16 сьнежня актывіст Сяргей Пальчэўскі быў затрыманы ў вёсцы Заямачнае Менскага раёну.
Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч.
«Затрымалі ў вёсцы, дзе мы шылі сьцягі, там тканіна была. Гэта дом маіх сваякоў, я быў там пэўны час прапісаны. Спачатку яны ламануліся ў дзьверы, папрасілі запалак, накінуліся і потым скруцілі. Сказалі, што нібыта паступіў сыгнал пра рабунак. Чамусьці канфіскавалі ўсю тканіну, сьцягі», — распавёў Дашкевіч.
Пасьля гэтага Сяргея Пальчэўскага завезьлі ў пастарунак у іншым баку Менскага раёну, а потым адпусьцілі пад Сеніцай.
«Я думаю, што чэкісты шалеюць, ня ведаюць, што ім рабіць. Мы 8 сьнежня вывесілі сьцягі без затрыманьняў. Шыны парэзалі, мы сабралі практычна ў чатыры разы больш грошай, чым трэба, на сьцягі і новыя колы для аўтамабіля Пальчэўскага,парэзаныя напярэдадні акцыі. Працуюць па старой схеме — мордай у сьнег і ўсё канфіскаваць», — сказаў Зьміцер Дашкевіч.
Збор сродкаў быў абвешчаны 8 сьнежня, пасьля акцыі ў гонар 25-годзьдзя распаду СССР. Тады актывісты вывесілі ў цэнтры Менску 25 бел-чырвона-белых сьцягоў. Праз тыдзень пасьля старту кампаніі «На колы і сьцягі!» сабраная сума перавысіла 700 даляраў.
Зьміцер Дашкевіч абяцаў, што калі грошы зьбяруцца, то на наступнай акцыі «Малады фронт» вывесіць 200 сьцягоў.