Гадзіньнік Мясьніковіча ў 185 разоў даражэйшы за гадзіньнік Абамы

Гадзіньнік прэм’ер-міністра Мясьніковіча каштуе 37 тысяч даляраў. Беларускія блогеры сфатаграфавалі чыноўніка з дарагім упрыгожаньнем на менскім інвэстыцыйным форуме.
Як паведаміў блогер Віктар Малішэўскі, швайцарскі Girard-Perregaux Vintage 1945. Калібр GP 3300, ружовае золата. Калекцыя 2011 году, цана ў Менску — 317 796 800 рублёў.

Гэта ўдвая даражэй за гадзіньнік Patek Philippe Calatrava 5120j, які належыць Аляксандру Лукашэнку.

Які гадзіньнік можа дазволіць сабе беларускі чыноўнік?

Былы кіраўнік БССР Станіслаў Шушкевіч лічыць, што кошт гадзіньніка чыноўніка не павінен перавышаць 500 даляраў: «Я хоць і адмоўна стаўлюся да Барака Абамы, але гэта адзіны пункт, па якім я яго цалкам падтрымліваю — у яго даволі танны гадзіньнік. Аднак сам я маю даражэйшы гадзіньнік, ён у 1992 годзе каштаваў дзесьці 2000 даляраў. Праўда, атрымаў я яго ў падарунак ад прэзыдэнта Швайцарыі. Сам бы, вядома, ня змог такі сабе дазволіць».

Былы міністар працы Аляксандар Сасноў: «У кожнага ёсьць свае звычкі, з гэтым нічога не паробіш. Міхаіл Мясьніковіч яшчэ 20 гадоў таму назад любіў дарагія рэчы, апранаўся так, што зь ім не маглі зраўнацца іншыя чыноўнікі. Відаць, з гадамі цяга да дарагой моды ня зьнікла, а толькі ўзмацнілася. Я лічу, што любы гадзіньнік, які паказвае дакладны час, можа годна глядзецца на руцэ чыноўніка. І, вядома, чыноўнік павінен насіць такі гадзіньнік, які дзяржава можа дазволіць яму. Зразумела, што Беларусь ня можа дазволіць нікому гадзіньнік за 37 тысяч даляраў».

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь Мечыслаў Грыб лічыць гадзіньнік Мясьніковіча непрыстойным: «Публічная асоба павінна ўлічваць ня толькі свой пэрсанальны ўзровень даходаў, але і стан іншых грамадзянаў, сярэднюю заработную плату, напрыклад. І такі вялізны кошт рэчы будзе падкрэсьліваць прорву паміж чыноўнікам і звычайнымі людзьмі, што будзе не на карысьць чыноўніку. Проста выклікае абурэньне, адкуль Мясьніковіч бярэ такія грошы. І на ім жа не адзін толькі гадзіньнік: можна ўявіць, колькі каштуе яго строй, яго аўто, яго тэлефон».