Служба бясьпекі Ўкраіны падазрае байкера Хірурга ў падтрымцы тэрарызму

Аляксандар Залдастанаў (Хірург)

Расейскі байкер Аляксандар Залдастанаў, вядомы таксама як Хірург, падазраецца ў фінансаваньні самаабвешчаных рэспублік Данбаса.

У прэс-рэлізе СБУ паведамляецца, што ў дачыненьні да Залдастанава распачата справа аб фінансаваньні тэрарызму.

СБУ сьцвярджае, што Залдастанаў, будучы лідэрам байк-клюба «Начныя ваўкі», прысвоіў сродкі, якія грамадзяне Ўкраіны, Расеі і іншых краін укладалі ў кампаніі Forex Trend і «Форекс трэнд», для інвэставаньня на міжнародных фінансавых рынках.

Паводле зьвестак СБУ, атрыманыя сродкі перакладаліся на рахункі сябраў байк-клюбу, пасля чаго частка грошай накіроўвалася на падтрымку баевікоў самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР».

Супрацоўнікі Службы Бясьпекі Ўкраіны падчас ператрусаў у прадстаўнікоў украінскіх офісаў кампаній канфіскавалі фінансава-гаспадарчую дакумэнтацыю, якая пацьвярджае правядзеньне ўгодаў, у тым ліку і з выкарыстаньнем расейскіх фінансавых інструмэнтаў. Праваахоўнікі выявілі кампутарную тэхніку з файламі, у якіх змяшчаецца інфармацыя пра незаконныя фінансавыя апэрацыяі, а таксама значную суму наяўных у расейскіх рублях і далярах ЗША і памятныя ўзнагароды ФСБ РФ: корцік і гадзіньнік.

Сьледчымі СБУ распачатая крымінальная справа па ч. 2 арт. 258-5 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны. Апэратыўна-сьледчыя дзеяньні працягваюцца.

Сам Залдастанаў гэтую інфармацыю пакуль не пракамэнтаваў.

Байкер Хірург уваходзіць у кіраўніцтва расейскага руху «Антымайдан». Раней паведамлялася, што некаторыя сябры байк-клюбу зьехалі ваяваць добраахвотнікамі на баку «ДНР» і «ЛНР».