Юрась Губарэвіч, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Уладзімер Някляеў, Віталь Рымашэўскі, Мікалай Статкевіч і Аляксей Янукевіч падпісалі супольную заяву дэмакратычных сілаў Беларусі адносна ўмоваў правядзеньня ў Беларусі парлямэнцкай кампаніі.
«Існуе небясьпека, што ўлады, адхіліўшы прапановы АБСЭ/БДІПЧ і не зрабіўшы рэальных крокаў па дэмакратызацыі і падвышэньні празрыстасьці выбарчага працэсу, прызначаць дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў грамадзян, якіх паспрабуюць выдаць за прадстаўнікоў апазыцыі. Для нас падобны падыход зьяўляецца абсалютна непрымальным, які толькі закансэрвуе сытуацыю адсутнасьці рэальных выбараў у Беларусі», — гаворыцца ў заяве.
Улады вымушаныя дэманстраваць жаданьне ўлічваць рэкамэндацыі АБСЭ. Аднак рэальныя крокі і абяцаныя зьмены ідуць уразрэз з рэкамэндацыямі міжнароднай супольнасьці і дэмакратычнай грамадзкасьці Беларусі.
«Галоўная і самая відавочная хіба выбарчага працэсу ў Беларусі — гэта непразрысты падлік галасоў», — кажуць аўтары заявы.
Яны прапанавалі ўключыць прадстаўнікоў партыяў і ўсіх кандыдатаў у склад выбаркамаў, публічна абвяшчаць выбар асобна па кожным выбарчым бюлетэні, даць рэальную магчымасьць назіральнікам назіраць за галасаваньнем, падлікам і падвядзеньнем вынікаў.
«Наступная агульнапрызнаная хіба выбараў — гэта маніпуляцыі ўладаў са сьпісамі выбарцаў. Нішто не перашкаджае стварыць агульнанацыянальны публічны рэестар выбарцаў з падзелам на акругі, зрабіць яго даступным у інтэрнэце і публічна вывешваць сьпісы выбарцаў на кожным выбарчым участку да поўнага сканчэньня галасаваньня. Назіральнікі павінны мець права азнаёміцца са зьместам сьпісаў выбаршчыкаў і атрымаць завераную копію пратаколу аб выніках», — гаворыцца ў заяве.
Таксама аўтары заявы зьвяртаюць увагу на яшчэ адну «найбольш відавочную загану выбарчага працэсу»:
«Гэта злоўжываньне працэдурай датэрміновага галасаваньня, якое павінна быць абмежаваным і насіць вынятковы характар толькі па адпаведным пісьмовым запыце».
Прадстаўнікі дэмсілаў мяркуюць, што пералічаныя неадкладныя захады дзеля празрыстасьці, справядлівасьці і дэмакратычнасьці выбараў у Беларусі Цэнтравыбаркам павінен прыняць у бліжэйшыя дні праз адпаведныя інструкцыі.
«Прывядзеньне ўсяго выбарчага заканадаўства Беларусі ў адпаведнасьць зь міжнароднымі дэмакратычнымі нормамі павінна быць зроблена з шырокім публічным удзелам АБСЭ/БДІПЧ, Вэнэцыянскай камісіі Рады Эўропы, а таксама і найперш дэмакратычных палітычных партыяў і НДА цягам бліжэйшых 12 месяцаў», — адзначаецца ў заяве.