Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хваля новых варыянтаў «Омікрону» коціцца па Эўропе. Экспэрты загаварылі пра вяртаньне абмежаваньняў


Незадоўга да сэзону летніх адпачынкаў у шэрагу эўрапейскіх краін расьце колькасьць інфікаваных каранавірусам. Гэта зьвязана з падварыянтамі «Омікрону» BA.4 і BA.5.

Пра тое, ці пагражае Эўропе новая хваля пандэміі, піша DW.

З надыходам лета чакаецца новая хваля каранавірусу, выкліканая «Омікрон»-варыянтам і яго новымі формамі. Рост колькасьці інфікаваных у Эўропе азмрочвае пэрспэктывы сэзону адпачынкаў. Паводле дадзеных статыстычнага сайта Our World in Data, колькасьць заражэньняў каранавірусам значна павялічваецца ў Партугаліі, Нямеччыне, Францыі, Італіі, Гішпаніі, Грэцыі, Даніі і Нідэрляндах.

Экспэрты абгрунтоўваюць гэты рост новымі варыянтамі вірусу — BA.4 і BA.5, якія больш заразныя, чым папярэднія. Акрамя таго, мэдыкі спасылаюцца і на адмененыя абмежавальныя захады. Што ў гэтых умовах чакае Эўропу?

Ці вытрымала Партугалія новую хвалю пандэміі

Партугалія зь сярэдзіны траўня змагаецца з ростам заражэньняў. У краіне па-ранейшаму найвышэйшы ў Эўропе тыднёвы паказьнік зарэгістраваных выпадкаў інфікаваньня. Новы падварыянт «Омікрона» — BA.5 стаў прычынай новай хвалі распаўсюджваньня каранавірусу. 90% выяўленых выпадкаў заражэньня ў Партугаліі цяпер выкліканыя гэтым тыпам вірусу.

Разам з тыднёвым індыкатарам заражэньня ў Партугаліі вырасла і сьмяротнасьць. Згодна з Our World in Data, у краіне самая высокая сярод усіх заходнеэўрапейскіх краін сьмяротнасьць з улікам колькасьці насельніцтва. Нягледзячы на вялікую колькасьць хворых, шпіталі ў Партугаліі не перагружаныя. У краіне высокі ўзровень вакцынацыі — прышчэпкі маюць 87 працэнтаў насельніцтва.

Акрамя таго, новая форма «Омікрону» лічыцца больш заразнай, чым папярэднія, але ня больш небясьпечнай. Колькасьць захворваньняў у Партугаліі з пачатку чэрвеня зноў зьніжаецца. Адмысловая ўстанова пры Міністэрстве аховы здароўя Партугаліі Insa мяркуе, што пік заражэньняў ужо дасягнуты і што іх хваля ідзе на спад.

Экспэрты папярэджваюць пра новую хвалю «Омікрону» ў Эўропе

Зь сярэдзіны чэрвеня хутка павялічваецца колькасьць інфікаваных і ў Францыі. Паводле афіцыйнай інфармацыі, тыднёвы індыкатар захворваньня цяпер складае каля 477 на 100 000 жыхароў (па стане на 18 чэрвеня).

«Крывая эпідэміі ў Францыі мае экспанэнтны характар», — папярэдзіў Антуан Фляо, эпідэміёляг і кіраўнік Інстытуту глябальнай аховы здароўя пры Мэдычнай школе Жэнэўскага ўнівэрсытэту. Падобна, новую хвалю выклічуць варыянты «Омікрону» BA.4 і BA.5, паведаміў Фляо ў інтэрвію тэлеканалу навін franceinfo.

Аднак пакуль Фляо ня можа дакладна спрагназаваць, як будзе разьвівацца сытуацыя ў Францыі. У той час як Паўднёвая Афрыка прайшла новую хвалю каранавірусу за восем тыдняў, Фляо мяркуе, што ў Партугаліі гэта зойме ад дзевяці да дзесяці тыдняў.

