Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апраўданыя фігуранты «справы Грамовіча»


Belarus -- A member of the State Customs Committee, Minsk, in June 2009
Belarus -- A member of the State Customs Committee, Minsk, in June 2009
Беларускі вайсковы суд (БВС) 15 лістапада абвясьціў прысуды па так званай «справе Грамовіча». Як паведамляе БелаПАН, амаль усім фігурантам справы вынесеныя апраўдальныя прысуды.

Слуханьне справы пачалося 21 траўня 2010 году, пасяджэньні праводзіліся за зачыненымі дзьвярыма. Да крымінальнай адказнасьці было прыцягнута 36 чалавек, большасьць зь якіх зьяўляліся службовымі асобамі мытні «Заходні Буг» (у тым ліку два намесьнікі начальніка мытні і начальнік паста) і Ўпраўленьня КДБ па Берасьцейскай вобласьці (былыя намесьнікі начальніка ўпраўленьня, а таксама начальнік аддзелу па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй). Паводле ацэнак сьледзтва, ад нявыплаты мытных плацяжоў дзяржаве была нанесеная шкода ў памеры звыш 30 млрд. рублёў.

У СМІ гэтую справу назвалі «справай Грамовіча» паводле прозьвішча арыштаванага 15 студзеня 2009 году былога дырэктара дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю Анатоля Грамовіча.

У выніку БВС прыняў рашэньне спыніць вытворчасьць па крымінальнай справе ў дачыненьні да дзевяці фігурантаў за адсутнасьцю ў іх дзеяньнях складу злачынства. Гэтыя людзі маюць права на поўную рэабілітацыю аж да аднаўленьня на ранейшым працоўным месцы.

Яшчэ 25 абвінавачаных прызнаныя невінаватымі за недаказанасьцю ў частцы ўчыненых злачынстваў. У іх ліку Анатоль Грамовіч і былы намесьнік начальніка мытні «Заходні Буг» Яўген Селіванаў.

У дачыненьні да яшчэ чатырох абвінавачаных крымінальныя справы, па рашэньні БВС, павінны быць накіраваны ў Генэральную пракуратуру для новага папярэдняга расьсьледаваньня.

Суд улічыў, што па цэлым шэрагу інкрымінаваных артыкулаў скончыліся тэрміны даўніны прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці, і на гэтай падставе крымінальныя справы спыненыя. Разам з тым, як стала вядома з абвешчанай часткі прысуду, вельмі многія абвінавачаныя ў ходзе папярэдняга сьледзтва добраахвотна выдавалі незаконна атрыманыя грошы. Усе гэтыя сродкі – звыш 150 тысяч даляраў – рашэньнем суду зьвернутыя ў прыбытак дзяржавы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG