«Прыкладаў, што няма доступу да вады, я асабіста ня ведаю ніводнага, — кажа спэцыяліст па ўстойлівым выкарыстаньні водных рэсурсаў Цэнтру экалягічных рашэньняў Натальля Парэчына. — Прынамсі ў вёсках, дзе жывуць людзі, вада ёсьць. Пытаньне ў тым, якой яна якасьці».
Каменка, Крычаўскі раён, Магілёўская вобласьць
У Каменцы, што ў Крычаўскім раёне, усяго 12 вяскоўцаў, калёнкі няма, а з калодзежаў вада сыходзіць. Людзі вінавацяць у гэтым новы цэмзавод. Зь яго ж два разы на тыдзень прывозяць у Каменку ваду.
«Для заводу ў свой час парабілі 38 сьвідравін, каб панізіць узровень грунтовых вод дзеля здабычы сыравіны, — кажа пра сытуацыю з вадой жыхар Каменкі Васіль Ялісаў. — Як пачалі адпампоўваць, дык вада пачала сыходзіць з нашых калодзежаў. У 2015 годзе абяцалі ў вёсцы зрабіць сьвідравіну для нашых патрэбаў, але дагэтуль ніхто гэтым не заняўся».
«Нам кажуць, што той вады, якую прывозяць, хапае, таму навошта калёнкі, — дапаўняе жонка суразмоўцы Людміла Паўлаўна. — Але як нам хапае? Цяпер лета. Людзі робяць закаткі. У каго гаспадарка, каму лазьню выцепліць. Тут жа няма дзе вады ўзяць. Ручай непадалёк быў, дык перасох. Як пажар, хто нас будзе ратаваць? Во так мы і жывём, нікому не патрэбныя».
Атрымаць камэнтар пра ўзьдзеяньне працы прадпрыемства на навакольнае асяродзьдзе не ўдалося.
У адным зь лістоў Ялісаву, датаваных 2013 годам, гаворыцца, што цэмзавод абавязаўся дзеля адсочваньня сытуацыі з грунтовымі водамі зрабіць сетку сьвідравін. У 2014 годзе вяскоўцу напісалі з райвыканкаму, што распрацоўваньне дакумэнтацыі на сьвідравіны прыпынена празь нястачу фінансаваньня.
Экспэрт Натальля Парэчына кажа, што ў Беларусі каля 40 тысяч калодзежаў. Паводле заканадаўства мясцовыя ўлады павінны забясьпечыць населены пункт крыніцай вады.
Міхеевічы, Крычаўскі раён, Магілёўская вобласьць
Тут вада ў калодзежах ёсьць, аднак жыхары пазьбягаюць яе піць, а выкарыстоўваюць толькі на гаспадарчыя патрэбы.
«Калі нехта пасьпеў набраць з калодзежа вады, то наступны мусіць чакаць, пакуль набяжыць. А піць дык ніхто не бярэцца», — казалі жыхары Міхеевічаў пра ваду ў сваіх калодзежах.
«Вада якасьцю кепская, але цяпер там вядуцца працы...» — сказалі ў раённай санэпідэмстанцыі.
Для паселішча пад 200 чалавек зробленыя дзьве калёнкі. Але якасьцю вады ў іх людзі не задаволеныя.
Грамадзкі сайт «Водны кантроль» зьмяшчае вынікі тэстаў вады ў калодзежах па ўсёй Беларусі (усяго каля 3 000 крыніц).
На сайце ёсьць дадзеныя па 7 калодзежах зь вёскі Міхеевічы. Перавышэньне па ўтрыманьні нітратаў у некаторых зь іх — у два разы (100 мг/л пры дазволеных 45).
Падвышаная колькасьць нітратаў у пітной вадзе — найбольш актуальная праблема ў Беларусі. Яе, па словах Натальлі Парэчынай, прызнае і Мінздароўя, і прэзыдэнт.
Натальля Парэчына: «Калодзежы, крыніцы, калёнкі — тут, на жаль, даволі часта назіраецца падвышаная канцэнтрацыя нітратаў. Паводле нашых зьвестак, больш за палову калодзежаў утрымліваюць нітраты ў той ці іншай ступені. І гэта праблема».
Нітраты, якія трапляюць у глебу з угнаеньнямі, можна знайсьці ў вадзе толькі праз адпаведныя тэсты.
«Мы ня можам пачуць іх ні на смак, ні па паху, — кажа экспэрт. — Нітраты вельмі шкодна ўплываюць на здароўе людзей і малых дзяцей, ва ўзросьце да 3 гадоў асабліва. Навукова даказаны факт, што нітраты выклікаюць такое захворваньне, як мэтгемаглябінэмія (клеткі крыві ня здольныя пераносіць кісларод). У арганізьме чалавека нітраты пераходзяць у яшчэ больш шкодныя рэчывы, так званыя нітразаміны. А яны — канцэрагенны фактар для чалавека».
«Мэдыцынская статыстыка пацьвярджае, што ў месцах, дзе ў пітной вадзе ўтрымліваюцца нітраты і рэшткі пэстыцыдаў, здароўе дзяцей значна горшае», — заключае Натальля Парэчына.
Кабакі, Бярэзінскі раён, Берасьцейская вобласьць
Тут людзі скардзяцца на мутную, сьмярдзючую ваду з водаправоду. Некаторыя кажуць, што па ваду вымушаныя езьдзіць на фэрму каля суседняй вёскі.
Your browser doesn’t support HTML5
Яшчэ год таму мясцовыя жыхары зьбіралі подпісы, каб пабудавалі ачышчальную станцыю ў Кабаках, гразілі нават байкотам выбараў.
Аднак чыноўнікі сказалі, што сродкаў на гэта няма і што будаўніцтва станцыі будзе ўключанае ў плян на 2020 год.
Хто мае сродкі, ставяць фільтры, большасьць жа або кіпяцяць ваду, або езьдзяць па лепшую ваду на фэрму каля суседняй вёскі:
«Паставіш бутэльку вады ў лядоўню, каб халоднай папіць. На раніцу яна ўвогуле робіцца іржавая-іржавая. Слоік чырвоны становіцца ад гэтай вады. Так і п’ем. А што рабіць, дзе падзецца?» — кажа мужчына каля крамы.
«Яшчэ адна праблема, распаўсюджаная ў Беларусі, — утрыманьне жалеза ў пітной вадзе, — кажа Парэчына. — Нітраты бываюць у вадзе паверхневай, а жалеза часта ўтрымліваецца і ў артэзіянскай вадзе. У нас такі склад глебаў, што жалезістая вада вельмі распаўсюджаная. Але ўтрыманьне жалеза ў пітной вадзе не нясе такіх рэзкіх праблем, як утрыманьне нітратаў. Жалеза лёгка працэджваецца празь фільтар».
Натальля кажа, што ў рамках праграмы «Чыстая вада» ў розных рэгіёнах Беларусі будуюць станцыі абезжалезьваньня.
«Яны добра дапамагаюць, шкада, што ня ўсюды ёсьць, — працягвае экспэрт. — Тут нашы ўлады стараюцца і нешта робяць. А вось у пытаньні зь нітратамі хутчэй замоўчваюць праблему, чым яе вырашаюць».
«Нітраты мы ня можам убачыць на свае вочы, у адрозьненьне ад жалеза, якое ўсе бачаць, усе скардзяцца. Але праблем са здароўем ад жалеза практычна няма. А вось праблем ад нітратаў вельмі-вельмі шмат», — кажа Натальля Парэчына.
На сайце «Водны кантроль» ёсьць вынікі тэставаньня вады са сьвідравіны ў Кабаках, і там яна чыстая. Калі забіраць ваду з глыбокіх крыніцаў, гэта гарантуе, што яна будзе якасная.
«Існуе кругаварот вады ў прыродзе. Раней ці пазьней забруджаная нітратамі вада ці самі нітраты могуць пратачыцца ў глыбейшыя гарызонты глебы і трапіць у грунтовыя воды, — тлумачыць Натальля Парэчына. — Калі мы згадаем, як у нас звычайна робяцца калодзежы, то гэта глыбіня 5—7—10 мэтраў, да першай вады. Часьцей за ўсё ніхто ня думае пра тое, што менавіта паверхневыя гарызонты вады, так званая верхаводка, найбольш забруджаныя. Бо ўсё тое, што ў нас ёсьць на паверхні глебы, з ападкаў праточваецца ўглыб.
Адзінае выйсьце — сьвідравіна глыбінёй 100 мэтраў, артэзіянская вада, абсалютна чыстыя воды, якія можна гарантавана піць і яны не забруджаныя».
Па словах Парэчынай, у нашы калодзежы «на 99,99% трапляюць паверхневыя воды».
Да жыхароў, якія маюць цэнтралізаванае водазабесьпячэньне, актуальная праблема паўторнага забруджваньня пітной вады, кажа экспэрт.
«Першапачаткова вада ў трубы трапляе абсалютна чыстая, добрая і якасная. Але шмат у якіх месцах трубы маюць узрост 20–30 гадоў, а можа і болей. Яны робяцца непрыдатнымі, і якасьць саміх трубаў не адпавядае патрабаваньням, якія ёсьць ва ўсіх краінах сьвету», — тлумачыць Натальля Парэчына.
Суйкава, Віцебская вобласьць
Гаспадыня практычна сухой студні Алена Янушкоўская — адна з самых актыўных жыхарак вёскі, якія ўжо 10 год змагаюцца за водаправод у Суйкаве.
— Сацыяльныя стандарты — гэта толькі на паперы. Для нас нічога няма, мы нібыта і ня людзі... Магу расказаць, як мы здабываем пітную ваду: езьдзім з плястыкавымі бутэлькамі ды каністрамі да сваіх гарадзкіх знаёмых. Пакідаем ім грошы за лішнія спажытыя літры. Яшчэ адзін варыянт — купляць ваду ў краме, таксама ў Віцебску. Іншых варыянтаў няма. Мы пішам і пішам скаргі, і адусюль адзін адказ: «Пацярпіце».
У Суйкаве 5 вуліц, гэта 113 падворкаў — але водаправод падведзены толькі да 35-ці. Гэта значыць, што кожны гаспадар за ўласныя сродкі павінен зрабіць неабходныя дакумэнты і «падлучыцца да цывілізацыі».
У 2015 годзе будаўніцтва водаправоду зрушылася зь месца і замерла, і незавершаны аб’ект «перацёк» у Інвэстыцыйную праграму Віцебскай вобласьці на 2016 год. Праўда, і гэта не ўратавала: вяскоўцам абяцалі аднавіць будаўніцтва ў 3 квартале 2017-га.
На дзьвюх вуліцах зь пяці ёсьць водаразборныя калёнкі. Усяго іх 5 на вёску. Вяскоўцы кажуць, што дзьве зь іх не працуюць.
Шматдзетная маці Тацяна Макарава, каб напаіць жывёлу, кожныя два дні ладзіць цэлую экспэдыцыю. Сын чапляе да матаблёку прычэп, грузіць пустыя каністры і едзе да калёнкі за кілямэтар.
Гэта вымагае шмат часу і сіл, кажа спадарыня Тацяна:
— Так што ўвесь час зьбіраем дажджавую ваду. Мы адмыслова пераехалі ў вёску з гораду ў 2010 годзе. Муж працуе ў Віцебску, але мы спадзяваліся, што на сьвежым паветры будзе лепей нашым дзецям, іх у нас шасьцёра, адно дзіця — інвалід. Уявіце, якая гэта праблема: як памыцца, памыць бялізну, напаіць дзьве каровы, курэй і качак, прыгатаваць есьці... Молімся на неба, як паганцы: дожджык, прыйдзі! Тады хоць агарод паліваць ня трэба.
Надзея Карапузава дэманструе тоўсты стос папераў — ліставаньне вяскоўцаў з уладамі:
— Спачатку зьвярталіся індывідуальна, потым калектыўна. Пісалі паўсюль: ад райвыканкаму да абласных уладаў. Які вынік? Калі скласьці даўжыню ўсіх вуліц, атрымаецца каля 5 км. Дамагліся, што часткова праклалі трубы на вуліцы Полацкай — недзе з кілямэтар, і трошкі — на вуліцы Камуністычнай. Такім чынам, падлучыцца да водаправоду мае магчымасьць толькі траціна падворкаў. Мы атрымліваем адказы, што грошай няма і што працы па пракладаньні водаправоду зноў і зноў адтэрмінаваныя. Вось адказ на апошні зварот: працы па пракладаньні водаправоду адновяцца ў трэцім квартале 2017 году. Ён ужо пачаўся, а ніякіх зрухаў няма. Прасілі, каб Суйкава ўключылі ў абласную праграму «Чыстая вада». Але нават гэтага не дапрасіліся«.
Людзей дужа хвалюе такая акалічнасьць: тэрыторыя каля Суйкава вызначаная пад катэджную забудову. І якраз там у зямлю ўжо ўкапалі трубы, назваўшы гэта «запасным водаправодам» для вяскоўцаў. Вяскоўцы не разумеюць, навошта «запасны», калі няма асноўнага, і абураюцца, што ў чыстым полі «пахавалі» грошы, якіх нібыта няма на вясковы водаправод.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, зьвяртае ўвагу экспэрт Натальля Парэчына, у Беларусі каля 24 працэнтаў сельскага насельніцтва. Ня ўсе яны карыстаюцца калодзежамі ці сьвідравінамі. Але ўлетку шмат людзей выяжджаюць «на вёску».
«І пра іх таксама трэба клапаціцца, — кажа Натальля, падкрэсьліваючы, што праблема ўтрыманьня нітратаў у вадзе — «ня толькі беларуская, а актуальная для ўсяго сьвету».
«У адпаведнасьці з нашым заканадаўствам карыстаньне вадой суправаджае закон „Аб пітным водазабесьпячэньні“, — кажа Натальля Парэчына. — Мясцовыя ўлады павінны забясьпечыць жыхароў сельскай мясцовасьці крыніцай чыстай вады. Гэта можа быць грамадзкі калодзеж, сьвідравіна. Калодзежы на падворку — прыватныя, і мясцовыя ўлады за іх адказнасьці не нясуць».
Таму, кажа Парэчына, людзі павінны ведаць свае правы і ўмець афармляць запыты ў адказныя дзяржаўныя структуры.