Юры Жыгамонт перажыў інфаркт

Юры Жыгамонт

З прычыны раптоўнай хваробы вядоўцы «Падарожжы дылетанта» ў бліжэйшы час выходзіць ня будуць.

Актор і тэлевядоўца Юры Жыгамонт перажыў інфаркт, паведамляе «Радыё рацыя» са спасылкай на творчую каманду перадачы «Падарожжы дылетанта». Раней пра раптоўную хваробу паведамлялася на сайце вядоўцы.

«З прычыны раптоўнай хваробы спадара Юрыя, выпускі праграмы ў бліжэйшы час выходзіць ня будуць, — пісалі на сайце zhygamont.by тры дні таму. Нам складана акрэсьліць, колькі часу гэта працягнецца, бо хвароба сапраўды сур'ёзная і патрабуе такога ж сур'ёзнага лекаваньня. Без спадара Юрыя выкладваць новыя выпускі мы ня маем права і ня будзем».

Тэмай найбліжэйшай перадачы, прымеркаванай спачатку на 14, затым на 16 траўня, стала вёска Выдранка на Магілёўшчыне.

Юры Жыгамонт: Цяпер я сам буду кантраляваць «дылетанта»

Перадача Юрыя Жыгамонта, якая выходзіла на беларускім тэлебачаньні цягам 15 год, спынілася на тэлеканале СТВ яшчэ ў лютым 2015 году, цяпер яна выходзіць у інтэрнэце. Сам аўтар тлумачыць такую сытуацыю складаным эканамічным становішчам у краіне — у канала папросту не знайшлося грошай, каб аплочваць далейшы выхад праграмы.