Паэт Зьніч (айцец Іаан, праваслаўны манах Жыровіцкага манастыра) дэклямуе анэкдоты пра камуністаў, якія кінулі ўсё на алтар змаганьня з рэлігіяй.
77-гадовы Алег Бембель, вядомы ў сьвецкім і духоўным жыцьці пад рознымі імёнамі і ў розных іпастасях — паэт, філёзаф, дысыдэнт, музыка, публіцыст. Ён ня часта пакідае межы сваёй кельлі ў Жыровічах, аднак прынагодная падзея паклікала ў Менск, дзе аўтабіяграфічную кнігу «Кантакты» прэзэнтаваў гісторык і публіцыст, дзяяч беларускай дыяспары ў ЗША Янка Запруднік.
Янку Запрудніку, да 90-годзьдзя зямнога шляху
За польскім, за савецкім, за нямецкім,
За акіянскім часам беларус застаўся беларускім,
Палоньнікам узьнёслых шчырых муз,
Цэнтрам злучэньня розных беларусаў.
У шматгалосьсі існым, як Сусьвет
Пазьбегнуў абурэньняў і спакусаў,
Бо нёс у сэрцы Божы запавет...
Пажадаўшы 90-гадоваму аўтару «яшчэ 100 гадоў зь беларускім гакам», Зьніч падарыў яму і ўласны плён творчых шуканьняў — збор «рыфмараў» і мадуляцый «Апошняму беларусу».
«У мяне ў Менску назапасілася некалькі клопатаў — і лекавыя, і творчыя, — гаворыць Зьніч. — Але, безумоўна, галоўнай нагодай была сустрэча з сябрам і аднадумцам Янкам. Гэтаксама ўсьцешаны, што большая палова заплечніка з асобнікамі „Апошняга беларуса“ патрапіла ў рукі да менскай шляхты. Гэта быў шматгалосны сьпеў, дзе ўсе галасы гучалі на поўную моц і адзін аднаму не заміналі: Яначка свае аўтографы даваў, Зьніч — свае».
Дарэчы, адна з кніг падпісаная для Нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч і чакае гаспадыню ў рэдакцыі Свабоды:
«Сьвятлана! У войнаў — цынкавы і не жаночы твар!
А твой — заўжды прад Богачалавекам
Праменіць сапраўды нябёсны дар —
Любоў Хрыстовую адвотуль і... давеку!».
Што натхняла да творчасьці паміж малітвамі? Зьніч ляканічны:
«Тытул, вокладка, яе адваротны бок даюць зьмястоўны адказ на гэтыя пытаньні. Тытул — „Апошняму беларусу“, адваротны бок вокладкі — „...як колас на забытай пожні — дай Бог — каб ты ня быў апошнім...“. Дзякаваць Богу, ён дае нам шмат мудрых, ураўнаважаных, боганатхнёных людзей».
Са Зьнічом размаўляем у менскай кватэры паэта і навукоўца Алеся Клышкі. Яны ня толькі сябры па жыцьці і веры, але і суаўтары шэрагу сумесных выданьняў. Нягледзячы на пэўныя разыходжаньні ў ацэнцы геапалітычных падзеяў на ўсходзе Ўкраіны, апошнія два дзясяткі гадоў арганічна дапаўняюць і ўраўнаважваюць адзін аднаго. У цяжкія для спадара Клышкі дні менавіта духоўны настаўнік першым падставіў плячо, ня даў расчаравацца ў жыцьці. Нездарма ў «Апошнім беларусе» ёсьць радкі з прыпіскай — «Алесю Клышку і ўсім, хто любіць Беларусь...»:
... Брат, зьбірай Беларусь па каменьчыку,
Час прадсконны, зьбірай камяні.
Нават мёртвыя ў скрусе ўкленчылі,
Шанец ёсьць яшчэ, не абміні.
Вырашальныя — хвілі апошнія,
Выйграе — хто ўваскрос са Хрыстом,
Нашы сэрцы пакуль што ня скошаны,
Але гнуцца пад чорным дажджом.
Нас яшчэ не панесьлі да хвойніку,
Наш настаўнік — хто справа сканаў.
Ён — ня мячык, а сэрца разбойніка
Прама ў Райскую браму ўвагнаў...
Да паслушэнства ў Жыровічах, якое Алег Бембель прыняў два дзясяткі гадоў таму, ён быў пасьпяховым «міранінам», рэалізаваўся ў розных галінах. Сын вядомага скульптара Андрэя Бембеля, пайшоў у творчасьці іншым шляхам: у 1969-м скончыў Менскую кансэрваторыю, у 1971-74 гадах — асьпірант Інстытуту філязофіі і права Акадэміі навук Беларусі. Абараніцца не ўдалося, дысэртацыю аб народных і інтэрнацыянальных элемэнтах у літаратуры прызналі «нацыяналістычнай».
Паваротным у лёсе Алега Бембеля стаў 1985 год, калі ён выдаў у Лёндане сваю працу «Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс». У дасьледаваньні, якое было распачатае яшчэ пры канцы 1970-х, на падставе аўтарскага анкетаваньня крытыкавалася савецкая моўная палітыка, якая мэтанакіравана зьнішчала адзін з галоўных складнікаў ідэнтыфікацыі беларусаў.