«Калі экстрапаляваць сытуацыю ў Партугаліі на Францыю, то мы будзем мець справу з новай хваляй большую частку лета», — удакладняе Фляо.

«Мы дагэтуль не засвоілі ўрок»

Як і ў Францыі, у Нямеччыне тыднёвы паказьнік захворваньня на 100 000 жыхароў значна перавышае 400. Інстытут імя Робэрта Коха абвясьціў 22 чэрвеня пра 119 000 новых заражэньняў каранавірусам на працягу апошніх сутак. Верагодна, у гэтым таксама вінаватыя BA.4 і BA.5. Але, паводле словаў намесьніка кіраўніка RKI Ларса Шаадзэ, і адмена ахоўных мер спрыяе пагаршэньню становішча з каранавірусам.

«Гэта ня той выпадак, калі мы можам бесклапотна і без контразахадаў супрацьстаяць гэтай летняй хвалі», — заявіў міністар аховы здароўя ФРГ Карл Ляўтэрбах. Ён робіць стаўку на далейшыя ахоўныя меры, заплянаваныя на восень, такія як яшчэ адна буйная кампанія па вакцынацыі насельніцтва. Пры гэтым, паводле слоў Ляўтэрбаха, прычын для панікёрства няма.

Сытуацыя на поўдні Эўропы

Між тым у Грэцыі і Італіі, паводле тыднёвага індыкатара захворваньня, колькасьць ізноў інфікаваных таксама рэзка падскочыла. У Італіі яна расьце ўжо другі тыдзень запар, а хуткасьць перадачы вірусу зноў дасягнула маштабаў эпідэміі, інфармуе італьянскае Міністэрства аховы здароўя. «Гэта наша трэцяе лета пандэміі, і мы да гэтага часу не засвоілі ўрок», — наракае ў інтэрвію інфармагенцтву ADNKronos Вальтэр Рыкарды, былы міністар аховы здароўя Італіі.

У Гішпаніі на гэты момант яшчэ не зафіксавана такога значнага росту колькасьці інфікаваных, як у іншых эўрапейскіх краінах. Там афіцыйна рэгіструюць выпадкі захворваньня каранавірусам толькі ў асоб, старэйшых за 60 гадоў. Паводле апошняй справаздачы Міністэрства аховы здароўя, агульнанацыянальны тыднёвы паказьнік у гэтай узроставай групе складае каля 302 (паводле зьвестак на 17 чэрвеня). У сярэдзіне чэрвеня на варыянты «Омікрону» ВА.4 і ВА.5 прыпадала больш за 10 працэнтаў станоўчых тэстаў.

У Паўночнай і Ўсходняй Эўропе «Омікрону» пакуль няшмат

У той час як захворваньне на COVID павялічваецца ў некаторых краінах Паўднёвай і Заходняй Эўропы, на поўначы і ўсходзе кантынэнту паказьнікі ўсё яшчэ застаюцца на нізкім узроўні. Паводле дадзеных Our World in Data, у гэтых краінах таксама назіраецца невялікі рост хвароб, але ён пакуль несупастаўляльны зь іншымі эўрапейскімі краінамі.

У Швэцыі, напрыклад, у сярэдзіне чэрвеня было зарэгістравана каля 1900 выпадкаў COVID за тыдзень, а ў Польшчы, паводле афіцыйнай інфармацыі, — 285 за суткі. У Даніі, дзе колькасьць захварэлых таксама ўсё яшчэ невялікая, прэм’ер-міністар краіны Мэтэ Фрэдэрыксэн паведаміла 22 чэрвеня, што асобам, старэйшым за 50 гадоў, будзе прапанаваная чацьвёртая доза вакцыны ад каранавірусу. Колькасьць заражэньняў, паводле яе слоў, расла хутчэй, чым чакалася, і варыянт «омікрон» BA.5 ужо стаў дамінантным тыпам вірусу ў краіне.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG