Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ АДКАЗНЫЯ БЕЛАРУСЫ ЗА ГАЛАКОСТ?


Сяргей Дубавец, Вільня

У старой Вільні напрыканцы вуліцы Субач стаяць два велічэзныя дамы, якія нагадваюць вайсковыя кашары польскага часу. Але насамрэч гэта жылыя будынкі, дзе заўсёды пры пад'ездах сядзелі на ўслончыках старыя, а ў невялікім двары паміж дамамі гуляліся дзеці.

Збудаваў гэтыя гмахі на самым схіле ХІХ стагодзьдзя адзін багаты віленскі габрэй і падараваў іх сваім бедным супляменьнікам. Уяўляю, калі пачалася другая сусьветная вайна, тут літаральна віраваў народ – кабеты, мужчыны, старыя, а найболей – дзеці. Усяго ў двух будынках жыло дзьве з паловай тысячы чалавек.

Большасьць іх расстралялі ў лесе, за горадам. А чатырыста чалавек забілі й закапалі проста тут, паміж дамамі. Братняя магіла атрымалася на палову двара. Іншы раз я заходжу сюды і зноў бачу, як старыя сядзяць на ўслончыках, як бегаюць бестурботныя дзеці, як мужчыны зьбіраюцца на піва. Усё, мабыць, амаль так, як сто гадоў назад. Толькі нацыянальны склад жыхароў нібы падкрэсьлена іншы – ніводнага габрэя. І, здаецца, гэта тут нікога асабліва не турбуе. Як і агромністая магіла пасярэдзіне.

Гэта турбуе іншых, тых, хто імкнецца даць ацэнку ўдзелу літоўскіх калябарантаў у вынішчэньні мірнага жыдоўскага насельніцтва Вільні. Тэма жывая, пра гэта гавораць і спрачаюцца. Варта ці ня варта культываваць комплекс нацыянальнае віны і нацыянальнага пакаяньня?

Час ад часу з Захаду сюды прывозяць якога-небудзь паўжывога ўжо генацыдчыка і судзяць яго. Што да мяне, дык мне думаецца пра нашу беларускую сытуацыю, бо ў нас і дыскусіяў такіх – пра нацыянальныя комплексы – не чуваць. Пра што гэта сьведчыць? Пра ўзровень беларускае нацыянальнае нясталасьці ці пра тое, што для такіх дыскусіяў няма падставаў?

Разабрацца ў гэтым мы і паспрабуем сёньня. Такім чынам гэты выпуск "Вострае Брамы" атрымаецца ў працяг папярэдняга. Тады віленскі журналіст Віталь Каракорскі распавядаў пра сваё бабруйскае дзяцінства ў 1960-я гады. Мяне зьдзівіла, што ў ягоных згадках пра тамтэйшы жыдоўскі асяродак ані словам ня згадваўся галакост – нядаўняе яшчэ забойства мільёна беларускіх габрэяў. Гутарка зь Віталём пра гэта, а таксама пра нацыянальнае пакаяньне – у сёньняшняй перадачы.


* * *
Варта ўявіць сабе, што Беларусь перад вайною мела зусім іншы выгляд. Палову, а сям-там і 80% насельніцтва нашых паселішчаў складалі габрэі. Гэта яны фармавалі ўрбаністычнае асяродзьдзе беларускіх гарадоў. Яны стваралі той дух і настрой, зь якімі жыла краіна.

Пасьля пачалася вайна, і ўжо ў першыя гады іх вынішчылі. Менскае гета было адным з найбуйнейшых на тэрыторыі былога СССР, тут забілі каля 100 тысяч чалавек. Але гета былі і ў іншых беларускіх гарадах. У статыстычным "кожным чацьвертым" палеглым беларусе значная доля належыць беларускім габрэям.

І вось тут узьнікае пытаньне. Мы можам знайсьці нямала інфармацыі пра тых, каго забівалі. Зьвесткі пра тых, хто забіваў – непараўнальна больш абмежаваныя. Як правіла, пішуць, што расстрэльвалі немцы і паліцаі, без удакладненьня. Яшчэ згадваюць часам украінскія і літоўскія батальёны. На гэтым тле паступова пачаў фармавацца стэрэатып пра бязгрэшнасьць беларусаў, якія былі "такімі ж ахвярамі вайны, як і жыды" і якія адно толькі ратавалі габрэяў ад немцаў.

Ці так было насамрэч? З такім пытаньнем мы зьвярнуліся да старшыні Ўсясьветнай асацыяцыі беларускіх габрэяў Якава Гутмана.

(Гутман: ) "Ёсьць дзьве крайнасьці ў Эўропе: гэта Літва і Данія. Я маю на ўвазе, што літоўцы самі вынішчылі, мусіць, 95 адсоткаў літоўскіх габрэяў, а датчане прыкладна столькі ж выратавалі. Калі немцы ўжо падрыхтаваліся дэпартаваць дацкіх габрэяў у канцлягеры, датчане за некалькі начэй перавезьлі сваіх габрэяў у Швэцыю. Гэта два розныя полюсы ўдзелу розных народаў у галакосьце.

Ёсьць многа фактаў, калі спэцыяльныя карныя часьці бралі ўдзел у вынішчэньні беларускіх габрэяў, але... Беларускія воінскія злучэньні ня ўдзельнічалі ў зьнішчэньні габрэяў, напрыклад, у Літве ці ва Ўкраіне. А наадварот было. Літоўскія воінскія часткі і ўкраінскія – яны ўдзельнічалі ў вынішчэньні габрэяў тут. Ёсьць ліст такі вядомы нямецкага камэнданта Слуцку, у гэтым лісьце выказаны супраціў таму, што дзьве роты літоўцаў зрабілі з габрэямі ў Слуцку. А вось беларускіх паліцяў, наколькі я ведаю, не было ні ў ахове Варшаўскага гета, ні ў ахове канцлягераў. Але тут яны рабілі сваю справу".

Тут яны рабілі сваю справу. І імёны іхныя засталіся ў большасьці невядомыя назаўсёды.

Сапраўды, беларусы ў часе мінулае вайны былі горш арганізаваныя ў свае нацыянальныя падразьдзяленьні, чым тыя літоўцы ці ўкраінцы. Тым ня менш, нашых супляменьнікаў была маса сярод паліцаяў, часьцяком займалі яны і розныя начальніцкія пасады. Вось што згадвае Ада Райчонак з Германавічаў, якой удалося выратавацца на беларускай зямлі ў мінулую вайну:

(Райчонак: ) "Калі казаць праўду, дык зь мяне зьдзекаваліся больш за ўсё беларусы. Быў такі начальнік паліцыі Туроўскі, дык ён з мамы сокі высмактываў, мама ўвесь час адкуплівалася рэчамі.

І я, зьбіраючы матэрыял па галакосту, атрымала ліст ад аднаго жыхара Лужкоў, тутэйшага, ён расказвае такія жахі, што я ня вытрывала і ў сваёй газэце "Бацькаўшчына" напісала: "Хай будзе сорамна тым людзям, якія зьдзекаваліся зь небаракаў, якія засталіся ў жывых, але няхай будзе сорамна за іх і іхным дзецям".

Напрыклад, такі быў выпадак. Дзеці хаваліся ў лесе, а мужык лужэцкі іх знайшоў. Ён прывязаў іх да каня і прывёў іх у Лужкі прывязаных, іх немцы расстралялі. Так што нельга казаць, што толькі адна нацыя былі здраднікі, былі і ў нас здраднікі".

Асабіста мне даводзілася сустракаць самых перакананых беларускіх нацыяналістаў, чые дзяды вайною служылі ў паліцыі. Натуральна, ня ўсе яны бралі ўдзел у галакосьце. Але ж найперш ніколі ня скажуць пра гэта тыя, што сапраўды спрычыніліся да злачынстваў.

Напэўна, я акрэсьліў дастатковае кола пытаньняў, якія хачу абмеркаваць зь Віталём Каракорскім.

(Дубавец: ) “Віталь, у мінулай перадачы ты казаў пра сваё савецкае бабруйскае дзяцінства. Няўжо і праўда ніхто са сваякоў ані словам ня згадваў пра галакост, пра катастрофу тваіх супляменьнікаў у мінулую вайну?”

(Каракорскі: ) “Ведаеш, у маім дзяцінстве сьлядоў галакосту амаль што й не было. Чаму? У адрозьненьне ад Літвы, беларускае жыдоўства ў значнай ступені было ў эвакуацыі. Чаму гэта адбылося так? Таму што вядома: саветы прыйшлі ў Літву ў 1940-м годзе, і большасьць тутэйшага жыдоўства не разумела, ня ведала расейскай мовы, і ўсё было чужое, псыхалягічна чужое...”

(Дубавец: ) “Прабач, я цябе пераб'ю. Не выглядае на тое, каб выезд беларускіх жыдоў на эвакуацыю неяк паўплываў на зьмяншэньне маштабаў галакосту. За вайну ў Беларусі было зьнішчана каля мільёну габрэяў. Прычым гэта былі ня толькі беларускія габрэі, але й прывезеныя сюды з Аўстрыі, Нямеччыны, Чэхіі...”

(Каракорскі: ) “Бачыш, тут справа складаная насамрэч. Зь якіх гадоў я ведаю пра галакост, я зараз адказаць не магу. У маім асяродзьдзі, паміж маіх сяброў, усе бацькі й дзяды былі ў эвакуацыі. Яны не былі на гэтых тэрыторыях, калі тут адбываўся галакост. Я ведаю, колькі жыдоў згінула ў часе вайны ў Беларусі, але ўсё ж такі значная частка пабегла.

Таму што Расея, нават савецкая Расея не ўспрымалася як штосьці чужое. У адрозьненьне ад Літвы. Тут ніхто ня бег, тут яны татальна загінулі. А ў Беларусі бацькі й дзяды ваявалі. Мой дзед, бацька майго сябра і гэтак далей. А сем'і былі ў эвакуацыі ў глыбіні Расеі, у Казахстане, Узбэкістане... Гэта па-першае, па-другое, насамрэч пазьбягалі бацькі, пазьбягалі дзяды гэтых размоваў пра галакост. Цалкам”.

(Дубавец: ) “Але ж яны ведалі?”

(Каракорскі: ) “Яны ведалі добра. Чаму, на мой погляд, пра гэта не гаварылася на той час? Ну, па-першае, гэта было вось-вось, толькі-толькі. Па-другое, траўма была такая, псыхалягічная. Як мне вось чалавек, які нарадзіўся ў гета ў Коўне (цяпер у Маскве, напэўна, першы рэжысэр Расеі) Кама Гінкас казаў: так, мне нічога не казалі бацькі пра галакост, таму што расказаць пра гэта – яшчэ раз перажыць.

Ну, а як я даведаўся... Загінула ў Менску сям'я майго... ён быў брат маёй бабулі з боку бацькі, вядомы актор Кулакоў-Рудштэйн. Ён працаваў да вайны ў жыдоўскім тэатры ў Менску, а потым у расейскім тэатры. Кузьма Кулакоў-Рудштэйн. І яны з тым дзяржаўным беларускім жыдоўскім тэатрам былі на гастролях на Ўрале дзесьці, сям’я засталася і яна загінула. І вось, напэўна, першы раз я пачуў, што ўсе ці амаль усе жыды зьнішчаліся фашыстамі на акупаваных тэрыторыях, калі была размова пра дзядзьку Кузю.

А яшчэ як я даведаўся... Гэта ўжо было з боку не жыдоў, калі казалі – я чуў гэта ў дзяцінстве – слушна немцы рабілі, што вас зьнішчалі...”

(Дубавец: ) “Здаецца, нават у Ізраілі нейкі час пасьля вайны было прынята замоўчваць катастрофу жыдоўства...”

(Каракорскі: ) “Так. Чаму яшчэ бацькі не казалі нічога пра галакост, таму што была хваля дзяржаўнага антысэмітызму адразу пасьля вайны. Гэта “справа лекараў”, расстрэл антыфашысцкага камітэту, барацьба з касмапалітызмам і з касмапалітамі, якія ў асноўным таксама былі жыды...”

(Дубавец: ) “Я спрабую параўнаць дзьве сытуацыі – беларускую і літоўскую. У Літве ўжо сфармаваўся такі погляд, што актыўны ўдзел у зьнішчэньні жыдоў тут бралі самі літоўцы. А ў Беларусі – іншы стэрэатып. Быццам жыдоў у нас расстрэльвалі, апроч немцаў, пераважна ўкраінцы і тыя ж літоўцы. Самі беларусы адно толькі ратавалі вязьняў гета”.

(Каракорскі: ) “Ты кажаш, што такі погляд ёсьць, што пераважна літоўскімі рукамі рабіўся галакост у Літве... Магчыма, на афіцыйным узроўні. У супольнасьці літоўскай такога зразуменьня няма, і ёсьць супраціў вельмі моцны такому зразуменьню. Але ён фармуецца, такі погляд. Літоўцы ўдзельнічалі. Ступень удзелу – іншая справа, справа гісторыкаў. Справа ў тым, што забойцы павінны быць пакараныя. І толькі. Супольнасьць літоўская павінна ведаць, што гэта было такое. Бо супольнасьць літоўская ў значнай частцы ня хоча нават ведаць пра тое, што адбывалася, асабліва, як я бачу, моладзь ня вельмі хоча”.

(Дубавец: ) "Усё забываецца. І калі возяць па судох паўмёртвага Лілейкіса, у якога шыя бяз гіпсавага каўняра ўжо не трымае галаву – нешта мяне бярэ сумнеў у паўнавартасьці такога пакараньня. Упэўнены, што калі ўзяць усіх зьнішчальнікаў шасьці мільёнаў жыдоў у мінулую вайну, дык пакараны зь іх быў мізэрны, зусім нязначны адсотак. І чым далей ад вайны, тым менш шанцаў пакараць яшчэ нейкіх вінаватых. Таму, на маю думку, больш сэнсу казаць не пра пакараньне двух-трох ці дзясятка стогадовых забойцаў, а пра маральную адказнасьць нацыяў, пра нацыянальнае пакаяньне, пра нацыянальны комплекс віны”.

(Каракорскі: ) “Па-першае, адказнасьць нацыі можа быць толькі маральная, не юрыдычная, зразумела. Па-другое, ніхто ня можа абвінаваціць нацыю. Нацыя можа толькі сама зразумець, што сярод яе былі людзі, якія бралі ўдзел у нядобрых справах. Я думаю, што насамрэч у Беларусі, як і ў іншых усходнеэўрапейскіх краінах, удзельнічалі ў галакосьце і прадстаўнікі тытульнай нацыі.

Гэта была афіцыйная палітыка Гітлера – выкарыстаць мясцовы антысэмітызм, каб паказаць, што гэта ня мы, немцы, фашысты, прынесьлі гэтую ідэю, але яна тут існуе быццам натуральна. Наколькі я ведаю, гэта была вялікая праца нямецкіх, фашысцкіх спэцслужбаў, былі таксама такія настроі й сярод насельніцтва. І удзел быў. Можа не ў такой ступені, як літоўскія ці ўкраінскія батальёны, але ўдзел напэўна быў. Я ня маю падставаў сумнявацца ў гэтым”.

(Дубавец: ) “Калі даводзіць нашы стэрэатыпы да знакавага ўзроўню, дык атрымаецца, юдафобская Літва і юдафільская Беларусь...”

(Каракорскі: ) “Я зусім не хачу думаць, што Літва юдафобская, а Беларусь юдафільская, таму што ўзровень антысэмітызму, на мой погляд, ён аднолькавы паўсюль. Ён толькі з розных нагодаў розны.

Ну вось ёсьць праблема: літоўцы, як дэмакратычная супольнасьць, зараз павінны даць ацэнку сваім злачынцам. Ну і ёсьць супраціў, натуральна. А ў Беларусі, напэўна, яшчэ час не надышоў для такіх дыскусіяў. І я ня ведаю, якая будзе рэакцыя беларускай супольнасьці, калі скажуць: вось гэты чалавек забойца, вось гэты чалавек забойца...

На жаль, не спрыяе цяпер сытуацыя ў Беларусі, таму што ёсьць гэты рэжым, і не надышоў час для такіх дыскусіяў. Магчыма, такія дыскусіі былі ў эміграцыі, я пра гэта нічога ня ведаю. Літоўская эміграцыя, дарэчы, ня здолела даць ацэнку. Магчыма таму, што сярод гэтай эміграцыі былі людзі, якія самі бралі ўдзел у злачынствах.

Ёсьць яшчэ пэўныя абставіны. Я кажу, што літоўская дэмакратычная супольнасьць павінна ведаць праўду і ацаніць, таму што зараз ёсьць усе ўмовы для гэтага. Калі КГБ патрабаваў у заходніх краінах, каб былі выдадзеныя тыя, хто па зьвестках КГБ удзельнічаў у галакосьце тут, у Літве, Захад не выдаваў гэтых людзей, таму што суд быў савецкі, недэмакратычны, супольнасьць была недэмакратычная і г.д.

Вось я думаю, што зараз і ў дачыненьні да Беларусі на Захадзе нічога ня кажуць пра ўдзел беларусаў менавіта таму, што рэжым недэмакраітычны, таму што ў якасьці юстыцыі ёсьць пэўны сумнеў, і ён натуральны, ён зразумелы, няма сапраўднай юстыцыі ў Беларусі сёньня. А ўсё ж такі час пра гэта размаўляць прыйдзе”.

Віталь Каракорскі кажа, што моладзь ужо ня хоча ведаць пра галакост. І тут гаворка ідзе менавіта пра наш кут Эўропы. Што да астатняга сьвету, дык згадваю, што толькі за апошнія гады два фільмы на гэтую тэму атрымалі амэрыканскіх “Оскараў” і сталі культавымі на Захадзе – гэта “Сьпіс Шындлера” рэжысэра Сьпілбэрга і “Жыцьцё цудоўнае” Бэніні.

Праўда, гэта не зусім тыя фільмы, якія б выканалі сваю місію напамінку ў нас. Другі здаецца занадта казачным, бо ў нас вайна ўспрымаецца праз рэалізм акопнае праўды. А першы – занадта тэхналягічны. Галівудзкі “Сьпіс Шындлера” мяне асабіста ўразіў найперш галоўнай музычнай тэмай, зьнятай з аўтамабільнай сыгналізацыі. Сапраўды, як прасьцей перадаць пачуцьцё трывогі?..

Тэхналягізм прысутнічае ня толькі ў музычным фоне, але і ў паводзінах герояў. Нямецкі прадпрымальнік Шындлер, які на сваю фабрыку ў Кракаве наймаў за бясцэнак самых танных рабочых – жыдоў – такім чынам выратаваў іх ад Асьвенціму. Напрыканцы, калі ўжо ўсё скончылася, і ўдзячныя габрэі абступілі свайго выратавальніка, той раптам заплакаў – во за гэты залаты значок НСДАП я мог выратаваць яшчэ двух жыдоў...

Верагодна тое, што мусіць служыць выхаваўчым момантам для амэрыканскага гледача, наўрад ці спрацуе для эўрапейскага. Выратаваўшы 1100 чалавек, што ты яшчэ мог? Ці мог, да прыкладу, неяк уплываць на палітыку сваёй партыі, каб выратаваць мільён? Такім чынам вартасьць чалавечага жыцьця пераводзіцца у катэгорыі паштучнага гандлю, рынку. Для нашага гледача такі маркетынг суперажываньня наўрад ці спрацуе.

Заходняя культура месцамі вельмі ўтылітарная – грошы, матэматыка псыхічнага ўзьдзеяньня – тыя праявы, якія ў нас у гаворках пра мараль хутчэй адштурхоўваюць. Тым ня менш, папулярнасьць згаданых фільмаў прымушае задумацца пра тое, што ў якога-небудзь падлетка Джона з Арызоны больш шанцаў прасякнуцца трагедыяй галакосту, чым у ягонага аднагодка Міколы зь Бешанковічаў.

На заканчэньне гаворкі Віталь Каракорскі сказаў мне, што ў беларускай эліты ёсьць пэўная фора – асэнсаваць і ацаніць галакост з пэўным апярэджаньнем. Як гэта магло б выглядаць? Тытульная нацыя нясе адказнасьць за тое, што адбываецца ў ёй самой і на яе тэрыторыі. Што да беларусаў, дык яны сёньня культывуюць уяўленьне пра ўласную бязьвіннасьць і пра тое, што як нацыя былі адно ахвяраю мінулай вайны.

Мы ніяк ня выберамся са свайго дзіцячага веку і ўсё яшчэ ўяўляем сябе бязгрэшнымі дзецьмі. Аднак шлях сталеньня падказвае нам панятак адказнасьці – за ўсё, што рабілі нашыя продкі і што рабілася на нашай зямлі. Маральная адказнасьць за галакост і пакаяньне, якое вынікае зь яе – гэта тое, што характарызуе нацыю-гаспадара і што сьведчыла б пра нашае сталеньне.

Я слаба веру ў магчымасьць юрыдычнага эфэктыўнага пакараньня забойцаў мінулае вайны. Але цалкам уяўляю сабе маральнае пакаяньне беларусаў за галакост. Больш за тое, бачу непазьбежнасьць гэтага кроку. Бо ў адваротным выпадку мы ўсё адно ў сілу самое прыроды нацыянальнага сталеньня будзем шукаць іншай, новай ахвяры, каб прайсьці той рубеж спазнаньня адказнасьці за ўласныя ўчынкі.

Беларуская нацыя інтуітыўна стварае такую ахвяру з уласнае мовы, гісторыі, дзяржаўнасьці. І робіць гэта нібы для таго, “каб нікога не пакрыўдзіць”, каб яе расейскамоўныя нашчадкі пакаяліся за грахі дзядоў, што зьнішчылі найбольшы духоўны скарб свайго народу. Далібог, гэта ня самы лепшы спосаб сьпяленьня адказнасьці і ня самае годнае адрозьненьне нас ад нашых суседзяў.

Словам, прызнаньне віны за галакост на беларускай зямлі было б яшчэ адной прыступкай для беларусаў як нацыі. Вось чаму і зайшла гаворка пра гэта напярэдадні 25 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG