Рух «За Свабоду» пачаў збор подпісаў у падтрымку «Белсату»

Рада руху «За свабоду» на сваім сёньняшнім пасяджэньні абвясьціла аб пачатку збору подпісаў у падтрымку тэлеканала «Белсат».

У спэцыяльнай заяве адзначаецца, што рух сурʼёзна занепакоены інфармацыяй пра магчымае істотнае скарачэньне вяшчаньня тэлеканала «Белсат» і перавод яго на расейскую мову.

«Белсат» — адзіны беларускамоўны тэлеканал, які прадстаўляе праўдзівую і абʼектыўную інфармацыю і ёсьць выдатным узорам салідарнасьці палякаў і беларусаў, заснаваны на ідэалах свабоды і дэмакратыі, спрыяе збліжэньню беларускага і польскага народаў і выбару беларусамі эўрапейскага шляху разьвіцьця«, — сказана ў заяве.

Пра тое, што МЗС Польшчы мае намер скараціць на дзьве траціны фінансаваньне «Белсату», і пра магчымы перавод тэлеканала на рускамоўнае вяшчаньне паведаміла 15 сьнежня польскаму выданьню wPolityce дырэктар «Белсату» Агнешка Рамашэўска-Гузы:

«Для нас скарачэньне фінансаваньня нават на 10% было б трагедыяй. Наша тэлебачаньне стала вельмі эканомным. Я казала падчас пасяджэньня парлямэнцкай камісіі, што наш бюджэт эквівалентны пяцідзённаму бюджэту Russia Today».

Між тым МЗС Польшчы адзначае, што рашэньне пра фінансаваньне «Белсату» пакуль не прынятае.