У Беларусі праца была прызнана «ідэалягічна шкоднай», але машынапісны варыянт удалося перадаць у Лёндан, дзе кніга і была надрукавана Таварыствам беларусаў Вялікай Брытаніі. Адразу ж пасьля гэтага Бембеля выключылі з КПСС і звольнілі з Інстытуту філязофіі і права, ягоны аддзел эстэтыкі і псыхалёгіі проста скасавалі. Ва ўстановах навукі і культуры нават зьбіраліся сходы дзеля асуджэньня дзейнасьці «псэўдадасьледчыка».
Атрымаўшы па карку ад савецкай сыстэмы, Бембель стаў актыўным удзельнікам беларускага нацыянальнага руху, пад псэўданімам Зьніч публікаваў свае вершы ў самвыдаце і незалежнай прэсе. Пры канцы 1980-х пачаў супрацоўнічаць з часопісам «Праваслаўная думка». У якасьці літаратурнага дадатку да часопісу быў выдадзены збор вершаў «Малітвы за Беларусь». Заглыбленьне ў веру адбывалася імкліва: пачаў выдаваць рэлігійна-культурны часопіс «Жыровіцкая абіцель» у аднайменным манастыры, ад 1996 году — у послуху ў Жыровічах. Духоўнае імя — айцец Іаан.
Ідэалягічныя разыходжаньні з камуністычнай ідэалёгіяй дагэтуль не даюць спакою Зьнічу і ён не адмаўляе сабе ў задавальненьні пакпіць з колішніх партыйцаў. Адным з улюбёных спосабаў расслабіцца — анэкдоты з сэрыі пра «армянскае радыё», якім надаецца аўтарская інтэрпрэтацыя. Насамрэч гэта не зусім звыклыя анэкдоты, а цэлыя міні-спэктаклі зь пераўвасабленьнем у пэрсанажаў, з дакладным парадзіраваньнем Леніна, Сталіна ды іншых савецкіх бальшавікоў. Іх трэба як мінімум слухаць. Некалькі такіх «інтэрмэдыяў» Свабода дае магчымасьць невядомыя раней здольнасьці паэта ацаніць і сваім наведнікам.
Your browser doesn’t support HTML5
Your browser doesn’t support HTML5
«Товаисчи, хочу напомнить момент нашей недавней исто’ии. Товаисч Айтматов в свое в’емя написал сенсационный роман, в котоʼом б’осил вызов самому Достоевскому с его легендой о „Великом инквизито’е“. Так вот товаисч Айтматов придумал легенду про манкурта. Мы просмот’ели выход его в печать, наказали товаисчей, которые п’оспали, извините за выражение, выход такого произведение в эфи’. Роман нашумел и поэтому Политбюро было вынуждено заниматься этим воп’осом. До утра заседали и решали воп’ос: что дать товаисчу Айтматову — 10 лет или Ленинскую п’емию? В конце концов измученные членю Политбюро решили: дать Ленинскую п’емию, чтобы не возбуждать страсти выше допустимого п’едела. Во так товаисчи: нужно быть бдительными, выпуская матеиалы в эфи’».
Your browser doesn’t support HTML5
«Сустрэліся два закадычныя сябры — ні адзін дзясятак гадоў сябруюць, ні адзін пуд солі зьелі. Адзін другому гаворыць:
— А ты ведаеш, што ў нас кожны другі — стукач!
— Ты што?! Ты ж мяне ведаеш!
— Ну, ня ты, дык я!».
Зьніч (Алег Бембель) нарадзіўся 16 сьнежня 1939 году ў Менску. Вучыўся на энэргетычным факультэце Беларускага палітэхнічнага інстытуту, скончыў Менскую музычную вучэльню і Беларускую дзяржаўную кансэрваторыю па спэцыяльнасьці фартэпіяна. Працаваў выкладчыкам у музычных школах Менску, у Глыбокім Віцебскай вобласьці і Тарусе Калускай вобласьці. Асьпірант Інстытуту філязофіі і права АН БССР, навуковы супрацоўнік гэтага інстытуту.
Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР ад 1989 году. У друку зь вершамі пачаў выступаць у 1979 годзе. Аўтар кніг паэзіі «Рэха малітвы» (Нью-Ёрк, 1988), «Саната ростані» (Беласток, 1988). У Беларусі вершы друкаваліся ў калектыўным зборніку «Крыло» (1984), у «Днях паэзіі» (1982, 1983, 1984), у газэтах «Літаратура і мастацтва», «Голас Радзімы», часопісах «Полымя», «Маладосць», «Беларусь», «Крыніца».
Выступае з філязофска-эстэтычнымі дасьледаваньнямі, прысьвечанымі праблемам нацыянальнага і інтэрнацыянальнага ў мастацкай культуры. У 1985 г. у Лёндане выйшла філязофска-сацыялягічнае дасьледаваньне «Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс».