Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Справа 14-ці": як склаўся лёс асуджаных?


Сёньня канчаецца тэрмін абмежаваньня волі Максіма Дашука — аднаго зь фігурантаў "справы 14-ці", асуджаных два з паловай гады таму за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў. Непаўналетні на час вынясеньня прысуду хлопец вымушаны быў дзень пры дні 2 гады і 5 месяцаў знаходзіцца пасьля працы толькі дома.

Максім Дашук.
Максім Дашук — адзіны непаўналетні з удзельнікаў справы, якая пачалася ў студзені 2008 году. Тады, падчас дэманстрацыяў пратэсту прадпрымальнікаў, 14 актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху былі пакараныя абмежаваньнем волі і штрафамі.

Максім паводле прысуду павінен быў пасьля працы знаходзіцца выключна дома. Ён ня мог займацца спортам, хадзіць на канцэрты, выяжджаць за межы Менску. За парушэньне гэтых правілаў у чэрвені 2009 году юнаку да першапачатковага тэрміну дадалі яшчэ 15 месяцаў. І таму толькі сёньня для яго наступіў апошні дзень пакараньня.

Удзельнік той акцыі Андрэй Кім сёньня кажа, што шчыра рады за Максіма:

Андрэй Кім.
"Ён — актыўны, мэтанакіраваны хлопец. Вельмі яшчэ малады, і яму трэба шмат чаму вучыцца, як, дарэчы, і ўсім нам. Але калі ён будзе працаваць на будучыню нашай краіны, то гэта будзе вельмі карысна".

Знайсьці самога Максіма не атрымалася. Адзін час ён быў блізкі да кааліцыі "Эўрапейская Беларусь". Але, як тут тлумачыць, каб не падстаўляць хлопца, кааліцыя не прыцягвала яго да працы. Цяпер Максім разам з маці займаецца мэблевым бізнэсам. І ці захоча ён вярнуцца да грамадзкай дзейнасьці, пакуль невядома.

Старшыня руху салідарнасьці "Разам" Вячаслаў Сіўчык прысутнічаў практычна на ўсіх судовых пасяджэньнях па "справе 14-ці":

Вячаслаў Сіўчык.
"Улады вырашылі пакараць за акцыі прадпрымальнікаў актывістаў розных моладзевых рухаў. Так і адбылася "справа 14-ці". Яна чарговым разам засьведчыла, што ў Беларусі няма ні суду, ні права.

Лёс асуджаных склаўся пасьля па-рознаму. Частка вымушаная была зьехаць на эміграцыю, частка і далей працягвае змаганьне за Беларусь. Гэтая справа была тыповай для цяперашняга рэжыму. Таму, мусіць, самае галоўнае ў ёй — гэта тое, што ў зьвязку з тым, што грамадзтва рэагавала на гэтую прававую сваволю, фігурантам справы былі дадзеныя адносна мяккія тэрміны".

І сапраўды, некаторыя ўдзельнікі нашумелай справы цяпер знаходзяцца па-за межамі Беларусі. Гэта — Аляксей Бондар, Арцём Дубскі, Міхась Крываў, Тацяна Цішкевіч...

Андрэй Кім, які па-ранейшаму займаецца грамадзкай дзейнасьцю ў Беларусі, шкадуе, што не выпадае сустрэцца ўсім разам. Андрэй кажа, што ў кожнага лёс склаўся па-свойму:

"Ёсьць, напрыклад, Міша Субач. Гэта — мой вельмі добры сябар, ён у Беларусі, нікуды ня зьехаў. Ён таксама вельмі добры хлопец. І насамрэч хочацца сустракацца часьцей, чым гэта атрымліваецца. Бо падчас акцыі і суду я шмат з кім пазнаёміўся, шмат з кім пасябраваў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG