22 сакавіка са сьледчага ізалятара КДБ выпусьцілі генэральнага дырэктара групы кампаніяў «Сэрвалюкс» Яўгена Баскіна. Начальнік прэс-службы Камітэту дзяржбясьпекі Беларусі Дзьмітры Пабяржын у інтэрвію БелаПАН паведаміў, што Яўген Баскін, затрыманы КДБ 15 сакавіка, пераведзены пад хатні арышт. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Баскін кампэнсаваў усю суму нанесенай ім, паводле сьледзтва, шкоды.
Заснавальнік парталу tut.by Юры Зісер такім чынам пракамэнтаваў выпуск Яўгена Баскіна з ізалятару КДБ:
— Ніхто толкам ня ведае, што насамрэч адбываецца ў вышэйшых эшалёнах улады, што гэта за зьдзелка.
Самая верагодная вэрсія — што дзяржава такім чынам спрабуе папоўніць бюджэт — не вытрымлівае крытыкі, паколькі беларускі бізнэс параўнальна небагаты, у нас няма даляравых мільярдэраў, і папоўніць істотна бюджэт такім чынам немагчыма.
Мне хутчэй бачыцца сілавы падыход: верагодна, улады здабылі нейкі кампрамат на бізнэсоўцаў, які цяпер адпрацоўваюць.
— А ці можна чакаць, што Юрыя Чыжа таксама могуць вызваліць пры ўмове кампэнсацыі нанесенай шкоды?
— Цяжка сказаць, незразумела, што там адбываецца. Можа, спадару Чыжу няма чым пакрываць страты. У Баскіна і кампаніі ёсьць нейкія сродкі, таму ён і адкупіўся. А Чыж у апошнія паўтара года зусім вытраціўся і ў даўгах як у шаўках. Можа, у яго няма неабходнай сумы для выкупу. Зноў жа, мы ж ня ведаем, што там насамрэч, толькі выказваем здагадкі.