У Менску 31 кастрычніка абвясьцілі пераможцу літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця. Лярэатам прэміі стаў журналіст Свабоды Зьміцер Бартосік, аўтар кнігі «Быў у пана верабейка гаварушчы». Кніга была выдадзеная ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды».
1. Нарадзіўся ў Расеі, у горадзе Рыбінску
Маці карэнная расейка — родам зь вёскі Канстанцінава, што пад Ніжнім Ноўгарадам. У бацькі — польскія карані, хоць род паходзіў з Адэсы. Бацька працаваў рэжысэрам, маці — акторкай.
2. Першай няроднай мовай, якую пачаў вывучаць, была казаская
У раньнім дзяцінстве зьмяніў шмат гарадоў. Бацькі — тэатральны рэжысэр і акторка — часта мянялі тэатры: Рыбінск, Вялікія Лукі, Усьць-Каменагорск, Златавуст, Варонеж, Ніжні Ноўгарад. Цікавасьць да няродных моваў праявілася менавіта ў Казахстане — угаварыў міліцыянта, які ахоўваў Алма-Ацінскі гатэль (дзе бацькі былі на гастролях), вучыць яго казаскай мове. «Над гэтым потым пацяшаліся Дубавец з Харэўскім: мог бы стаць акынам», — кажа Бартосік.
3. У гомельскай школе быў вызвалены ад беларускай мовы
У 1978 годзе сям’я пераехала ў Гомель. У школе Зьмітра вызвалілі ад вывучэньня беларускай мовы і літаратуры. Другім чалавекам у клясе, якога таксама вызвалілі ад белмовы, быў Канстанцін Залатых, што працуе на Эўрарадыё. «Цяпер на ўсіх сустрэчах аднаклясьнікаў толькі двое — мы з Косьцем — размаўляем па-беларуску», — кажа Зьміцер.
4. Здымаўся ў кіно разам са Стэфаніяй Станютай
У 13-гадовым узросьце, летам 1982 году Зьміцер зьняўся ў фільме «Чужая бацькаўшчына» па рамане Вячаслава Адамчыка. Гомельскі тэатар гастраляваў у Горадні, і закулісныя дзеці ўдзельнічалі ў масавых сцэнах. Рэжысэр Валер Рыбараў абраў Зьмітра на ролю Міці Корсака ў дзяцінстве. У гэтым фільме здымаліся Стэфанія Станюта, Уладзімер Гасьцюхін.
5. Вырас на песьнях Высоцкага і Акуджавы
У 13 гадоў навучыўся граць на гітары. Спачатку пераймаў Высоцкага і Акуджаву. Пазьней папрасіў Рыгора Барадуліна перакласьці расейскіх паэтаў на беларускую мову — Сяргея Ясеніна, Уладзімера Высоцкага, Булата Акуджаву, Аляксандра Вярцінскага, Усевалада Іванава, Анатоля Жыгуліна, Юрыя Левітанскага.
6. З тэатральнай вучэльні выключылі «за бяздарнасьць»
Паступіў у Ніжагародзкую тэатральную вучэльню, але быў выключаны за прафэсійную непрыдатнасьць, як сам Зьміцер кажа, «за бяздарнасьць». Ён цалкам згодны з гэтым вэрдыктам, бо «быць кепскім акторам яшчэ горш, чым кепскім журналістам».
7. Доўга шукаў свой шлях — рабіў грузчыкам, шліфоўшчыкам
Рабіў шліфоўшчыкам на Гомельскім заводзе станочных вузлоў. Прызнаецца, што вельмі падабалася, знаходзіў там моманты творчасьці. Потым рабіў грузчыкам у краме, рабочым сцэны ў Гомельскім тэатры, займаўся дробным будаўнічым бізнэсам у Вільні. Спрабаваў паступіць у інстытут інжынэраў воднага транспарту, хадзіў на розныя курсы — доўга шукаў свой шлях.
8. Служыў у войску ў будаўнічым батальёне ў Волагдзе
«У войску было шмат цікавага, шмат непрыемнага. Але пасьля таго, што я чытаю пра беларускае войска, пра норавы ў Печах, я зразумеў, што мой валагодзкі будбат з усімі ягонымі жахамі — гэта амаль брытанская каралеўская гвардыя, Оксфард ці Кембрыдж. У параўнаньні з тым, што я чытаю пра сучасную беларускую армію».
9. Зачараваўся беларушчынай дзякуючы «Крыніцы», «Нёману» і «Нашай Ніве»
У 1991 годзе пачаў чытаць беларускія выданьні — часопіс «Крыніца», які тады ачольваў Уладзімер Някляеў, «Нёман». Натрапіў на газэту «Наша Ніва» — і зачараваўся беларушчынай. Прыехаў у Вільню, у рэдакцыю «Нашай Нівы», і з таго часу цалкам перайшоў на беларускую мову. Пазнаёміўся зь Сяргеем Дубаўцом, Сяргеем Харэўскім, Сяргеем Шупам. Пісаць не зьбіраўся, але Дубавец прымусіў. Першай публікацыяй у газэце былі «Падарожныя нататкі зь Ніжняга Ноўгарада». У 2002 годзе выдаў кнігу апавяданьняў з уласнага жыцьця «Чорны пісталет» — зноў жа пад прымусам Дубаўца.
10. Па маладосьці ледзьве ня трапіў у расейскую турму
У траўні 1993 году ў Волагдзе страляў з «чорнага пісталета» ў міліцыянтаў. Яго затрымалі, зьмясьцілі ў пастарунак. «Мяне абаранілі маці і беларуская дзяржава. Я зьбег з Расеі, калі мяне выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Але на Новы год вырашыў зьезьдзіць да маці ў Ніжні Ноўгарад. Мяне там арыштавалі. Зноў зьбег у Беларусь. Уратаваў мяне беларускі пракурор, які сказаў, што мяне ня выдадуць, але каб я больш ня сунуўся ў Расею. Ну як пасьля гэтага можна было ня стаць патрыётам Беларусі?» — кажа Бартосік.
11. На Радыё Свабода — 20 гадоў
У 1997 годзе стаў адным з аўтараў праграмы «Вострая брама» на Радыё Свабода, якую заснаваў Сяргей Дубавец. У 2001 годзе працаваў у праграме «Палітычная геаграфія», а з 2006 году — у «Падарожжах Свабоды». За 20 гадоў аб’ехаў больш за 500 паселішчаў Беларусі, пераадолеў больш за 50 тысяч кілямэтраў. У асноўным — на «Волгах». Спачатку меў «ГАЗ-21» — «Волгу» 1961 году выпуску, потым 24-ю «Волгу». «Грошай на новую машыну не было, таму давялося прыкідвацца аматарам антыкварыяту або ніжагародзкім патрыётам («Волгі» выпускаў Горкаўскі аўтазавод).
12. Жонку Тацяну знайшоў па інтэрнэце. Гадуюць чацьвярых дзетак
Лічыць, што з жонкай яму страшэнна пашанцавала. Ажаніўся ў 2002 годзе. Мае чацьвярых дзетак — дачок Яню і Юсьцю, сыноў Даната і Геру. Доўгі час ужо з чатырма дзецьмі і катом сям’я Бартосікаў жыла ў аднапакаёўцы (да 2012 году). Сам Зьміцер называў сваю кватэрку «купэ». Цяпер Бартосікі жывуць у мікрараёне Міхалова ў чатырохпакаёўцы, якую атрымалі як шматдзетная сям’я.
Зьміцер Бартосік. Быў у пана верабейка гаварушчы (PDF)