Экалягічнае сьвята «Журавы і журавіны Мёрскага краю» прайшло ўжо шосты раз. Адметнасьцю сёлетняга фэсту стала адкрыцьцё ў райцэнтры скульптурнай кампазыцыі «Жураўліная вернасьць».
Новая скульптура і брак інфраструктуры
Жыхары Мёраў займелі прыгожы антураж для фатасэсій. А ў горадзе прыбавілася турыстычнай інфраструктуры. Дагэтуль яе тут вобмаль. Можа, гэта і не дае фэсту стаць больш маштабным. Дзяржаўны гатэль на 37 месцаў і прыватны, яшчэ меншы, — гэта ўсё, на што могуць разьлічваць турысты. Не нашмат болей тут і ўстановаў грамадзкага харчаваньня. Таму заўсёдныя госьці сьвята — пераважна мясцовыя жыхары.
Штогадовы конкурс «падворкаў», калі сельсаветы раёну спаборнічаюць у выкарыстаньні «журавовай» і «журавінавай» тэматыкі, сканчаецца супольнай бяседай за адмысловымі стравамі, згатаванымі дзеля конкурсу. Самадзейных артыстаў, якія выступаюць на канцэрце, ці ня кожны глядач ведае асабіста. Мёрскае райпо прадае ежу, упрыгожаную чырвонымі ягадамі.
Прыбытак — з асаблівасьцяў рэгіёну
У тэорыі фэст мог бы стаць нацыянальным брэндам, прывабным для замежных турыстаў. Бо на Мёршчыне — унікальнае верхавое балота Ельня. Тут растуць журавіны і штогод спыняюцца рэдкія пералётныя птушкі — каля 4 тысяч шэрых журавоў і гусей розных відаў.
Бёрдвотчынг — назіраньне за птушкамі — занятак, папулярны цяпер ва ўсім сьвеце. І замежных турыстаў можна запрашаць на Мёршчыну пабыць «птушарамі». Падчас сьвята тут ходзяць сачыць за птушкамі штогод.
Мог стаць міжнародным, застаецца рэгіянальным
Грамадзкая арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» ладзіць экалягічнае сьвята ў Мёрах разам зь мясцовымі ўладамі.
Старшыня арганізацыі Аляксандар Вінчэўскі перакананы, што фэст варта праводзіць на больш высокім узроўні.
«У Беларусі гэта адзін з трох сталых экалягічных фэстаў. І яго трэба ўдасканальваць: прызначыць асобнае кіраўніцтва, якое б ім займалася, дырэктара, запрашаць сюды вядомых артыстаў. Занадта мала рэклямы. Між тым фэст мог бы прыносіць рэгіёну значны прыбытак, калі выкарыстоўваць гэты ўнікальны прыродны патэнцыял», — кажа Вінчэўскі.
Падобным чынам прыродны патэнцыял канкрэтных мясьцін выкарыстоўваецца ў суседзяў. Прыкладам, у латвійскім пасёлку Царнікава, дзе здабываюць і гатуюць міногу. Гэты далікатэс прыносіць рэгіёну і вядомасьць, і добрыя грошы. Дзень міногі ладзіцца ў Царнікаве штогод.
Але фэст «Журавы і журавіны» пакуль можа гарантаваць хіба толькі добры настрой мясцовым жыхарам, якія вельмі любяць сваё сьвята.