паплечнікам у замежнай палітыцы Клінтана, бо падзяляе яго галоўныя каштоўнасьці.

Адміністрацыя Клінтана была вельмі прынцыповая ў дачыненьні да сытуацыі ў Беларусі. У сваіх мэмуарах Олбрайт узгадвае пра Беларусь у кантэксьце ідэі некаторых краінаў (Расеі ды Югаславіі) паспрабаваць стварыць панславянскую прастору ў Эўропе.

У 2000 годзе Мадлен Олбрайт настойліва заклікала Расею не пасылаць назіральнікаў за парлямэнцкімі выбарамі ў Беларусі, якія не маглі быць пры рэжыму Лукашэнкі ані свабоднімі, ані справядлівымі. Тады расейская Дзярждума сфармавала групы для назіраньня з праўстаўнікоў усіх фракцыяў. На адмысловых слуханьнях у Кангрэсе ЗША пра стан амэрыкана-расейскіх дачыненьняў Олбрайт зноў гаварыла пра рэжым Аляксандра Лукашэнкі, які падаўляе свабоды. У кнізе “Спадарыня Сактар” зьмешчаны здымак, дзе Олбрайт разам з расейскім міністрам замежных справаў Ігарам Івановым. Апошні падпісаў здымак “Мы можам вырашыць любую праблему”.

Пачынае свае ўспаміны Мадлен Олбрайт уражаньнямі ад прапановы Клінтана заняць такую высокую пасаду. “Спадзяючыся замарозіць час, я ўсё вярталася ў думках да тэлефоннага званка і словаў “Я хачу, каб Вы сталі маім Дзяржсакратаром”. Я не хацела, каб гэта заканчвалася...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG