Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вёска Стаўры гатовая да байкоту


Жыхары невялікай вёскі Стаўры, што ў Аршанскім раёне, напісалі зварот да Аляксандра Лукашэнкі. Папярэдзілі, што ня пойдуць на выбары, пакуль ужо дзейныя дэпутаты ня вырашаць набалелыя праблемы вяскоўцаў.

Галоўная вуліца ў вёсцы Стаўры завецца Цэнтральнай. Хаты цераз адну закінутыя, спрахлыя платы, сухія дрэвы і някошаны бур’ян... Такі вясковы краявід штодня назіраюць 80 мясцовых жыхароў, палова зь якіх пэнсіянэры.

Яны — тыя, каго прынята лічыць апірышчам сучасных уладаў, — таксама падпісалі калектыўны ліст у адміністрацыю Лукашэнкі. Дапамогі нават ад бліжэйшай улады, дэпутатаў сельсавету, і то не відаць, кажа спадарыня Ніна:

«А што мне сельсавет? Бура паламала дзьве сьлівіны, і няма каму іх зрэзаць. Ніхто так і не прыехаў. Каму гэта ўсё трэба?»

Вуліца Цэнтральная. Палова хатаў – пустыя
Вуліца Цэнтральная. Палова хатаў – пустыя


Адзінае, што застаецца, — гэта прыгразіць байкотам выбараў, дадае спадарыня Раіса:

«Можна ж было не даводзіць да гэтага, каб баршчавік атрутны рос каля могілак! Два гектары бур’яну там ніяк не абкосяць, дарогі не абкошаныя — ужо не відаць, як у вёску ўехаць! Аварыйныя дрэвы ёсьць у вёсцы. Ідзе зіма, як пачнуць яны ламацца, дык ізноў будзем сядзець безь сьвятла па цэлых сутках! Мы ставім газавыя катлы, а як сьвятла ня будзе, дык усё — будзем мы мерзнуць тады! Ну чаго гэта трэба нам пісаць аж да прэзыдэнта, каб разьбірацца?»

Сухія дрэвы могуць паваліцца хоць заўтра
Сухія дрэвы могуць паваліцца хоць заўтра


Між тым па Аршанскай Дняпрўскай акрузе, да якой адносіцца вёска Стаўры, балятуецца сам старшыня райвыканкаму Ўладзімер Дзедушкін. Ён хоча ў парлямэнт, а праблемы вяскоўцаў яго не турбуюць, працягвае спадарыня Раіса:

«Ну дзе ён? Сядзіць сабе ў райвыканкаме! Балятуецца, дык ён жа не да нас хоча, а ў Менск? Трэба, каб вёскі існавалі, я так разумею. А ў нас пэнсіянэраў закінулі, дый усё!»

Пэнсіянэрам няма дапамогі
Пэнсіянэрам няма дапамогі


Подпісы вяскоўцаў пад калектыўным лістом з папярэджаньнем пра байкот выбараў зьбіраў старэйшына вёскі Ігар Грышанаў:

«Перш чым зьбіраць подпісы, я паехаў да старшыні сельсавету, я паехаў у райвыканкам. Каб ня думалі, што я пішу лісты за іхнай сьпінай. Кажу: „Хлопцы, трэба скасіць два з паловай гектары бур’яну каля могілак!“ Не — то касілкі няма, то салярка дарагая... Дзедушкін, чалавек перадпэнсійнага ўзросту, які фэрмы закапаў, што пасьля вайны людзі адбудавалі, лезе не куды-небудзь, а ў Менск! Гэтая ўлада цалкам дыскрэдытавала сябе ў вачах людзей! І я сабраў подпісы, усе падпісаліся!»

Два з паловай гектары бур’яну і аварыйныя дрэвы — далёка ня ўсё, што павінна было б хваляваць дэпутатаў, лічыць старэйшына:

«40 чалавек працаздольных, але няма дзе працаваць. Хто ў Воршы працуе — а да Воршы паспрабуй дабярыся! Зімой дарогі замятае — ні прайсьці, ні праехаць! Лес сьпілавалі, рэчку спаганілі. Калодзежы трэба зачыняць — дужа кепская ў іх вада! Выбіраем-выбіраем... Дык пакажыце, за каго мы галасавалі? У мяне клюб насупраць дома, чаму б не прыехаць тым, за каго мы раней галасавалі, ня даць нам справаздачу? Не дачакацца іх. У людзей забралі надзею на выбары!»

Надзея цяпер толькі на байкот. Ліст з папярэджаньнем ужо дайшоў да прэзыдэнцкай адміністрацыі, і ў Стаўрах пачаліся першыя зьмены: знайшлася касілка, каб абкасіць дарогу. Але як справы не прасунуцца далей, людзі гатовыя не пайсьці на выбары.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG