З Паўла Вінаградава зьнялі прэвэнтыўны нагляд

Павал Вінаградаў, архіўнае фота

Суд Маскоўскага раёну Менску на паседжаньні 13 верасьня зьняў з актывіста Паўла Вінаградава прэвэнтыўны нагляд, усталяваны ў чэрвені, у сувязі са сканчэньнем тэрміну судзімасьці.

«З дадзенага моманту я больш не абавязаны знаходзіцца дома з 19:00, я магу спакойна пакідаць межы гораду і краіны, — кажа Свабодзе Вінаградаў. — Гэта адназначна дзіка станоўчы момант. Яшчэ важна, што цяпер я не абавязаны адчыняць дзьверы міліцыі, магу зь імі размаўляць празь дзьверы. А шчыра кажучы, больш ня зьменіцца нічога».

Павал Вінаградаў — своеасаблівы рэкардсмэн па «сутках»: ён правёў за кратамі больш за 200 сутак па адміністрацыйных справах і нават ажаніўся ў калёніі. Пасьля Плошчы-2010 яго асудзілі на 4 гады зьняволеньня, але вызвалілі ў верасьні 2011 году паводле ўказу аб памілаваньні. Пасьля вызваленьня за актывістам усталявалі прэвэнтыўны нагляд. Пакуль нагляд не зьнялі, ён год пражыў у мястэчку Беразіно. Наступным разам, перад парлямэнцкімі выбарамі-2016, нагляд усталявалі за тры адміністрацыйныя пратаколы.

Апошнім часам за палітычныя акцыі Вінаградаў атрымліваў толькі штрафы. За арганізацыю несанкцыянаванай акцыі «Дзякуй за нагляд» і ўдзел у ёй 26 чэрвеня яго аштрафавалі на 40 базавых велічыняў.