У адной з самых папулярных анлайн-гульняў сьвету, беларускай World of Tanks, загучала беларуская мова. Замест звыклага расейскага «К бою!» ці ангельскага «Let’s Battle» гульцы цяпер могуць пачуць беларускае «Да бою!», атрымаць званьні «Ваяр» ці «Выведнік», расейскаму «счастливчику» адпавядае «лёсік».
Раней у «танчыкі» ўжо можна было пагуляць па-беларуску, але пераклад быў неафіцыйны, фанацкі. Цяпер гаворка пра іншае, кажа Свабодзе Іван Жывіца, PR-мэнэджэр кампаніі Wargaming:
«Пераклад афіцыйны, ён цалкам новы, створаны намі. Там такія словы ёсьць цікавыя, якія ня ўсе прыгадаюць з базавай школы, таму, натуральна, працавалі спэцыялісты, мовазнаўцы. Усяго World of Tanks ёсьць на 39 мовах. Сёньня таксама выйшлі пераклады на ўкраінскую і казахскую, зрабілі шчасьлівымі проста ўсіх».
У World of Tanks па ўсім сьвеце гуляе каля ста мільёнаў чалавек, толькі зь Беларусі ў гульні больш за мільён рэгістрацыяў. «Танчыкі» і іншыя анлайн-гульні Wargaming распаўсюджваюцца бясплатна, але ў самой гульні можна купляць бонусы, якія, што праўда, не даюць непасрэдных перавагаў на полі бою. Праз такія «мікрапакупкі» кампанія добра зарабляе — дырэктар Wargaming Віктар Кіслы нядаўна стаў даляравым мільярдэрам.
Пакуль пераклад выйшаў толькі для аднаго «сьвету» Wargaming, але ў кампаніі ёсьць і іншыя гульні: авіяцыйная World of Warplanes, марская World of Warships, картачная World of Tanks: Generals, мабільная World of Tanks: Blitz і іншыя. У прыватнасьці, кампанія валодае правамі на некалі культавую сэрыю касьмічных стратэгіяў Master of Orion — сучасны працяг сэрыі ад беларускай кампаніі выйшаў у лютым 2016 году.
Дарэчы, World of Tanks — ня першая поўнафарматная гульня з афіцыйнай беларускай вэрсіяй. Ня так даўно ў продаж выйшла стратэгія «Легенды Айзэнвальда», створаная беларускай студыяй Aterdux Entertainment адразу на шасьці мовах, у тым ліку на беларускай.