Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўлады, беларускія ўлады...


«Ва ўсім вінаватыя ўлады». Гэта ясна, гэтак паўсюль. Калі ўлады кепскія, грамадзтва выбірае іншыя ўлады. Зрабіць гэта немагчыма толькі там, дзе грамадзтва няма.

Улады і ёсьць прадукт грамадзтва. А грамадзтва – гэта штучная, непрыродная, паралельная з прыродай форма існаваньня чалавечага племені.

У прыродзе ўсякае племя кіруецца інстынктамі. Чалавечае племя кіруецца яшчэ й розумам, дакладней – няведаньнем. Мы ня ведаем, што такое жыцьцё, розум, сэнс. І каб надаць свайму існаваньню гэты самы сэнс, каб згарманізаваць сваё жыцьцё, каб «усім было добра», людзі прыдумалі каштоўнасьці: свабоду, роўнасьць, братэрства.

Усё гэта штучныя прыдумкі, якія належаць да сфэры грамадзтва, паралельнай прыроды, а не прыроды Боскай або натуральнай. І там, дзе яны працуюць, там працуе грамадзтва – як твор людзей. Там жыць добра. А дзе яны не працуюць або працуюць часткова або дзе мяшаюцца прыродныя й грамадзкія (штучна створаныя) каштоўнасьці (кілбаса і свабода) і герархіі, там жыць немагчыма. Дакладней, магчыма толькі ў племені, а не ў грамадзтве, якога няма. Параўнайце: тысячы беларусаў пераехалі ў Нямеччыну і Штаты, і ніводзін немец ці амэрыканец не пераехаў у Беларусь. Чаму? Бо не было куды. Ёсьць фантастычная беларуская прырода і самыя лепшыя ў сьвеце беларускія людзі, але няма беларускага грамадзтва, наяўнасьць якога пазнаецца па тым, што людзі, законы і ўлады кіруюцца каштоўнасьцямі, першая зь якіх – свабода.

Калі няма беларускага грамадзтва, ня можа быць і беларускіх уладаў. Мы зрабілі кальку з інтэрнацыянальнай формы – belarusian authorities – і спрабуем укласьці ў яе той самы сэнс, што ўкладаюць немцы або амэрыканцы, а выходзіць каша, непаразуменьне. Чаму беларускія ўлады змагаюцца зь беларускай сымболікай і душаць беларускую мову, чаму яны супраць беларускай незалежнасьці і беларускіх грамадзкіх арганізацыяў, што значыць – супраць беларускага грамадзтва, калі яны самі і ёсьць прадукт гэтага грамадзтва? Так не бывае.

Так можа быць, калі племя бярэ верх над грамадзтвам, калі інстынкты бяруць верх над каштоўнасьцямі, калі на месцы прэзыдэнта апынаецца важак, які інстынктыўна разбурае ўсе штучна створаныя да яго грамадзкія канструкцыі. Важак апэлюе да страўнікаў племені, а не да каштоўнасьцяў грамадзтва.

Далей – цытата з расейскага філёзафа Зіноўева, зь яго «Правальных вышыняў»:

«Трэба адрозьніваць уладу палітычную і непалітычную. Першая вырастае з палітычных дачыненьняў. Яна выбарная і зьменная. Яна мае на ўвазе апазыцыю і галоснасьць. Яна знаходзіцца пад кантролем грамадзкае думкі і адкрытая для крытыкі. Палітычная ўлада не вычэрпвае ўсёй улады грамадзтва. У ібанскім грамадзтве няма палітычнай улады. Ёсьць толькі непалітычная ўлада, якая падрабляецца пад палітычную. Навошта патрэбная гэтая падробка? Яна, па-першае, ёсьць прадукт гісторыі, у якой гэтая форма ўлады нараджалася як палітычная ўлада. Па-другое, яна аказалася зручным спосабам ідэалягічнай апрацоўкі насельніцтва. Па-трэцяе, ібанскім уладам на міжнароднай арэне даводзіцца мець справу з палітычнымі ўладамі іншых краін, і яна пры гэтым хоча выглядаць паўнапраўным партнэрам».

Цяпер зразумела, чаму не ўзьнікае й ня можа ўзьнікнуць паразуменьня паміж афіцыйным Менскам і Эўразьвязам, і чаму ў афіцыйнага Менску так шмат агульнага з афіцыйнымі бішкекамі ды каракасамі, і чаму Бакіеў знайшоў прытулак у Менску, але ўжо неафіцыйным. Каб лепей адчуць гэты кантраст, можна наведацца ў заапарк, паназіраць за паводзінамі племені і падумаць, ці адрозьніваемся мы ад іх.

Нарэшце, каб у паведамленьнях пра падзеі ў Беларусі, у аналітычных тэкстах пра «здачу незалежнасьці» і эмацыйных эсэ пра тое, што «беларускія ўлады ненавідзяць Беларусь» не памнажаць смутак і блытаніну, прапаную вам 10 прычынаў не называць афіцыйны Менск беларускімі ўладамі:

Беларускія ўлады гавораць па-беларуску. А інакш з чаго відаць, што яны беларускія?

Беларускія ўлады, як і ўсякія іншыя, маюць найвялікшую каштоўнасьць – незалежнасьць краіны, шануюць папярэднікаў, якія гэтую незалежнасьць здабылі, і Дзень абвяшчэньня незалежнасьці ўважаюць за галоўнае сьвята краіны. А інакш хто ж іх прызнае за беларускія ўлады?

Беларускія ўлады па-гаспадарску абыходзяцца са скарбамі беларускай зямлі, яе прыроднымі, людзкімі, культурнымі рэсурсамі, ведаючы, што ўсяго нам Бог даў дастаткова, трэба толькі разумна гэтым карыстацца. А інакш якія б яны былі ўлады, тым больш, беларускія?

Беларускія ўлады любяць усіх беларускіх людзей, незалежна ад таго, якія ў тых погляды, тэмпэрамэнты і густы. А інакш ці любілі б іх беларускія людзі?

Беларускія ўлады дбаюць пра прэстыж Беларусі на міжнароднай арэне. А інакш хто б зь імі сябраваў?

Беларускія ўлады маюць шчыльныя дачыненьні з усімі суседзямі Беларусі, а таксама з найбольш пасьпяховымі і свабоднымі дзяржавамі ў сьвеце, бо беларускія людзі ня мусяць маральна і матэрыяльна жыць горш за немцаў ці амэрыканцаў.

Беларускія ўлады ведаюць, што яны для беларускага народа ўзор маральнасьці. Лічыцца, што царква, але насамрэч наша гісторыя такая няпростая, што ўсе глядзяць на беларускія ўлады – як яны паводзяцца з жонкамі-мужамі, з бацькамі і зь дзецьмі, і стараюцца рабіць гэтаксама. Таму беларускія ўлады стараюцца быць для людзей узорам чалавечнасьці, суперажываньня і клопату пра сваіх блізкіх. А хто яшчэ самы важны ў нашым жыцьці, як ня блізкія?

Беларускія ўлады ня маюць дзяржаўных СМІ. Хай людзі самі ацэняць, як мы працуем, кажуць яны.

Беларускія ўлады амаль нябачныя. Як лёнданская паліцыя. Пройдзеш увесь Лёндан і падумаеш – паліцыі то і не пабачыў! Але варта табе заступіць у зону іншага, як нібы з-пад зямлі – мігалкі, шаломы, дручкі... Таму і беларускія ўлады зьяўляюцца ў тэлевізары толькі тады, калі здарылася нешта незвычайнае. Яны ж не для тэлевізара працуюць. Мы нават і не прыгадаем, хто цяпер беларускія ўлады. Менавіта за гэта мы іх любім і выбіраем. За тое, што, як кажа мой сусед, не перашкаджаюць жыць.

Беларускія ўлады, беларускія ўлады... Як родна і як удала гэта гучыць! Нібы песьня. Амаль як «Белавеская пушча, Белавеская пу-угу-гушча...» Памятаеце, Данчык сьпяваў на словы Арсеньневай: Як алені з кален, п'ю сьвятую ваду... Беларускія ўлады, беларускія ўла-ага-гады.




Іншыя артыкулы на тэму: «Беларускія чэкісты і беларускі КДБ», «Беларускі адказ Эўразьвязу», «Беларусь напазычала за мяжой 34 мільярды даляраў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG