Актывіста «Эўрапейскай Беларусі», таксіста Леаніда Кулакова 21 чэрвеня затрымалі супрацоўнікі ДАІ. Цяпер ён у РУУС Цэнтральнага раёну Менска. Затрыманьне неяк зьвязанае з бел-чырвона-белымі сьцяжкамі, якія ён прымацаваў да машыны, але як — на момант публікацыі затрыманаму невядома.
«Я стаяў на стаянцы таксі, супрацоўнікі ДАІ пад’ехалі, патэлефанавалі камусьці, ім далі каманду даставіць мяне ў РАУС, — распавядае Кулакоў карэспандэнту Свабоды. — Яны сталі казаць у дзяжурнай частцы, каб я іх зьняў дабраахвотна, а я сказаў, што сам здымаць ня буду, хай здымаюць супрацоўнікі міліцыі. Каб здымалі пад пратакол, каб патлумачылі прычыну канфіскацыі».
Сьцяжкі Кулакоў атрымаў у межах акцыі «Арт-сядзібы» «БЧБмабіль»: актывісты бясплатна раздавалі камплекты бел-чырвона-белых аўтамабільных сьцяжкоў і ладзяць на іх «фотапаляваньне» ў абмен на сувэніры. Як казаў Свабодзе дырэктар «Арт-сядзібы» Павал Белавус, згодна з правіламі дарожнага руху, сьцягі на машынах не забароненыя, у адрозьненьне ад нанясеньня на машыны адвольных малюнкаў».