Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія экспэрты: маскі могуць застацца з намі назаўжды


Другі год падчас пандэміі каранавірусу людзі ў большасьці краінаў сьвету носяць на тварах маскі, якія лічацца вельмі эфэктыўным сродкам прафіляктыкі хваробы. Экспэрты задумаліся над тым, як доўга чалавецтву давядзецца насіць маскі, і прыйшлі да нечаканых высноваў.

Пра гэта піша амэрыканская газэта The New York Times.

Маскі — вельмі эфэктыўная перашкода для вірусу

«Навуковыя дадзеныя пацьвярджаюць, што нашэньне масак зьяўляецца дзейснай стратэгіяй процідзеяньня COVID-19. Пытаньне ў тым, як доўга мы гэта робім і ў якой колькасьці кантэкстаў. Магчыма, мы будзем насіць маскі ўсё астатняе жыцьцё», — кажа доктар Стывэн Лубі, экспэрт у галіне інфэкцыйных захворваньняў і эпідэміёляг са Стэнфардзкага ўнівэрсытэту.

Амэрыканскія Цэнтры кантролю і прафіляктыкі хваробаў рэкамэндуюць, каб нават цалкам прышчэпленыя людзі насілі маскі ў закрытых грамадзкіх памяшканьнях, дзе рызыка перадачы вірусу «значная або высокая».

Паводле навукоўцаў, добраахвотнае нашэньне масак па-ранейшаму будзе карысным пры пэўных абставінах, а таксама падчас будучых сэзонных эпідэмій прастуды і грыпу.

«Я ня думаю, што мы захочам скідаць усе нашы маскі», — сказаў журналістам New York Times доктар Лубі.

Пра што сьведчаць дасьледаваньні

Шмат розных экспэрымэнтаў пацьвярджаюць эфэктыўнасьць масак як меры грамадзкай аховы здароўя.

Лябараторныя дасьледаваньні паказалі, што нават простыя тканевыя маскі могуць блякаваць звыш 50 працэнтаў невялікіх аэразоляў; хірургічныя маскі і рэсьпіратары N95 блякуюць яшчэ больш.

І рэальныя «палявыя» дасьледаваньні паказваюць, што патрабаваньне насіць маскі ў маштабах фірмы, школы ці гораду стрымлівае распаўсюджваньне вірусу.

Рандамізаванае дасьледаваньне, праведзенае доктарам Лубі і яго калегамі ў 600 вёсках у Бангладэш, прадэманстравала, што ўмяшаньне ў форме раздачы бясплатных масак і кампаніі абмену паведамленьнямі прывяло да значнага павелічэньня нашэньня масак і зьніжэньня колькасьці выпадкаў COVID-19.

«Існуе вялікая колькасьць доказаў, што маскі дапамагаюць запаволіць перадачу вірусу», — кажа экспэрт у вірусах, якія перадаюцца паветраным шляхам, з Тэхналягічнага інстытуту Вірджыніі Лінсі Мар.

Маскі для твару, паводле доктара Мара, не пазбаўленыя заган. Яны перашкаджаюць зносінам і могуць быць нязручнымі.

Некаторыя людзі з абмежаваньнямі могуць ня мець магчымасьці насіць маскі, і да гэтага часу вядуцца спрэчкі пра перавагі і недахопы масак для маленькіх дзяцей. Напрыклад, Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе не надзяваць маскі дзецям, малодшым за 6 гадоў.

Але ўлічваючы, што большасьць людзей добра пераносяць маскі і што іх нашэньне зьяўляюцца ключавым інструмэнтам у барацьбе з пандэміяй, экспэрты лічаць іх незаменнымі.

«Я думаю, што нашэньне масак — гэта ў многіх сэнсах адно з умяшаньняў, ад якіх вы, напэўна, захочаце вызваліцца ў апошнюю чаргу. Маскі — гэта вельмі і вельмі нізкая цана ў параўнаньні з большасьцю іншых умяшаньняў», — сказаў спэцыяліст у галіне мадэляваньня інфэкцыйных хваробаў з Кэмбрыджскага ўнівэрсытэту Рычард Штут.

Здымаць маскі яшчэ ня час

Цяпер, на думку экспэртаў, паслабленьне патрабаваньняў насіць маскі было б заўчасным, асабліва напярэдадні зімы, калі людзі праводзяць больш часу ў закрытых памяшканьнях, калі адбываюцца паездкі на вакацыі, у выніку чаго лягчэй перадаюцца рэсьпіраторныя вірусы.

«Цяпер ня час здымаць патрабаваньне насіць маскі», — кажа доктар Лубі.

Навукоўцы падкрэсьліваюць, што паслабленьне абмежаваньняў на нашэньне масак павінна быць рашэньнем мясцовых уладаў, заснаваным на розных фактарах, у тым ліку на лякальным узроўні перадачы вірусу і ступені вакцынацыі, а таксама ўразьлівасьці насельніцтва.

«Калі ў рэгіёне або канкрэтнай супольнасьці адбываецца ўспышка, я думаю, што для людзей у гэтай супольнасьці было б разумна насіць маскі, нават калі на нацыянальным узроўні ўсё знаходзіцца пад дастатковым кантролем», — кажа доктар Штут.

Але гэта яшчэ ня ўсё. Нават пасьля адмены абавязковых масак для некаторых катэгорый насельніцтва — напрыклад, пажылых людзей ці людзей з аслабленым імунітэтам — насіць маскі будзе мець сэнс пры пэўных абставінах і ўмовах. Навукоўцы лічаць, што людзі мусяць быць гатовыя зноў надзець маскі ў выпадку будучых успышак хваробы.

Маскі з намі назаўсёды?

Экспэрты выказваюць надзею, што новыя нормы нашэньня масак могуць перажыць пандэмію. Маскі для твару могуць дапамагчы зьнізіць перадачу іншых рэсьпіраторных вірусаў, і навукоўцы кажуць, што яны плянуюць нашэньне масак у некаторых умовах, напрыклад у самалётах і аўтобусах падчас будучых сэзонаў грыпу.

Экспэрт у рэсьпіраторных вірусах зь Пітсбурскага ўнівэрсытэту, доктарка Сіма Лакдавала, выказала надзею, што па меры паслабленьня іншых абмежаваньняў падчас цяперашняй пандэміі людзі могуць палічыць нашэньне масак у пэўных сытуацыях менш цяжкім і карысным.

«Калі людзі стануць больш задаволеныя вакцынацыяй і ўсьвядомяць, што могуць бачыць сваіх сяброў, сям’ю, бясьпечна займацца рознымі справамі, то надзяваньне на 20 хвілін маскі ў аўтобусе па дарозе на працу ня будзе разглядацца як цяжар, а будзе проста спосабам абараніць сябе і сваю сям’ю», — кажа доктарка Лакдавала.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG