Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бычкі на ўгодкі Васіля Быкава


Рыгор Барадулін – ляўрэат прэміі "За свабоду слова" імя Васіля Быкава, 2008 год
Рыгор Барадулін – ляўрэат прэміі "За свабоду слова" імя Васіля Быкава, 2008 год
19 чэрвеня на Віцебшчыне, у вёсцы Бычкі Вушацкага раёну – на малой радзіме Васіля Быкава – адбудзецца імпрэза, прысьвечаная памяці славутага пісьменьніка, якому ў гэты дзень споўнілася б 87 гадоў.

На дзень народзінаў Васіля Быкава штогод зьбіраюцца прыхільнікі ягонага таленту з усёй Беларусі, і сёлета ўжо ў чацьвёрты раз будзе прэмія “За свабоду думкі”, заснаваная рухам “За Свабоду” пад кіраўніцтвам Аляксандра Мілінкевіча.

Арганізацыяй імпрэзы да ўгодкаў Васіля Быкава традыцыйна займаецца віцебскае аддзяленьне Таварыства Беларускай мовы. Старшыня абласной рады ТБМ Іосіф Навумчык распавёў, што зранку 19 чэрвеня заплянаванае ўскладаньне кветак да мэмарыяльнай дошкі ў гонар Васіля Быкава ў Віцебску, і ўжо апоўдні распачнуцца літаратурныя чытаньні ў Бычках на Вушаччыне:

“Райвыканкам даў нам згоду на такое мерапрыемства – літаратурныя чытаньні. Выступяць пісьменьнікі зь Менску, Віцебску, яшчэ хто захоча… Дамо слова Мілінкевічу, бо ёсьць традыцыя ўручыць у бычках прэмію, адбудзецца ўручэньне. А яшчэ будзе мастацкая выстава па выніках ранейшых “быкаўскіх” пленэраў, будзе канцэрт…”

Прэмія “За свабоду думкі” была заснаваная чатыры гады таму на ўзор прэміі “За свабоду” імя Сахарава, якой у 2006 годзе быў уганараваны Аляксандар Мілінкевіч. Гэтай прэміяй узнагароджваюць тых, хто, на думку адмысловага журы, яскрава праявіў сябе ў грамадзкай, прафэсійнай альбо творчай дзейнасьці на карысьць Беларусі і свабоды.

Упершыню ў 2008 годзе яна была прысуджана Рыгору Барадуліну. Тады ж ляўрэатамі сталіся таксама Ўладзімер Арлоў і Павал Севярынец. У 2009 годзе прэмія “За свабоду думкі” была ўручана Алесю Пушкіну. Летась ганаровы дыплём і сымбалічную статуэтку аўтарства Віктара Копача атрымала Ада Райчонак, актывістка з Шаркоўшчынскага раёну, арганізатарка шматлікіх мастацкіх пленэраў, стваральніца некалькіх музэяў і заснавальніца Цэнтру імя Язэпа Драздовіча:

Ада Райчонак

“За маё настаўніцкае жыцьцё ў мяне было шмат самых розных узнагарод, але гэтая – самая дарагая для мяне. Гэта будзе памяць для маіх дзяцей і ўнукаў пра тое, што я, мусіць, недарэмна пражыла на сьвеце – нешта па сабе пакіну. Што заўважылі маю працу, і ня ўлады, а грамадзкасьць мяне ўганаравала!”

Сёлета ў Бычках прэмія “За свабоду думкі” ўручаць у чацьвёрты раз. Пакуль імя ляўрэата невядомае – яго назавуць толькі 19 чэрвеня, у дзень народзінаў Васіля Быкава.

У гэты дзень у Бычках зьбіраюцца сваякі пісьменьніка -- пачэснай госьцяй ўсіх імпрэзаў бывае роднай родная сястра Васіля Быкава, Валянціна Ўладзімераўна. А таксама грамадзкія актывісты, палітыкі, пісьменьнікі і проста аматары беларускага мастацкага слова.

На сёлетнія ўгодкі Васіля Быкава зьбіраецца прыехаць бацька вядомага палітыка, паэт Кастусь Севярынец:

Кастусь Севярынец

“Думаю, ехаць да дзядзькі Васіля на дзень народзінаў без падарунка неяк няёмка… Ну, я што я магу яму падарыць? Хіба верш. Вось што ў мяне атрымалася: “Васілёк. Бычкі. Дарога” Зямны паклон нябёснаму Васілю Уладзіміравічу:


Ножкі босыя.
Халодна.
Колецца атава.
Дзе той Віцебск?
Дзе Гародня?
Дзе сталіца й слава?

Шчэ ня бачацца
Здалёк
Лёсавы сваволі...
Ёсьць Бычкі.
Ёсьць Васілёк.
Ёсьць дарога ў полі.

Будзе ліха.
Будзе гром.
Будзе “пахаронка”...
А пакуль што
Пад вакном –
Арабіны гронка.

Сьпеляць яблыкі сады,
Гнецца колас
Долу...
Не, не згубяцца
Сьляды
З Божага дазволу.

Бо ў мілосьці,
Ці ў бядзе,
Праз гады
І стому,
Ёсьць Дарога,
Што вядзе
З дому і дадому.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG