Гутарка Свабоды з сынам легендарнага менскага футбаліста Аляксандра Пракапенкі Зьмітром, які ўжо амаль 20 гадоў жыве ў ЗША, але апякуецца спадчынай і памяцьцю пра бацьку ў Беларусі, цікавіцца жыцьцём на радзіме і гаворыць па-беларуску.
17 чэрвеня будзе адзначацца 90-годзьдзе футбольнага клюбу «Дынама» (Менск) і 35 гадоў чэмпіёнства калектыву ў першынстве СССР. На сталічным стадыёне «Трактар» таварыскую сустрэчу згуляюць вэтэраны «Дынама» і маскоўскага «Спартака» — у 1982 годзе менавіта пасьля перамогі над «Спартаком» беларусы сталі ўладальнікамі залатых мэдалёў чэмпіянату СССР.
За дынамаўцаў выступяць зоркі свайго часу: Юры Курбыка, Людас Румбуціс, Сяргей Бароўскі, Юры Пудышаў, Андрэй Зыгмантовіч, Ігар Гурыновіч, Віктар Сокал, Юры Трухан, Георгі Кандрацьеў, Міхаіл Мархель, Уладзімер Журавель, Віктар Шышкін, Сяргей Штанюк ды іншыя.
У пераліку легендарных асобаў не хапае толькі ўлюбёнца публікі 1980-х Аляксандра Пракапенкі.
Узьлёт і закат легендарнага «Пракопа»
«Народны футбаліст» пайшоў з жыцьця ў 1989-м, яму было ўсяго 35 гадоў. «Пракоп», як па-сяброўску называлі яго аднаклюбнікі, — адзін з самых уганараваных беларускіх футбалістаў: майстар спорту міжнароднага клясу, бронзавы прызэр Алімпійскіх гульняў 1980 году, гулец зборнай Савецкага Саюзу, чэмпіён СССР 1982 году, № 1 у сьпісе 33 найлепшых футбалістаў усесаюзнага першынства ў год дынамаўскага трыюмфу.
Аднак маральны і псыхалягічны груз аказаўся занадта цяжкім для простага хлопца з Бабруйску. У 1983-м яго адлічылі з каманды за «сыстэматычнае парушэньне рэжыму», двойчы за наступныя пяць гадоў зьмяшчалі ў так званы лячэбна-працоўны прафілякторый. У перапынках «Пракоп» выступаў за магілёўскі «Днепр» і бакінскі «Нефтчы», але без ранейшага запалу. Канчаткова «згарэў» 29 сакавіка 1989-га, неўзабаве пасьля вяртаньня з мазырскага ЛТП. Пахаваны на могілках вёскі Токары Бабруйскага раёну.
Кароткае, але насычанае жыцьцё Аляксандра Пракапенкі стала падставай, каб ушанаваць яго імя ў назьве стадыёну ў родным Бабруйску, выношваецца ідэя помніка на дынамаўскай арэне ў Менску, зьняты дакумэнтальны фільм і рыхтуецца да выхаду кніга. Гэтымі ды іншымі мэмарыяльнымі праектамі апякуецца Зьміцер Пракапенка, сын легендарнага футбаліста. Ён будзе прадстаўляць бацьку і падчас імпрэзаў, зьвязаных зь юбілейнымі датамі ў жыцьці клюбу, якому Пракапенка-старэйшы прысьвяціў 10 самых плённых гадоў сваёй спартовай біяграфіі.
Бабруйск — Менск — Нью-Ёрк
Без малога два дзясяткі гадоў ён разам з маці жыве ў Нью-Ёрку. Адʼехалі туды праз 10 гадоў пасьля сьмерці бацькі і мужа. Уражвае зьнешняе падабенства Пракапенкаў старэйшага і малодшага. Зьмітра яно толькі радуе:
«Мы з маці атрымалі „Зялёныя карты“ і ў 1999-м зьехалі, — кажа Зьміцер. — Мне было няпоўныя 22 гады, фактычна сталеньне адбывалася ў ЗША. Апошнім часам рэгулярна бываю на Бацькаўшчыне. Прыяжджаў на чэмпіянат сьвету па хакеі-2014, а потым у зьвязку з тым, што заплянаваў выдаць пра бацьку кнігу. Паступова ідэя пашырылася, вырашылі рабіць дакумэнтальную стужку, плюс арганізаваць пад юбілей матч вэтэранаў — сабраць тых, з кім тата ў свой час гуляў у „Дынама“. Такім чынам, летась выдалі фільм „Народны футбаліст“, у гэтым годзе будзем прэзэнтаваць кнігу, а таксама адбудзецца сустрэча вэтэранаў „Дынама“, зборнай Беларусі. Апроч таго, ёсьць ідэя ўсталяваць на стадыёне помнік, сымбалічную фігуру футбаліста».
Бліжэй да восені, калі будзе гатовая да прэзэнтацыі дакумэнтальная кніга пра Аляксандра Пракапенку, у Менск зь Нью-Ёрку прыедзе ягоная ўдава Натальля. Хоць ад фатальнага 1989-га ўжо мінула шмат часу, сямейная трагедыя да сёньня перажываецца балюча:
«Мама таксама часта бывае ў Беларусі, — працягвае Зьміцер. — Бліжэй да восені зноў прыедзе, застанецца на некалькі месяцаў, будзем выдаваць кнігу... Вядома, цяжка было: ёй — страціць мужа, мне — бацьку. Я быў зусім малы, усяго 12 гадоў, так быць не павінна... Балазе, усе тыя сябры, якія былі ў нашай сямʼі, яны засталіся, кантакты падтрымліваем па сёньня».
Беларуская ідэнтычнасьць праз акіян
Зьмітру 40 гадоў, у яго свой рэклямны бізнэс. Непрывязанасьць да жорсткага графіку дазваляе сумяшчаць працу з падарожжамі па сьвеце ды ўласнымі праектамі ў Беларусі:
«Я маю ўласны бізнэс — гэта рэкляма, маркетынг і г.д. Працую цалкам у рэжыме онлайн. Адпаведна, не прывязаны да нейкага канкрэтнага месца, маю час, каб бываць у розных краінах і шмат часу праводзіць на радзіме. То бок дзякуючы вольнаму графіку падарожнічаеш і адначасова працуеш. Справа ня ў тым, Амэрыка гэта ці нейкая іншая дзяржава — сучасныя тэхналёгіі дазваляюць шмат што рабіць дыстанцыйна. У мяне ёсьць сябры ў Расеі, ва Ўкраіне, у краінах Балтыі, яны таксама езьдзяць па ўсім сьвеце і працуюць онлайн. Цяпер час такі: з надыходам эры інтэрнэту маем прынцыпова новую магчымасьць выкарыстоўваць выгоды цывілізацыі».
Зьміцер Пракапенка — прыклад захаваньня нацыянальнай ідэнтычнасьці на чужыне. Ён выдатна гаворыць па-беларуску, удзельнічае ў жыцьці беларускай суполкі, пры нагодзе наведвае публічныя сустрэчы зь Зянонам Пазьняком:
«Справа ў тым, што бабуля — мама майго бацькі — была выкладчыцай беларускай мовы ў Бабруйску. І заўсёды, калі прыяжджаў да яе, акунаўся ў беларускамоўнае асяродзьдзе — у сямʼі размаўлялі выключна па-беларуску. Зрэшты, у бацькоў па мацярынскай лініі было тое ж самае. Зразумела, што ў маёй менскай школе пераважна была расейская мова, але гэта не перашкодзіла добра ведаць беларускую. У Амэрыцы шмат хто зь беларусаў гаворыць і так, і інакш, як каму зручна. Асабіста мая пазыцыя такая: чым больш моваў ты ведаеш, тым больш ты адукаваны чалавек».
Як прызнаецца суразмоўца, за апошнія гады ў яго назьбіраўся салідны кнігазбор — кожны прыезд у Беларусь абавязкова суправаджаецца паходамі па сталічных ды пэрыфэрыйных кнігарнях. А ў Нью-Ёрку намагаецца не прапусьціць цікавых землякоў:
«На жаль, цяпер маю на гэта ўсё менш часу. Але так, быў пэрыяд, калі часьцяком бываў на розных імпрэзах. У большай ступені цікавіць выданьне і прэзэнтацыя новых кніжак, працы па архітэктуры, тэатральныя пастаноўкі. Перадусім культурныя падзеі, якія здараюцца ў жыцьці беларускай суполкі. Я маю вялікі кнігазбор — тут і мастацкая літаратура, і гістарычная, і навукова-папулярная. Гэта тое, што мяне сапраўды вельмі цікавіць».
Футбольны геній з Бабруйску
Для Зьмітра, адрозна ад знакамітага бацькі, футбол закансэрваваўся на аматарскім узроўні — хоць без гульні № 1 свайго жыцьця не ўяўляе. З аднаго боку, прагрэсу перашкодзіў раньні адʼезд за мяжу, зь іншага — невысокі статус «сокера» ў ЗША:
«Футбол заўсёды быў, ён нікуды не падзеўся і пасьля адʼезду за мяжу. Я выхоўваўся ў дынамаўскай школе, потым — у вучэльні алімпійскага рэзэрву ў Юрыя Пышніка. Гэта была база нашых юнацкіх футбольных зборных. Магчыма, сам нешта ня змог вырашыць, каб прафэсійна замацавацца ў футболе, магчыма, перашкодзілі новыя рэаліі. Адбыцца футбалістам у ЗША было складана — сокерная ліга і сёньня ня самая моцная. Натуральна, гуляў, але збольшага на аматарскім узроўні. Дарэчы, за самыя розныя каманды — і за італьянскую, і за расейскамоўную з Брукліну. Удзельнічалі ў розных турнірах, было цікава. Але ўзровень, паўтаруся, аматарскі. Тым ня меней футбол заўсёды прысутнічаў і застаецца ў маім жыцьці».
Сёньня менскі стадыён «Дынама», зь якім зьвязаныя найлепшыя ўспаміны футбалістаў пачатку 1980-х, — прыклад спартыўнага даўгабуду. У зьвязку з гэтым пад хатнія матчы каманда арандуе «Трактар». Там жа 17 чэрвеня пройдзе і гульня ў гонар 90-гадовага юбілею клюбу. Доўгі час з будучыняй арэны наагул не было ніякай пэўнасьці, пакуль не спыніліся на варыянце лёгкаатлетычнага комплексу. Пэрспэктыва чыста футбольнага стадыёну зноў адсунулася:
«Безумоўна, крыўдна, — кажа Зьміцер Пракапенка. — Нацыянальны футбольны стадыён павінен быць, проста справа гонару. І ён зьявіцца, пытаньне часу. Вядома, шкада, што гадоў, мабыць, пяць ужо цягнецца эпапэя, ужо можна было ўсё зрабіць. Як я ведаю, згодна з плянамі гэта будзе лёгкаатлетычны комплекс з правам правядзеньня футбольных матчаў на вышэйшым узроўні. Хочацца верыць, што хоць так... Усё ж спадзяюся, што калі-небудзь у Менску зьявіцца чыста футбольны стадыён, на якім будуць гуляць зборная Беларусі і нашы топавыя клюбы. Было б цудоўна».
10 гадоў таму ўпершыню была агучаная ідэя, каб паставіць на стадыёне «Дынама» помнік Аляксандру Пракапенку. Праўда, неўзабаве стала вядома, што абʼект рыхтуецца да татальнай перабудовы, і давялося ўзяць паўзу.
Ці ўдасца рэалізаваць задуму гэтым разам — прагназаваць складана. Як паказвае досьвед, абыйсьці бюракратычныя перашкоды нялёгка нават пры наяўнасьці лабістаў. Вядомая гісторыя з намерам паставіць каля крытай лядовай пляцоўкі ў менскім парку Горкага скульптуру хакеіста Руслана Салея, які трагічна загінуў у авіякатастрофе. Ад ягонай гібелі мінула шэсьць год, але далей за дэклярацыі нічога не пайшло:
«Гэта адпачатку была ідэя БСБ-банку, — кажа Зьміцер. — Яны шмат гадоў уручаюць прыз імя Аляксандра Пракапенкі „За футбольны талент і самааддачу ў гульнях за зборную Беларусі“. І вось цяпер, працуючы над кінастужкай, працуючы над кнігай, вырашылі абʼяднаць высілкі — пойдуць па інстанцыях лісты з банку, ад нашай сямʼі. Таму спадзяюся, што ідэя нарэшце зрушыцца зь месца. Тата 10 гадоў адгуляў за „Дынама“, усе ягоныя дасягненьні непарыўна зьвязаныя з гэтым клюбам, з гэтай арэнай. На маю думку, гэта якраз тое месца, дзе можна было б ушанаваць ягоную памяць».
А вось у Бабруйску, адкуль выбітны футбаліст родам, пазалетась яго імем назвалі стадыён, дзе базуецца «Белшына». Да помніка справа не дайшла, як удакладняе Зьміцер, — абмежаваліся памятнай шыльдай:
«Гэта невялікі стадыён, там гуляе „Белшына“. Вялікі дзякуй мясцоваму кіраўніцтву, заўзятарам за тое, што памятаюць, што шануюць. Фактычна гэта была сумесная ідэя гарвыканкаму, каманды. Падключылі спонсараў і рэалізавалі праект. Помніка, натуральна, няма, проста шыльда на стадыёне».
Непадʼёмнае выпрабаваньне папулярнасьцю
Заўзятарская любоў да Аляксандра Пракапенкі проста зашкальвала — нездарма журналісты ахрысьцілі яго «народным футбалістам». Таму раптоўная сьмерць у 35 гадоў ашаламіла. Дзе той маральны, псыхалягічны ці, можа, матэрыяльны барʼер, якога не ўдалося пераадолець?
Your browser doesn’t support HTML5
«Пытаньне дакладна ня ў грошах. Справа, я думаю, якраз у папулярнасьці. Ён стаў адным з самых вядомых на той час гульцоў, значыць, мусіў адпавядаць пэўным маральна-ідэалягічным крытэрам, быць люстэркам дынамаўскага калектыву. Мабыць, папулярнасьць разам з адказнасьцю дзесьці і надламілі. Плюс пастаянны псыхалягічны, маральны прэсінг. А што да грошай, дык ня столькі яны атрымлівалі, каб надта шыкаваць. Як ведаем, гулялі тады за ідэю і за радзіму. Якраз той „шчыры футбол“, які прапагандаваў Эдуард Малафееў. Адпрацоўвалі душой і сэрцам, гэта я ведаю дакладна».
«Шчыры футбол» паступова ператвараецца ў анахранізм. Ці можна сьцьвярджаць, што цяперашнія гульцы найперш дбаюць пра камэрцыйны інтарэс, а ўжо потым матываваныя гуляць для заўзятараў?
«Агулам ня скажаш, але ідзе час, зьмяняецца футбол, яго фармат, навакольны антураж. Футбол ператвараецца ў вялікі бізнэс — тут і рэкляма, і трансфэры, і тэлетрансьляцыі. Безумоўна, адна з мэтаў, якую ставяць перад сабой футбалісты, — зарабляньне грошай. Гэта тычыцца ўсіх людзей, іншая справа, што ў футболе цяпер ёсьць такія магчымасьці. У той краіне — Савецкім Саюзе — усім плацілі прыблізна аднолькава, хіба футбалісты на нейкі працэнт мелі болей. Таму гулялі ў асноўным не за грошы. А цяпер, вядома, кантракты, рэкляма, усё астатняе. І гэта добра, бо ёсьць канкурэнцыя, стымул да росту. Адпаведна, падвышаецца ўзровень гульцоў, клюбаў, чэмпіянатаў. Нічога дрэннага ў камэрцыялізацыі няма».
Чаму менскаму «Дынама» не ўдаецца вярнуцца да сваёй лепшай кандыцыі і выйграць хоць бы першынства Беларусі — ужо ня кажучы пра тое, каб нечым зьдзівіць на міжнародным узроўні? Прадметам кпінаў сталі бясконцыя пэртурбацыі трэнэрскага складу, цякучка кадраў. Зьміцер Пракапенка як патрыёт клюбу верыць, што лепшыя часы наперадзе:
«У кожнай каманды ёсьць і цяжкі час, і час узьлёту, трыюмфу. Пэўна, цяпер „Дынама“ якраз на сваім спадзе, пасьля пойдзе падʼём. Усё ў сьвеце цыклічна. Калі зірнуць на іншыя калектывы, дык і там праблемы рознага кшталту — той жа БАТЭ сёлета раз-пораз прайграе. Нічога не застаецца, як спадзявацца на адваротны працэс. Пры любым раскладзе клюб на сёньня — самы легендарны ў Беларусі, самы стары, акурат 90 гадоў будзем адзначаць. Веру, што ў будучыні „Дынама“ ўсё складзецца добра, будуць і перамогі, і кубкі, і Ліга чэмпіёнаў. Калі ў калектыву ёсьць канкрэтныя мэты, трэба працаваць і не зьвяртаць увагі на скандалы, канфлікты. Яны адымаюць сілы, энэргію і час. Маеш задачу выступаць у топавых турнірах — трэба проста браць і працаваць».
Наколькі паўнавартасным падаецца чэмпіянат Беларусі з-за акіяну? Думка Зьмітра Пракапенкі:
«Ну, гэта з чым параўноўваць, — кажа Зьміцер Пракапенка. — Але што паўнавартасны — так, безумоўна. Беларусь мае футбольную фэдэрацыю, мае 16 клюбаў у вышэйшым дывізіёне, першую і другую лігі. Праўда, шмат у чым яшчэ трэба расьці. І той жа фэдэрацыі, і на ўзроўні клюбаў. Багата працы наперадзе, якую трэба рабіць усім разам: дамаўляцца наконт фармату, зьмяняць нешта зусім застарэлае. Хацелася б, каб пры гэтым было менш розных скандальных і канфліктных сытуацый — яны толькі зьбіваюць з кірунку, якім трэба ісьці нашай футбольнай гаспадарцы».
Беларусізацыя футболу
Апошнім часам нацыянальны футбол паддаўся беларусізацыі. Зьявіліся каманды, якія адпачатку пазыцыянуюць сябе як тутэйшы праект, — тыя ж «Крумкачы». Зьявіліся беларускамоўныя надпісы на футболках, старонкі на сайтах і ў сацсетках. Зьміцер усьцешаны, што «Дынама» ў гэтым руху — сярод першапраходцаў:
«Справядліва будзе казаць, што кожны клюб у нас пазыцыянуе сябе беларускім, проста розная ступень самаідэнтыфікацыі. Цешыць, што і ў нашага „Дынама“ ўжо шмат гадоў ёсьць беларускамоўныя старонкі, у тым жа Фэйсбуку — толькі па-беларуску. Прозьвішчы на майках, зноў жа, на роднай мове. Гэта тычыцца і іншых камандаў. Праца ідзе — дзесьці павольна, дзесьці хутка. Гэта добра, бо галоўнае — сам факт. Каб нічога ў гэтым кірунку не рабілася, тады быў бы трывожны сыгнал. А так працэс ёсьць. Здорава, што самі гульцы добра да гэтага ставяцца, бяруць удзел у розных флэшмобах, чытаньнях вершаў і г.д. Зрэшты, ня толькі футбалісты, а і баскетбалісты, хакеісты. Ёсьць вынікі, і гэта цудоўна».
Па фатаздымках, якія Зьміцер Пракапенка выкладвае ў сацсетках, бачна, што ён актыўна кантактуе зь беларускімі спартоўцамі, яны разам ахвотна пазіруюць на фоне пазнавальных нью-ёрскіх адметнасьцяў:
«Так, гэта абавязкова, — усьміхаецца Зьміцер. — Калі хто са спартоўцаў бывае за акіянам, я абавязкова стараюся сустрэцца. І не абавязкова гэта футбалісты — з барацьбы хлопцы, хакеісты, гандбалісты. Мы ж адна вялікая сямʼя, я сам у такой вырас! У сваю чаргу, калі прыяжджаю сюды, у Беларусь, заўсёды наведваю самыя розныя спаборніцтвы — бокс, барацьба, баскетбол. Зноў жа, хакей — з задавальненьнем падтрымліваю менскае „Дынама“. Таму сябруем, раз-пораз нават рэалізуем нейкія праекты».
Адзін з чарговых праектаў дзеля ўшанаваньня памяці выбітнага футбаліста Аляксандра Пракапенкі мае быць прэзэнтаваны ўжо ў агляднай будучыні:
«Як я ўжо казаў, гэта будзе кніга, прысьвечаная майму бацьку. Пляную прэзэнтацыю на канец лета ці пачатак восені. Да таго ўвесь час буду ў Менску, бо шмат яшчэ розных мерапрыемстваў — і спартовых, і сацыяльных. Таксама трэба пасьпець, як кажуць, запасьціся інтэлектуальнай прадукцыяй, бо, паўтаруся, маю ў Амэрыцы вялікі кнігазбор. Я сталы наведнік кнігарні „Логвінаў“, мяне цікавяць усе навінкі. Думаю, прага да кніжак перадалася ад бабулі».
Адказваючы на пытаньне пра сямейны статус, Зьміцер Пракапенка аджартаваўся, што на гэты момант у пошуку — маўляў, усяму свой час.