У Беларусі разглядзяць папраўкі ў закон пра масавыя мерапрыемствы. Можа стаць толькі горш

Дзень Волі ў Менску, 25 сакавіка 2017 году, ілюстрацыйнае фота

Беларуская Палата прадстаўнікоў рыхтуе да першага чытаньня прапанаваныя Саветам міністраў папраўкі ў закон Аб масавых мерапрыемствах, якія фармальна зробяць яго больш «лібэральным», але могуць фактычна ўскладніць правядзеньне мітынгаў і сходаў, піша БелаПАН.

«Агулам законапраект уводзіць масу абмежаваньняў для арганізатараў і ўдзельнікаў, больш жорстка рэглямэнтуе дзейнасьць журналістаў, звужае для ўсіх субʼектаў прастору для манэўру», — піша агенцтва.

КДБ і аблвыканкамы, якія ўзгаднялі законапраект, мелі апасеньні наконт «паведамляльнага» прынцыпу арганізацыі масавых мерапрыемстваў (калі трэба не прасіць дазвол на мітынг, а проста паведамляць аб намерах яго правесьці), але Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых ініцыятываў, адказны за распрацоўку праекту, прызнаў гэтыя апасеньні «неабгрунтаванымі».

Спрошчаная працэдура арганізацыі мітынгаў (без узгадненьня) прадугледжваецца для ўдзельнікаў выбараў (але ня толькі ў час выбарчых кампаніяў) у «пастаянных месцах, вызначаных мясцовымі ўладамі». Такімі «пастаяннымі месцамі» ў Менску называюць парк Дружбы народаў (ля плошчы Бангалор), Кіеўскі сквэр (за кінатэатрам «Кіеў») і парк 50-годзьдзя Кастрычніка (за мэтро «Партызанская»), а мітынгі ля Акадэміі навук не павінны былі бы дазваляць праз блізкасьць мэтро. Але пры спрошчанай працэдуры заяўка на мерапрыемства прадугледжваецца такая жа, як і пры звычайнай.

Мітынгі па-за такімі месцамі (напрыклад, на Кастрычніцкай плошчы) па-ранейшаму прапануецца ўзгадняць з уладамі — а ўлады часта не ўзгадняюць «незвычайныя» месцы мітынгаў і маршруты шэсьцяў, прапануюць «традыцыйныя», а таксама прапануюць ня той час мерапрыемства, які хацелі заяўнікі.

Таксама законапраект мае «нормы, накіраваныя на ўрэгуляваньне працэдуры адкліканьня заяўкі аб правядзеньні масавага мерапрыемства» — адкліканьне «цягне спыненьне разгляду заявы і спыненьне арганізатарам падрыхтоўкі правядзеньня масавага мерапрыемства». Цяпер працэдуры адкліканьня заяўкі на мітынг проста няма.

Гэта можа значыць, што заяўнікі акцыяў ня змогуць «зьняць зь сябе адказнасьць» за мітынг, як тое хацелі зрабіць з акцыяй на Дзень Волі. Тады гарадзкія ўлады ў парушэньне законаў прынялі рашэньне па забароне акцыі толькі за дзень да яе, хоць мусілі адказаць за 5 дзён (суд ня лічыць гэта парушэньнем), і двойчы скасоўвалі сустрэчы з заяўнікамі.