Зьмітра Дашкевіча арыштавалі на трое сутак

Зьміцер Дашкевіч

Сустаршыню «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча супрацоўнікі міліцыі затрымалі ў Менску падчас збору подпісаў за перайменаваньне вуліцы Леніна.
16:05 «Сьведкі блыталіся ў паказаньнях. Адзін міліцыянт казаў, што Дашкевіч сядзеў на зямлі, другі — што не сядзеў, — дадала ў размове з Радыё Свабода Наста Дашкевіч (Палажанка).

— Гэта не нармальна, што ў нашай краіне садзяць толькі за тое, што чалавек зьбіраў подпісы. Зьмітра захацелі ізаляваць напярэдадні 7 лістапада»

16:00 «Суд прайшоў літаральна за 5 хвілінаў. Сьведкамі былі двое супрацоўнікаў міліцыі. Яны сказалі, што Дашкевіч сядаў на зямлю і адмаўляўся прайсьці ў машыну. Дашкевіч у сваю чаргу сказаў, што прэтэнзіяў ня мае. Ён заклікаў іх сыходзіць з працы, бо яны займаюцца злачыннай дзейнасьцю», — паведаміў Радыё Свабода Барыс Гарэцкі.

15:51 Як паведаміў Барыс Гарэцкі, Зьмітра Дашкевіча асудзілі на трое сутак

15.05
Справу Дашкевіча разглядае судзьдзя Валер Есьман з суду Цэнтральнага раёну Менску, пра гэта паведамляе Барыс Гарэцкі, прэсавы сакратар БАЖ. Гарэцкаму ўдалося патрапіць на працэс.

13.59 Зьмітра Дашкевіча зьбіраюцца судзіць, на яго склалі пратакол за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі, паведаміла Наста Дашкевіч.

Зьміцер распавёў карэспандэнту Свабоды, што яго вязуць у міліцэйскім аўтобусе ў Цэнтральны РУУС. Яго затрымалі ў падземным пераходзе на вуліцы Леніна, калі ён зьбіраў подпісы.
3 лістапада, падчас акцыі «Дзяды», «Малады фронт» распачаў збор подпісаў у Савет міністраў і Менгарвыканкам з патрабаваньнем дэкамунізацыі беларускага грамадзтва.

«Мы зьбіраем подпісы ўжо некалькі дзён, але сёньня вось вырашылі затрымаць. Раней мы зьбіралі подпісы пад рознымі пэтыцыямі, і гэта не лічылася супрацьпраўным дзеяньнем. Магчыма, цяпер нешта памянялася», — сказаў Дашкевіч.

3 лістапада, падчас акцыі «Дзяды», «Малады фронт» распачаў збор подпісаў у Савет міністраў і Менгарвыканкам з патрабаваньнем дэкамунізацыі беларускага грамадзтва.

Дэкамунізацыю Беларусі прапануецца пачаць, вярнуўшы цяперашняй вуліцы Леніна ў Менску яе гістарычную назву — вуліца Францішканская.

У звароце актывісты МФ нагадваюць грамадзянам пра адну з самых злачынных акцыяў камуністаў і непасрэдна Леніна — тэрор супраць хрысьціянскай царквы. Яны называюць Леніна адным з самых крывавых дыктатараў у гісторыі чалавецтва.
Дэкамунізацыю Беларусі прапануецца пачаць, вярнуўшы цяперашняй вуліцы Леніна ў Менску яе гістарычную назву — вуліца Францішканская.

«Нягледзячы на многія і многія факты злачынстваў заснавальніка чырвонага тэрору Ўладзімера Леніна, ягоная асоба дагэтуль станоўча прапагандуецца ў Беларусі, падаецца як прыклад для моладзі дый усяго грамадзтва. Мы, ніжэй падпісаныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь, лічым, што на такім „прыкладзе“ можна выхаваць толькі злачынцаў і вар’ятаў», — гаворыцца ў пэтыцыі.

Маладафронтаўцы плянуюць зьбіраць подпісы ў Менску і іншых гарадах Беларусі да 7-га лістапада, а потым перадаць у Менскі і іншыя гарсаветы і ў Саўмін.