Кампанію за ўшанаваньне Генадзя Карпенкі, які быў мэрам Маладэчна ў першыя гады незалежнасьці, пачынаюць актывісты хрысьціянскай дэмакратыі. Іх падтрымалі і хочуць супрацоўнічаць удзельнікі «маршу недармаедаў», які праходзіў у Маладэчне сёлета ў сакавіку.
Актывісты будуць зьбіраць подпісы і за тое, каб надаць імя былога мэра стадыёну, які пабудавалі, калі Карпенка ачольваў уладу ў горадзе. Прапануецца паставіць на Цэнтральнай плошчы замест помніка Леніну — помнік Карпенку, а саму плошчу перайменаваць у гонар Карпенкі.
«Гэтая кампанія закліканая абʼяднаць усіх маладэчанцаў, — кажа сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі. — Гэта ня проста ўшанаваньне памяці чалавека. Гэта і замацаваньне стандартаў стаўленьня да людзей, якія паказалі прыклад працы на чале гораду, якім павінны кіравацца ўсе дзейныя і будучыя кіраўнікі гарадоў. Вельмі важна, каб на цэнтральных плошчах нашых гарадоў помнікі катам беларускага народу зьмяніліся помнікамі героям Беларусі».
У той час, калі Генадзь Карпенка стаў мэрам Маладэчна, разам зь ім на пасадзе кіраўніка спраў выканкаму працаваў Валер Костка:
«Паколькі нагода для ўспамінаў — пажаданая замена назваў, то хачу на самым пачатку згадаць: падчас Карпенкі мы зьмянілі назвы вуліц Маладэчна, якія былі зьвязаныя зь Леніным ды іншымі камуністычнымі правадырамі. Спэцыяльная тапанімічная камісія вярнула вуліцам гістарычныя назвы: Лібава-Роменская, Вялікі гасьцінец, Віленская і г.д.
Як Карпенка стаў мэрам? Ён быў дырэктарам заводу парашковай мэталюргіі, буйнога прадпрыемства саюзнага падначаленьня. З гэтай пасады яго абралі ўжо ў першым туры дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня. Карацей, у горадзе яго добра ведалі і паважалі.
А тут атрымалася так, што амаль адначасова ў Маладэчне зачынілі аж пяць прадпрыемстваў саюзнага значэньня. Бяз працы засталіся каля 10 тысяч чалавек. Трэба было рабіць нешта незвычайнае. І чалавек патрэбны быў незвычайны. Тады і згадалі Карпенку. Маладэчна стала першым горадам у Беларусі, дзе мясцовыя дэпутаты адхілілі ад улады ў выканкаме і савеце былога першага сакратара гаркаму партыі Стахоўскага, а на ягонае месца абралі Карпенку.
Генадзь Дзьмітрыевічам разам зь Віктарам Ганчаром, які быў у яго першым намесьнікам, адчынілі шлюз прыватнай ініцыятыве, бізнэсу. У горадзе зрабілі льготную рэгістрацыю бізнэсоўцам. Фактычна ўсё вырашалася цягам аднаго тыдня. Каманда Карпенкі дапамагла стварыць каля тысячы прыватных фірмаў, арганізацыяў, прадпрыемстваў. Яны і паглынулі тых беспрацоўных зь пяці заводаў.
Карпенка здолеў пераканаць выканкам і мясцовы савет, што тых, хто пачынае свой бізнэс, трэба на адзін год вызваліць ад мясцовых падаткаў. І ўжо ў 1993 годзе бізнэсоўцы далі падаткі, якія ўтрая перакрылі гарадзкі бюджэт. За гэтыя грошы і пачалі будаваць стадыён, рамантаваць вуліцы... Напрыклад, пабудавалі жылы дом выключна для вэтэранаў, у якім на першым паверсе заўжды дзяжурыў лекар. Спэцыяльны дом пабудавалі для лекараў, пэдагогаў. Вось гэта і была сапраўдная сацыяльная палітыка.
Футбольная каманда пачала пасьпяхова выступаць на першынстве Беларусі, заўзятары павалілі на стадыён. Арганізавалі фэстываль беларускай песьні і паэзіі, Карпенка з Аляксеем Дударавым стварылі тэатральны фэстываль «Беларуская сакавіца».
З таго часу за Маладэчнам замацавалася нефармальная назва «горад сонца». І Маладэчна магло б яшчэ больш зьмяніцца да лепшага. Але тут надышоў 1994 год, і прэзыдэнтам абралі Лукашэнку. Карпенка не захацеў працаваць у ягонай камандзе, напісаў заяву аб сыходзе і працаваў у Вярхоўным Савеце старшынём парлямэнцкай камісіі па навуцы. Я таксама зьбіраўся пайсьці разам зь ім. Але Генадзь Дзьмітрыевіч параіў мне заставацца.
Так было да травеньскага рэфэрэндуму 1995 году. Вынікі яго абвясьцілі, але Цэнтравыбаркам некалькі дзён не даваў афіцыйныя лічбы. Тым ня менш да нас у выканкам паступіў загад зьняць бел-чырвона-белы сьцяг і пакуль наагул нічога не вывешваць. Але ў мяне ў сэйфе ляжалі восем бел-чырвона-белых сьцягоў. І кожную ноч мы ўздымалі гэты сьцяг над будынкам выканкаму. Удзень прыяжджалі пажарнікі і здымалі яго. А апошні раз яны зрэзалі і пажарную лесьвіцу, па якой мы ўзлазілі на дах выканкаму. Гэты дзень і стаў маім апошнім днём у гарвыканкаме Маладэчна.
Я вярнуўся ў каманду Карпенкі. Мы правялі пасьпяховую парлямэнцкую кампанію. Генадзя Дзьмітрыевіча абралі ня толькі дэпутатам. Ён стаў намесьнікам старшыні Вярхоўнага Савету.
Карпенка, я перакананы, мог бы выйграць наступныя прэзыдэнцкія выбары ў Лукашэнкі. Але адбылася трагедыя, інсульт. У гэтай справе ёсьць некаторыя нявысьветленыя рэчы».
Генадзь Дзьмітрыевіч Карпенка (17 верасьня 1949 — 6 красавіка 1999) — беларускі навуковец і палітык. Нарадзіўся ў Менску. У 1987 годзе стаў дырэктарам Маладэчанскага заводу парашковай мэталюргіі. У 1990 годзе абараніў доктарскую дысэртацыю па тэхналёгіі матэрыялаў. Зрабіў 50 вынаходак, укаранёных у 15 краінах. У 1994 годзе абраны членам-карэспандэнтам Акадэміі Навук Беларусі. Уганараваны Дзяржаўнай прэміяй.
У Вярхоўным Савеце 12 скліканьня кіраваў камісіяй па навуцы й навукова-тэхнічным прагрэсе. У 1992 годзе ўзначаліў Маладэчанскі гарвыканкам і за два гады зладзіў у горадзе эканамічныя рэформы, запачаткаваў музычны і тэатральны фэстывалі, стварыў футбольны клюб, карэнным чынам дэсаветызаваў гарадзкую тапаніміку.
У 1996 годзе Генадзь Карпенка, тагачасны намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, накіроўваў працэс імпічмэнту прэзыдэнта Лукашэнкі. У 1998 годзе ён стаў на чале Нацыянальнага выканаўчага камітэту (ценявога ўраду), створанага перад заканчэньнем легітымнага тэрміну кіраваньня Лукашэнкі. Генадзь Карпенка лічыўся лідэрам беларускай апазыцыі і верагодным кандыдатам ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах.
31 сакавіка 1999 году Генадзя Карпенку даставілі ў 9 менскі клінічны шпіталь з дыягназам «кровазьліцьцё ў мозг». 1 красавіка яму зрабілі апэрацыю па выдаленьні гематомы. Усе гэтыя дні ён знаходзіўся ў рэанімацыйным аддзяленьні шпіталя ў непрытомным стане. 6 красавіка Генадзь Карпенка памёр. Хвароба і сьмерць палітыка былі нечаканыя, бо перад гэтым ён ня скардзіўся на здароўе.