Жанчыны дзевяці палітычных партый і арганізацый у рамках грамадзянскай ініцыятывы «Жанчыны супраць фальсыфікацыяў» напярэдадні апошняга дня рэгістрацыі кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў абмяркуюць, як на другім этапе выбарчай кампаніі разам супрацьстаяць фальсыфікацыям камісій і ўлады.
Удзельнікамі сустрэчы — кандыдаткі з розных рэгіёнаў Беларусі, кампаніі па назіраньні «За справядлівыя выбары» і «Права выбару», беларуска-швэдзкая ініцыятыва «Паглыблены дыялёг», прадстаўніцы жаночых няўрадавых арганізацый, рэгіянальныя клюбы жаночага лідэрства.
«Мы разумеем, што ўлада не зможа зьмяніць свае правілы гульні, таму што застанецца без улады, — кажа Галіна Скараход, адна з каардынатарак грамадзянскай ініцыятывы „Жанчыны супраць фальсыфікацыяў“. — Але мы перакананыя: грамадзкая дыскусія, сумесныя дзеяньні, каардынацыя ініцыятыў і кампаній дазволіць нам максымальна растлумачыць грамадзтву, што адбываецца зь іх галасамі пры падліку.
Выбаршчыкі павінны ведаць, хто ігнаруе іх меркаваньне. Чальцы камісій павінны ведаць, што тэрміну даўнасьці злачынствам супраць закона і сумленьня няма — мы сочым за іх дзеяньнямі, каб спытаць за махлярства ў будучыні».