Зьвесткі пра затрыманага 24 ліпеня каля Цэнтравыбаркаму актывіста «Альтэрнатывы» Мікалая Лусто карэспандэнту Свабоды паведаміў кіраўнік гэтай арганізацыі Алег Корбан.
«Дакладна ведаем, што цяпер Мікалая Лусто трымаюць у ізалятары на Акрэсьціна, там гэта пацьвердзілі. Яго спачатку з ЦВК адвезьлі ў Маскоўскі РУУС, склалі пратакол і тады адвезьлі ў ізалятар. Судзіць, відаць, будуць у панядзелак. Толькі дакладна ня ведаем, па якім артыкуле. Патэлефанаваць самому Мікалаю адтуль, відаць, не дазволілі», — апавёў Алег Корбан.
24 ліпеня ў Менску каля будынка Цэнтравыбаркаму быў затрыманы актывіст грамадзкага аб’яднаньня «Альтэрнатыва» Мікалай Лусто, які праводзіў адзіночны пікет. У руках актывіст трымаў плякат «Навошта выбіраць? Трэба каранаваць! Не — выбарам!»
Перад пачаткам пікету Мікалай Лусто патлумачыў Свабодзе: «Сваёй акцыяй хачу зьвярнуць увагу грамадзкасьці на тое, наколькі недэмакратычна праводзяцца прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі. Гэтаксама, як несправядліва яны праходзяць і сёлета. Да прыкладу, не была зарэгістраваная каманда Міколы Статкевіча. Калі ўлада ставіць выбарцаў у падобныя няроўныя умовы, то не патрэбныя выбары, а патрэбная „каранацыя“. Тым больш, што „самадзержац“ застаецца на сваім месцы, а „прынц“ падрастае. Сутнасьць маёй акцыі такая. Прысьвячаю яе Міколу Статкевічу — папярэдняму кандыдату ў прэзыдэнты, які дагэтуль знаходзіцца ў вязьніцы і зьяўляецца палітычным вязьнем».
Паводле сьведак, акцыя працягвалася меней за хвіліну. Да Мікалая Лусто адразу падышоў ахоўнік і адвёў актывіста ў будынак ЦВК.
Сябра «Альтэрнатывы» Мікалай Лусто — зь Менску, працуе таксістам.