На нарадзе ў Лукашэнкі пра гібель салдата ў Печах: «Ніхто зь вінаватых ад адказнасьці ня сыдзе»

Пахаваньне Аляксандра Коржыча, архіўнае фота

Сытуацыя вакол гібелі салдата ў Печах знаходзіцца на «жорсткім кантролі» ў Аляксандра Лукашэнкі, — сказала журналістам ягоная прэс-сакратар Натальля Эйсмант, перадае БЕЛТА.

Гэтая тэма закраналася на нарадзе кіраўнікоў сілавых структур, дадала Эйсмант.

«Так, натуральна, гэтая тэма абмяркоўвалася, яна знаходзіцца на жорсткім кантролі ў кіраўніка дзяржавы. Адказным асобам даручана разабрацца ў сытуацыі самым пільным чынам, вывучыць яе да дробязяў і прадставіць аб’ектыўны вынік. Аляксандру Лукашэнку літаральна па некалькі разоў на дзень дакладваецца пра ход апэратыўных захадаў. Паверце, пазыцыя прэзыдэнта ў гэтым пытаньні жорсткая, што ніхто зь вінаватых ад адказнасьці ня сыдзе», — сказала Эйсмант.

Вайскоўцы часткі, дзе загінуў Аляксандар Коржыч, затрыманыя ў Барысаве

***

Цела 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча было выяўлена 3 кастрычніка ў вайсковай частцы ў Печах. У якасьці меркаванай вэрсіі гібелі называўся суіцыд. Аднак блізкія вайскоўца ўпэўненыя, што салдат ня мог гэтага зрабіць.

Па факце сьмерці, якая выклікала шырокі рэзананс у грамадзтве, распачатая крымінальная справа паводле артыкулу аб парушэньні статутных правілаў узаемаадносін вайскоўцаў («дзедаўшчыне»), якое мела цяжкія наступствы.

Мінабароны пра подпісы за адстаўку міністра: «Вінаватыя непазьбежна панясуць пакараньне»